Папраўчую калонію № 3 яшчэ нядаўна называлі элітнай: у «Віцьбу» траплялі асуджаныя чыноўнікі, сілавікі і бізнесоўцы. Цяпер, паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», у гэтай калоніі знаходзіцца як мінімум 95 палітвязняў. «Люстэрка» паразмаўляла з былым вязнем «Віцьбы». Ён стаў сведкам мноства парушэнняў, «невялікага бунту» праз пельмені, жорсткага пакарання за спробу дамовіцца, расказаў пра лісты падтрымкі, якімі «растапілі печку», і пастаянныя патрабаванні напісаць прашэнне пра памілаванне (у яго выпадку — беспаспяховыя).
Андрэй — былы палітвязень, адбываў тэрмін у ПК № 3. З меркаванняў бяспекі мы змянілі імя суразмоўцы і некаторыя дэталі гісторыі. У рэдакцыі ёсць поўныя звесткі.
Сам Андрэй вызваліўся і пакінуў Беларусь. Аднак за час у няволі яго здароўе сур’ёзна пагоршылася. Цяпер мужчына і яго сям’я маюць патрэбу ў падтрымцы на перыяд адаптацыі ў новай краіне. Падтрымаць Андрэя можна праз збор на платформе BYSOL па спасылцы.
«У адміністрацыі адразу была каманда нас „адстрэліць“»
Звычайна ў пачатку тэрміну зняволеныя трапляюць у каранцін, там яны сядзяць некалькі тыдняў, перш чым адправіцца ў атрад. У большасці палітычных цяжкасці пачыналіся ўжо ў каранціне.
— Мы прыехалі, у адміністрацыі адразу была каманда нас «адстрэліць» (злавіць на парушэнні і пакараць. — Заўв. рэд.). І мы ехалі на ШІЗА, — кажа Андрэй.
Паводле правілаў унутранага распарадку (ПУР) зняволены трапляе ў ШІЗА пасля чатырох парушэнняў. Але палітычных маглі туды адправіць ужо пасля першага.
Былы зняволены прыводзіць прыклады такіх парушэнняў: няправільна склаў спіс асабістых рэчаў, не павітаўся з супрацоўнікам адміністрацыі, не зашпіліў верхні гузік на вопратцы, не прыйшоў своечасова на зарадку. Пры гэтым на старце нейкіх правілаў не агучваюць, зняволеныя даведваюцца пра іх ужо пасля парушэння.
Андрэй успамінае выпадак, калі да палітвязня прыйшлі з ужо выпісаным дакументам пра парушэнне і патлумачылі: ён не павітаўся тры тыдні таму.
— «У сэнсе тры тыдні таму? А чаго толькі цяпер прыйшлі?» — «Ну вось успомнілі і прыйшлі», — апісвае дыялог суразмоўца. — То-бок яго не маглі «адстрэліць» ні за выгляд, ні за пад’ём. І ў выніку проста прыйшлі і сказалі: вось тры тыдні таму ты не павітаўся з прадстаўніком адміністрацыі, таму табе парушэнне, зараз пойдзеш у ШІЗА.
«Пачалі даваць парушэнні за тое, што падчас сну і адпачынку яны не спяць»
Пад’ём у каранціне — у 5.30, раней, чым у астатняй калоніі. Далей паводле правілаў ёсць пяць хвілін, каб апрануцца і выйсці ва ўнутраны дворык на зарадку. Зарадка — «як у савецкім лагеры», голас з дынамікаў кажа, якія практыкаванні трэба рабіць.
— Калі трэба чалавека «адстрэліць», то каманда «на зарадку станавіся» падаецца значна раней — не праз пяць хвілін, а хвіліны праз тры, — успамінае Андрэй. — І ўсё, ты спазніўся. Спазніліся яшчэ некалькі чалавек, але парушэнне дадуць менавіта табе.
Некаторыя зняволеныя, ведаючы пра такую пастку, пачалі падымацца яшчэ раней, напрыклад, у 5.15. Загадзя апраналіся і чакалі.
