У нядзелю жыхары Вашынгтона былі спалоханыя, пачуўшы гучны гук, падобны да выбуху, ад якога трэсліся сцены. Як высветлілася, гэта знішчальнікі F-16 перасеклі гукавы бар’ер у пагоні за невялікім прыватным самалётам, што парушыў паветраную прастору амерыканскай сталіцы. Пасля ён разбіўся, паведамляе Reuters.
Cessna Citation, лёгкі самалёт ёмістасцю да 12 пасажыраў, вылецела з невялікага аэрапорта Элізабетан у Тэнэсі і ляцела ў аэрапорт Лонг-Айлэнд Макартур у Нью-Ёрку, які знаходзіцца за 80 км на ўсход ад Манхэтэна. Але дасягнуўшы Нью-Ёрка, самалёт развярнуўся амаль на 80 градусаў. Гэта было відаць на сэрвісе Flightradar.
Пілот не рэагаваў на паведамленні дыспетчара, таму давялося падняць знішчальнікі. Як тлумачыць Паўночнаамерыканскае камандаванне паветрана-касмічнай абароны (NORAD), іх самалётам дазволена лётаць на звышгукавых хуткасцях. Гукавы ўдар чулі нават у Паўночнай Вірджыніі і Мэрылэндзе.
Вайскоўцы спрабавалі звязацца з бортам, а таксама выкарыстоўвалі сігнальныя ракеты, але не атрымалі ніякага адказу да самага канца, пакуль самалёт не пацярпеў крушэнне ў гарах каля нацыянальнага парку Джорджа Вашынгтона ў Вірджыніі.
Паводле крыніцы Reuters, Cessna ляцела на аўтапілоце. Суразмоўца агенцтва сярод прадстаўнікоў улады паведаміў, што знішчальнікі не былі прычынай крушэння самалёта.
Як паведаміла паліцыя штата, праз некалькі гадзін на месца крушэння прыбылі ратавальныя службы, але выжылых не знайшлі. Паводле звестак яшчэ адной крыніцы Reuters, на борце былі чатыры чалавекі.
Самалёт быў зарэгістраваны на фірму Encore Motors з Мельбурна. Washington Post звязалася з яе ўладальнікам Джонам Румпелем. Ён расказаў, што на борце былі яго дачка, унук і яго нянька.
Федэральная авіяцыйная адміністрацыя ЗША (FAA) паведаміла, што Нацыянальная рада бяспекі на транспарце правядзе расследаванне трагедыі.