Кіраўнік МЗС Ізраіля Ісраэль Кац абвясціў прэзідэнта Бразіліі persona non grata, бо той параўнаў вайну ў сектары Газа з Халакостам, паведамляе ізраільскае выданне «Дэталі».
19 лютага міністр замежных справаў Ізраіля Ісраэль Кац зрабіў заяву перад гутаркай з вымовай, якую ён правёў у мемарыяльным комплексе «Яд Вашэм» з амбасадарам Бразіліі ў Ізраілі ў сувязі з выказваннямі прэзідэнта Луіса Інасіу Лулы да Сілвы.
«Я прывёў вас у месца, якое сведчыць больш, чым што-небудзь яшчэ, пра нацыстаў, што забілі 6 мільёнаў габрэйскага народа. Параўнанне, якое зрабіў прэзідэнт Бразіліі паміж справядлівай вайной Ізраіля супраць ХАМАСа і актам знішчэння габрэяў нацыстамі і Гітлерам, — ганьба і сур’ёзная антысеміцкая нападка», — сказаў Кац.
«Я хацеў бы перадаць прэзідэнту, што мы не даруем яму і што ён будзе персонай нон грата ў Ізраілі, пакуль не адмовіцца ад сваіх словаў і не папросіць прабачэння», — дадаў ён.
Прэзідэнт Бразіліі Лула да Сілва на прэс-канферэнцыі ў мінулую нядзелю заявіў, што ваенная аперацыя Ізраіля супраць тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС нагадвае яму Халакост.
«Тое, што адбываецца з палестынскім народам у сектары Газа, не здаралася ні ў адзін іншы перыяд гісторыі. Дакладней, такое было, калі Гітлер вырашыў забіць габрэяў», — сказаў ён.
Аперацыя ЦАХАЛ супраць баевікоў у сектары Газа пачалася пасля таго, як тэрарысты ХАМАС 7 кастрычніка мінулага года ўварваліся на тэрыторыю краіны і ўчынілі масавую разню — яны забілі больш за 1200 чалавек і выкралі каля 250.
Пасля заявы прэзідэнта Міністэрства замежных справаў Ізраіля выклікала амбасадара Бразіліі, які знаходзіцца ў краіне. Пры гэтым прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху назваў словы бразільскага прэзідэнта «ганебнымі і сур’ёзнымі».
Міністр абароны Ізраіля Ёаў Галант назваў выказванне прэзідэнта Бразіліі «абуральным і агідным», а прэзідэнт Ізраіля Ісаак Герцаг заявіў пра «амаральнае скажэнне гісторыі».
Лула да Сілва таксама абвясціў, што яго краіна павялічыць выплаты блізкаўсходняму агенцтву ААН для дапамогі палестынскім уцекачам (UNRWA). Паводле звестак ізраільскай разведкі, як мінімум 12 супрацоўнікаў UNRWA датычныя да ўварвання 7 кастрычніка мінулага года.