— Хлопцам пачалі даваць парушэнні за тое, што падчас сну і адпачынку яны не спяць. Потым сталі спрабаваць аператыўней апранацца. А там «загадчык гаспадаркі» (зняволены, які супрацоўнічаў з адміністрацыяй), ён проста спыняў з нейкім пытаннем. І ты, атрымліваецца, не паспяваеш на зарадку. Тут акурат падымаюцца кантралёры: «О, ты спазніўся на зарадку!»
Спрачацца ў такой сітуацыі няма сэнсу, кажа Андрэй.
— Калі ёсць «заказ», ты ў любым выпадку паедзеш у ШІЗА. Будзеш спрачацца — магчыма, 10 суткамі для цябе гэта не скончыцца. Будуць дадаваць, дадаваць і дадаваць.
За чатыры падаўжэнні «сутак» зняволены атрымліваў статус «злоснага парушальніка рэжыму». На «злосніка» накладаліся дадатковыя абмежаванні, напрыклад, змяншэнне атаваркі да дзвюх базавых велічынь.
«Глядзі ў столь, глядзі ў сцяну — што хочаш рабі»
У ШІЗА вельмі холадна, асабліва вясной і восенню, калі не працуе ацяпленне. Нельга ўзяць з сабой цёплыя рэчы. З адзення — толькі бялізна, сінтэтычныя штаны і тонкі «кліфт» (падабенства пінжака).
— З сабой туды ты можаш узяць мыла, туалетную паперу, зубную шчотку, пасту і ручнікі. Усё, больш нічога ў цябе ў камеры няма. Глядзі ў столь, глядзі ў сцяну — што хочаш рабі.
У камеры можа знаходзіцца некалькі чалавек, але Андрэй увесь час быў адзін. Нават мыўся адзін — лічыць, што так рабілі, каб ён ні з кім не меў зносінаў і каб гэта было як мага цяжэй псіхалагічна.
— Асабіста мне там было нескладана. Наадварот, спакойна, можна думкі ў парадак сабраць, — кажа ён. — Не ведаю, калі б я быў, як Максім [Знак], цэлы год адзін — можа, гэта б неяк адбілася на маім псіхічным здароўі.
Аднаму са зняволеных у ШІЗА ўдалося пагаварыць праз вентыляцыю з Максімам Знакам, які на той момант знаходзіўся ў ПКТ. Паводле Андрэя, у атрадзе былі радыя даведацца пра Знака, бо ніякай інфармацыі пра яго не было — думалі, што павезлі кудысьці ў іншае месца.
«Якое можа быць памілаванне, калі я не вінаваты?»
Калі палітвязень на судзе не прызнаў віны — гэта адзначалі ў дакументах, якія атрымлівала адміністрацыя калоніі.
— Гэта было сігналам [для адміністрацыі], каб за чалавекам прыглядаць. Значыць, ты ўжо псіхалагічна неслабы чалавек. Значыць, такога трэба ў першую чаргу надламаць ці зламаць — іншым навука, табе пакаранне. І ў выпадку чаго, калі дзесьці ён пакажа свой нос, уздзейнічаць на яго. Альбо фізічна, альбо праз ШІЗА.
Андрэя некалькі разоў спрабавалі «вывесці на размову», каб пераканаць, што ён памыляўся ў сваіх поглядах.
— Я ім казаў: магу сказаць так, як вам будзе трэба. Мы, людзі дарослыя, выдатна разумеем, што ўнутры мяне ўжо не перафарбаваць, іншым я ўжо не буду ніколі. Вы сур’ёзна думаеце, што можаце мне вось гэтым глупствам задурыць мазгі? Ну, не атрымаецца. Я не буду больш любіць дзяржаву, таму што знаходжуся тут.
З першых дзён Андрэю ў розных формах прапаноўвалі прызнаць віну і напісаць прашэнне пра памілаванне. Але ён прынцыпова не хацеў гэтага рабіць.
— Гэта кампраміс з самім сабой. Якое можа быць памілаванне, калі я не вінаваты? Не, я адмаўляюся. Я ведаў, што не здзейсніў ніякага злачынства. Проста паспачуваў не таму чалавеку, выказаў гэта ў досыць культурнай форме.
