Уявіце: пасля працы вы зайшлі ў краму, выбралі патрэбныя прадукты і скіраваліся да выхаду, а там у адзіную адкрытую касу сабралася чарга, супастаўная даўжынёй з той, што бывае ў перадсвяточныя дні. Якую колькасць касаў рэгламентуе закон? Чаму ў крамах утвараюцца чэргі і як гандлёвыя пункты спрабуюць з імі справіцца? Што можа зрабіць незадаволены пакупнік? Вось адказы на гэтыя пытанні.
У падобную сітуацыю днямі трапіў беларус. Ён расказаў, як у будні дзень прыйшоў па пакупкі ў мінскую краму «Дыяніс» на вуліцы Русіянава, 7.
«Мінск, крама „Дыяніс“ ва Уруччы. Не самая дробная крама ў не самым маланаселеным раёне, аўторак, час у раёне 15.00. Працуе адна каса з дзесяці абсталяваных», — расказвае мужчына і адзначае, што гэта не адзінкавы выпадак.
На відэа відаць шэсць касаў з таблічкамі «Выбачайце, каса не працуе», адна чарга мінімум з пяці чалавек, пры гэтым з відэа не зразумела, колькі менавіта касаў не працуе ў момант здымкі.
«Увесь час тут такое!» — чуваць абурэнне чытача на запісе. Ён пакінуў заўвагу ў кнізе скаргаў і прапановаў крамы — пра гэта стала вядома ўжо падчас размовы з кіраўніцтвам гандлёвага аб’екта.
Як закон рэгулюе колькасць касаў
Пракаментаваў спрэчную сітуацыю юрыст па правах спажыўцоў Іван Райкевіч. Аказваецца, нарматываў фармату «на X „квадратаў“ гандлёвай плошчы мусіць быць Y касаў» у законах не зафіксавана.
— Заканадаўства не ўтрымлівае патрабаванняў адносна мінімальнай колькасці дзейных касаў у аб’ектах гандлю. Толькі пункт 5 правілаў продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання паказвае на тое, што пакупнікі абслугоўваюцца ў адпаведнасці з акрэсленым прадаўцом рэжымам працы, — адзначае Іван Райкевіч.
У заканадаўстве гаворыцца, што забараняецца спыняць доступ пакупнікоў у гандлёвую залу ў сувязі з набліжэннем часу, калі заканчваецца праца гандлёвага аб’екта. Прадавец можа папярэдзіць пакупнікоў пра тое, што час працы гандлёвага аб’екта заканчваецца, за 10 хвілін да закрыцця. Пры гэтым усе пакупнікі, якія знаходзяцца ў гандлёвым аб’екце ці аб’екце грамадскага харчавання ў момант заканчэння іх працы, мусяць быць абслужаныя. Праца касавых апаратаў, праграмных касаў прадаўца спыняецца пасля заканчэння разліку з апошнім пакупніком.
Таксама аб’ект грамадскага харчавання паводле закона можа перастаць пускаць пакупнікоў за 30 хвілін да закрыцця.
— Іншымі словамі, права акрэсліваць колькасць дзейных касаў належыць кіраўніку гандлёвага аб’екта. Пры гэтым давайце не забываць, што бізнес мусіць быць максімальна арыентаваны на спажыўца, а ў выпадку, калі гэтага не адбываецца, заўсёды можна выказаць сваю незадаволенасць, пакінуўшы прэтэнзію, патрабаванне ці сваё меркаванне адносна працы бізнесу ў кнізе заўваг і прапановаў. Ваш зварот будзе разгледжаны, пасля чаго ў ваш адрас будзе скіраваны адказ — у тэрміны і ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.
Што адказалі ў краме
Паводле Святланы, рэгіянальнай кіраўніцы сеткі «Дыяніс», у краме ведаюць пра скаргу пакупніка. Пасля яе атрымання яны вывучылі відэа са сваіх камер назірання, дзе ўбачылі, што ў той дзень у інтэрвале з 14.30 да 15.30 працавалі чатыры агульныя касы з дзесяці усталяваных, шэсць касаў самаабслугоўвання і адна тытунёвая каса.
Святлана расказвае, што 15 гадзін у будні — гэта яшчэ не гадзіна пік, максімальную нагрузку яны назіраюць у інтэрвалах з 12 да 14 і з 17 да 19. Таксама, паводле суразмоўніцы, рэгламенту наконт таго, колькі касаў мусіць быць адкрыта ў краме, у сетцы «Дыяніс» няма (і ў іншых гандлёвых сетках, з яе досведу, гэтак жа). Тое, колькі касаў у краме адкрыта, залежыць ад патоку пакупнікоў: калі ён робіцца высокім, касіры адкрываюць свабодныя, каб зменшыць чаргу. Нягледзячы на тое, што рэгламенту няма, існуюць сеткавыя стандарты абслугоўвання, якія загадваюць сачыць за тым, каб у чарзе не было больш за пяць чалавек.
Паводле Святланы, яшчэ адзін спосаб зменшыць чэргі — гэта касы самаабслугоўвання. У краме на Русіянава такіх шэсць, яны стаяць нядаўна, і кліенты пакуль не прынялі новаўвядзення. Прычым, паводле статыстыкі рытэйлера, у тым гандлёвым пункце карткамі разлічваецца 65% пакупнікоў.
Як адзначае кіраўніца, праблема насамрэч глыбейшая — у недахопе персаналу. Патрэбныя супрацоўнікі рознага профілю — ад прыбіральшчыкаў да загадчыкаў крамаў. Напрыклад, у іх ёсць аб’ект, дзе не хапае 55% персаналу. І гэтая праблема агульная для галіны. Усё ідзе да таго, што электронных касаў будзе больш, а прадаўцоў у крамах — менш.