Старшыня Камітэта Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБА) Літвы Лаўрынас Кашчунас ініцыюе папраўкі ў законы, якія забароняць грамадзянам Расіі і Беларусі ў Літве мець зброю, піша DELFI.
Кашчунас упэўнены, што гэта неабходна для таго, каб у выпадку беспарадкаў у Літве не ствараліся дыверсійныя групоўкі.
«Для таго каб перакрыць любыя магчымасці для ўтварэння розных груп, якія спрыяюць варожым дзяржавам і іх дзейнасці — то-бок грамадзяне варожай замежнай дзяржавы, якія пражываюць тут, могуць узяцца за зброю для абароны інтарэсаў сваёй краіны паходжання з прычыны ідэалагічнай прыхільнасці або грамадзянскай лаяльнасці ў крытычных выпадках — так што дарэчы забараніць грамадзянам краін, якія пастаянна пражываюць у Літве і якія не адпавядаюць крытэрам еўрапейскай і трансатлантычнай інтэграцыі, набываць зброю і валодаць ёю», — сказаў ён.
Паводле дадзеных кіраўніка Камітэта, у цяперашні час у Літве пражываюць 294 грамадзяніны Расіі і 46 грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на захоўванне або нашэнне зброі.
Калі прапанаваныя Кашчунасам папраўкі будуць прынятыя, то беларусам і расіянам у Літве будзе забаронена купляць і захоўваць зброю. Тыя, у каго ўжо ёсць зброя, павінныя будуць цягам года пасля ўступлення закона ў сілу адмовіцца ад яе — прадаць, перарабіць або здаць у паліцыю, а ў адваротным выпадку зброя будзе канфіскаваная. Дазволы на захоўванне або нашэнне зброі будуць ануляваныя.
Нагадаем, раней у Эстоніі ўрад ухваліў папраўкі ў закон аб зброі, якія забараняюць валодаць зброяй людзям, што жывуць у Эстоніі і з’яўляюцца грамадзянамі Расіі, Беларусі і іншых краін, якія не ўваходзяць у ЕС і NATO.