Суразмоўца кажа, што ведае шмат іншых палітвязняў, якія з прынцыпу адмаўляліся прасіць памілавання. І ведае толькі аднаго палітычнага, які напісаў прашэнне.
— Усе ў калоніі выдатна разумелі, што хлопцы, якія сядзяць за палітыку, па сутнасці, ні ў чым не вінаватыя. Проста яны не хацелі мірыцца з тым, што адбываецца ў краіне, і выказалі сваё меркаванне. То-бок сядзяць тут за сваё меркаванне. Усведамленне гэтага надавала хлопцам псіхалагічнай сілы.
Андрэй абмяркоўваў гэтую тэму з іншымі палітвязнямі. Адзін з іх — Віталь, асуджаны на вялікі тэрмін, казаў пра памілаванне так: «Калі мяне адпусцяць проста так, скажуць ля прахадной „усё, ідзі“ — тады я пайду. Але нічога ні ў кога прасіць не буду, нікуды я ніякіх папер пісаць не буду».
Віталь таксама папрасіў сваю маму, каб не пісала ніякіх прашэнняў ад яго імені, калі ёй скажуць. «Калі ты напішаш — я да цябе не прыеду. Лічы, што ў цябе сына няма».
Ціск вакол прызнання віны і памілавання быў сур’ёзным. Калі Андрэй знаходзіўся ў ШІЗА, у нейкі момант яму паабяцалі: калі напіша — адразу вернецца ў атрад. Калі не — трапіць у ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Андрэй не стаў гэтага рабіць.
Да таго ж ён не верыў, што палітвязня могуць памілаваць (на той момант масавае памілаванне палітвязняў яшчэ не пачалося).
— Мне было смешна гэта чуць! Пакажыце мне хоць аднаго палітычнага, якога адпусцілі раней за тэрмін.
З настойлівых просьбаў адміністрацыі Андрэй разумеў, што просьбы патрэбныя ім. Чуў такое тлумачэнне: спісы тых, хто «раскаяўся», змогуць выкарыстоўваць на міжнародных пляцоўках, каб паказаць: у Беларусі няма палітвязняў, бо яны прызналі віну, гэта проста злачынцы.
«Паднялі невялікі бунт»
Андрэй успамінае канфлікт праз пельмені, якімі кармілі зняволеных. Тым, хто прыязджаў у каранцін, належалі павялічаныя порцыі па 20 пельменяў, а астатнім — па 10. Аднак зняволеныя ў каранціне ўсё роўна атрымлівалі маленькія порцыі.
— Мы думалі, што так паводзіцца адміністрацыя. Аказалася, не, гэта забіралі сабе загадчык гаспадаркі разам з днявальным, якія накладвалі ежу. Гэта таксама супрацоўнікі адміністрацыі з ліку асуджаных.
Калі пра гэта стала вядома — іншыя зняволеныя «паднялі невялікі бунт». Паводле Андрэя, хлопцы «ідэйныя, спартыўныя і моцныя» пайшлі разбірацца, але да фізічнага кантакту не дайшло.
— Калі б яны паставілі нейкія ўмовы, то знайшлі б нейкае фізічнае ўздзеянне. Адміністрацыя калоніі такіх момантаў вельмі моцна баіцца. Калі адбываюцца фізічныя разборкі, для іх гэта кепска. Гэта матывуе іншых асуджаных на падобныя дзеянні.
Двух мужчын, якіх палічылі «завадатарамі» гэтага «бунту», адправілі ў ШІЗА. Астатніх раней за тэрмін размеркавалі па атрадах. Суразмоўца лічыць, што адміністрацыя так зрабіла таму, што баялася — хто-небудзь «сапсуе здароўе» загадчыку гаспадаркі.
«Хадзіў, курыў, але вайсковай формы не шыў»
Андрэй паспеў папрацаваць на розных прамзонах — прадпрыемствах, дзе працуюць зняволеныя.
