«Ці дае вам нешта надзею, што вайна скончыцца сёлета?» — спытала ў прэзідэнта Украіны падчас інтэрв'ю журналістка нямецкага тэлеканала ARD.
— Трэба верыць у сябе, верыць у народ, ва Украіну, верыць у партнёраў і верыць у мір. Бо любая вайна сканчаецца. Я лічу, што мы знаходзімся ў вельмі складаным моманце, але можна і геапалітычна, і фінансава спыніць Расію. Усё ж такі можна іх спыніць з гэтай вайной, не дапусціць разбурэння Украіны, не дапусціць знішчэння нашай нацыі, не дапусціць глабальнай міграцыі. Не дапусціць трэцяй сусветнай вайны, мне так здаецца, — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны таксама сказаў, што не верыць у тое, што ў выпадку абрання прэзідэнтам Трампа ЗША перастануць дапамагаць Украіне.
— Па-першае, я веру, што гэтага не адбудзецца. Што не застанецца адна Еўропа. І тут пытанне комплекснае. Першае: Еўропа адна не справіцца — на тым узроўні, на якім Украіна атрымлівала да гэтага падтрымку: ні зброяй, ні фінансава. Чаму? Таму што, напэўна, нават калі б уся Еўропа аб’ядналася, яна змагла б даць дастатковую падтрымку Украіне, але Злучаныя Штаты маюць уплыў. І калі сігналы не вельмі пазітыўныя — яны маюць такі ж уплыў на некаторых лідараў Еўропы, — адзначыў Зяленскі.
У выніку ў адзіноце застанецца і Еўропа.
— Другое, я думаю, што страціцца саюз паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Еўропай. Трэцяе, Еўропа сама зразумее, што гэта сігнал, што калі Украіна не вытрымае і Пуцін пойдзе наперад. І гэта сігнал Злучаных Штатаў, што Еўропа застанецца ў адзіночку (сярод) NATO. Хто будзе супрацьстаяць Расіі? То-бок гэта будзе сур’ёзная пагроза, Пуцін гэтым скарыстаецца 100%.
Нагадаем, Кангрэс ЗША дагэтуль не ўзгадніў прапанову прэзідэнта Байдэна пра вылучэнне 61 млрд даляраў на дапамогу Украіне.