Швейная вытворчасць лічылася прасцейшай працай. Туды скіроўвалі людзей са слабым здароўем, пажылога ўзросту і так званых прывілеяваных — асуджаных, якія былі ў добрых адносінах з адміністрацыяй.
Шыць трэба было ў тым ліку форму для расійскіх вайскоўцаў і такелажныя рамяні, якімі звязваюць вайсковыя грузы падчас перавозкі паветрам.
— Я сам гэтую форму бачыў, бачыў шаўроны з расійскім трыкалорам, — успамінае Андрэй.
Адны зняволеныя шылі, а іншыя — абразалі ніткі, што тырчалі з вырабаў. Ніткі ў канцы змены трэба было здаваць, іх узважвалі — гэта служыла доказам працы.
Многія палітычныя негатыўна ставіліся да таго, што форма пойдзе расійскім вайскоўцам. Ім было важна не ўдзельнічаць у гэтым.
У калоніі знаходзіўся грамадзянін Польшчы з актыўнай праўкраінскай пазіцыяй. У яго былі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Ён мог не працаваць, але хацеў мець нейкі занятак і хадзіў на швейную вытворчасць. Але шыць форму адмовіўся наадрэз.
— У выніку ён проста прыходзіў туды і проста знаходзіўся ў прамзоне. Хадзіў, курыў, гарбату піў. Але формы гэтай не шыў. Калі была іншая нейкая рабочая вопратка, анучы для швабраў ці рукавіцы — ён сам або іншыя хлопцы рабілі. Калі нешта звязанае з вайсковай формай — цалкам адмова. Да яго ніякіх санкцый не ўжывалі, яму шанцавала таму, што ён замежнік і ў яго былі медыцынскія супрацьпаказанні. А іншых, хто гэтага не хацеў рабіць, закрывалі ў ШІЗА.
Яшчэ адна вытворчасць — дрэваапрацоўка. Ствалы дрэваў распілоўвалі на стужкавых пілах, з кожнага атрымлівалася некалькі дошак і брус.
Андрэй бачыў, як выраблялі скрыні для снарадаў памерам прыкладна 80 на 100 см. Унутры ў іх былі дзве хвалістыя апоры для цыліндрычных прадметаў. Іх насычалі спецыяльнай ярка-жоўтай субстанцыяй з едкім пахам.

Паводле беларускіх законаў, на нарыхтаваную драўніну мусіць быць нанесеная маркіроўка — спецыяльныя знакі на ствале з пазначэннем памеру і якасці.
— За ўвесь час, колькі я там быў, я ўбачыў толькі два ствалы, якія былі пазначаныя гэтым кляймом. 99% таго, што было — без кляйма. Кляймяць тыя дрэвы, якія ўжо ў аснове сваёй хворыя. А прыязджалі — відаць, што гэта выдатнае дрэва, там і ствол, і сама драўніна якасная.
«З носа дастаеш чорныя кавалкі невядома чаго»
Самая складаная прамзона — разборка металу. Туды прывозілі старыя кабелі ў свінцовай аплётцы. Аплётку трэба было зняць і выцягнуць знутры драты, каб здаць іх па вазе як каляровы метал.
— Калі разразаеш гэтую аплётку — у паветры лётаюць металічныя блёсткі, нібыта пшыкнуў аэразольнай фарбай. Гэта ўсё — свінцовы пыл, — кажа Андрэй. — Мы неаднаразова звярталі ўвагу адміністрацыі на тое, што так нельга, у нас мусяць быць СІА (сродкі індывідуальнай абароны) для вушэй, для дыхальных шляхоў, для вачэй.
З іх нам выдавалі пальчаткі тканевыя, такія самыя просценькія. Адзін раз на два месяцы. За адну ці дзве змены яны прыходзілі ў непрыдатнасць. А далей рабі што хочаш, хочаш — голымі рукамі працуй. Таму родныя большасці асуджаных, якія працавалі ў прамзоне, у кожнай пасылцы перадавалі пальчаткі.
Унутры дратоў былі тонкія медныя жылы — «валасы», як іх празвалі зняволеныя. Гэтыя «валасы» былі пакрытыя гаручым рэчывам, падобным да смалы, яно і псавала пальчаткі так хутка.
Каб хутчэй прыбраць гэтае рэчыва, яго падпальвалі. На дварэ былі выкапаныя вялікія ямы, унутры іх — звараныя ванны конусападобнай формы, у цэнтры кожнай — сцёк. У іх закідвалі «валасы», аблівалі гаручай вадкасцю і падпальвалі. Падчас гарэння вылучаўся вельмі елкі пах, успамінае Андрэй. Рэчывы плавіліся, сцякалі ўніз, траплялі ў спецыяльны тазік. У канцы гэты тазік перакульвалі на зямлю.
— У паветры ўвесь час лёталі велізарныя шматкі. Такія, як ад мокрага снегу, але гэта былі шматкі сажы. Ты прыходзіш у прамзону, вяртаешся потым увечары ў атрад і проста з носа дастаеш чорныя кавалкі невядома чаго, — успамінае суразмоўца.
Зняволеныя чулі пра скаргі на невыносных пах жыхароў пасёлка Віцьба — таго, дзе знаходзіцца калонія.
— Прыязджалі ўсялякія праверкі. Але яны (адміністрацыя калоніі. — Заўв. рэд.) ведаюць, калі праверка прыедзе. Перад праверкай гэтыя ванны хавалі, а ямы проста закопвалі. Нібыта «ў нас усё добра», «глядзіце, у нас тут нічога няма». Камісія за вароты — назад гэтую яму раскопваюць, ванну мантуюць і ўжо праз пару гадзін спальваюць гэтыя драты.
«Вы — расходны матэрыял»
У адзін летні дзень адзін са зняволеных не вытрымаў. Было вельмі горача. У памяшканні, дзе працавалі вязні, адчынілі вокны, каб неяк выветрыць. Але з двара ішоў смурод ад «вогнішча», у паветры была смуга.
— Ён не вытрымаў, схапіў вогнетушыцель, пайшоў і ўсю гэтую кучу затушыў. У выніку прыйшлі адразу ж супрацоўнікі адміністрацыі, кантралёры, забралі яго, і ён прабыў 42 дні ў ШІЗА.
Паводле Андрэя, адкіды ад такой вытворчасці не ўтылізавалі, а проста спальвалі ў кацельні. У такія моманты «дым стаяў калом».
— Зімой у калоніі снег быў чорны. Выпадае свежы снег, і проста на снезе відаць уся гэтая чарната, гэты гар, што ляцеў з трубы.
Адмовіцца ад такой працы нельга.
— Там правы не пакачаеш. Калі скажаш «я не буду гэтага рабіць» — збірай рэчы, ідзеш на камісію па пакаранні, едзеш на 10 сутак у ШІЗА. Калі звяртаеш увагу адміністрацыі на такія рэчы, якія, скажам так, парушаюць тваё права на нармальныя ўмовы працы, яны кажуць усе як адзін: «Вы — расходны матэрыял і знаходзіцеся ў калоніі, а не ў санаторыі. Пра якое здароўе наогул можаце казаць? Альбо працуй, альбо не хочаш працаваць — адразу ж кажы, паедзеш у ШІЗА, там працаваць не трэба». І многія так і рабілі. Хлопцы з’язджалі ў ШІЗА, бо не было жадання псаваць свой арганізм.
«Сёння вы зрабілі як трэба. А праз тыдзень вы мне бунт падымеце»
Андрэй успамінае канфлікт у прамзоне. У адзін з дзён зняволеныя атрымалі заданне: перанесці наверх 17 тон кабеля. Гэта мусіла зрабіць 15−20 чалавек за адзін дзень. У выпадку невыканання — адсутнасць магчымасці памыцца ўвечары. У нейкі момант зняволеныя зразумелі, што фізічна не паспеюць усё перанесці і будуць пакараныя ў любым выпадку.
— Тады які сэнс працаваць? І пасля абеду мы адмовіліся гэта рабіць, — расказвае былы палітвязень.
На наступны дзень заданне было такім самым, але за невыкананне паабяцалі больш строгае пакаранне. Зняволеныя дамовіліся выстраіцца ў ланцужок і перадаваць кабелі. Далучыцца прапанавалі днявальным і брыгадзірам прамзоны — гэта асуджаныя, якія выконваюць ролю кіраўнікоў і арганізуюць працу іншых. Двое з іх пагадзіліся, двое — наадрэз адмовіліся.
У выніку ўвесь кабель быў падняты, заданне выкананае. Але зняволены, які прапанаваў такую схему, трапіў у ШІЗА на некалькі тыдняў. Пасля да яго прыйшоў Дзяніс Федчанка — намеснік па рэжымна-аператыўнай працы (каротка яго пасаду называюць «нам. па РАП», ён лічыцца другім чалавекам у калоніі пасля начальніка).
«Усё было зроблена як трэба. Але ты сваім прыкладам паказаў усім астатнім, што пытанне можа быць вырашанае агульным сходам. І сёння вы мне зрабілі як трэба. А праз тыдзень вы мне бунт падымеце, напрыклад, захочаце, каб мінімум тры спатканні было. Пачняце шыбы біць. Што я буду рабіць? Таму ты тут знаходзішся, каб да ўсіх іншых дайшло, што так рабіць нельга», — пераказвае Андрэй словы прадстаўніка адміністрацыі.
«Табе вітаміны не патрэбныя, еш кашу»
У Андрэя ў зняволенні пагоршылася здароўе. Яму ўдавалася атрымаць пэўную меддапамогу ў калоніі, але складанасцяў хапала. Да прыкладу, было вельмі цяжка здабыць вітаміны ў перадачы — для гэтага трэба было атрымаць спецыяльны дазвол.
— Хлопцы спрабавалі, хадзілі да адміністрацыі, да начальніка калоніі, да яго намесніка. Яны казалі: не ў нашай кампетэнцыі, у нас ёсць начальнік медыцынскай часткі. А начальнік медчасткі кажа: «Не, табе вітаміны не патрэбныя, ты і так здаровы». «Ешце кашу, дыхайце свежым паветрам». Нейкія адмазкі былі.
Зняволеным было складана атрымаць самыя простыя лекі, напрыклад, кроплі для носа ў выпадку прастуды. Вызваленне ад працы давалі толькі тым, у каго тэмпература. Прычым у кожнага доктара была свая планка: хтосьці мог адпусціць з 37,0, хтосьці — з 36,8, а для кагосьці і 38,0 не было падставай не працаваць.
Андрэй без радасці ўспамінае стаматолага калоніі. Часцей за ўсё яна прапаноўвала выдаліць зуб, а не лячыць. Аднаму зняволенаму памылкова выдалілі здаровы зуб, а потым і хворы таксама.
— Ён пачаў з ёй разбірацца: «Чаму мне зрабілі так?» У выніку яна націснула трывожную кнопку, прыбег канвой, і яго пасадзілі ў ШІЗА. Потым яшчэ павесілі прафілактычны ўлік як на «схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў».
«Гэта не папраўчая калонія, там чалавека не выпраўляюць»
Былы палітвязень атрымліваў лісты, пакуль знаходзіўся ў СІЗА. Ён прывёз іх у калонію, там іх змясцілі ў спецыяльны пакой для захоўвання асабістых рэчаў. У нейкі момант частка лістоў знікла — тых, якія адпраўлялі валанцёры і неабыякавыя людзі.
— Калі я падыходзіў з прэтэнзіяй, мне казалі: «Ужо імі печку растапілі. Забудзься».
Супрацоўнікі, якія гэта рабілі — Раман Цярэшка, старшы оперупаўнаважаны аператыўнага аддзела і Уладзіслаў Спірыдонаў, начальнік атрада аддзела папраўчага працэсу. Пра датычнасць гэтых людзей да рэпрэсій у дачыненні да палітвязняў у ПК-3згадваў таксама блогер Сяргей Пятрухін, які адбываў зняволенне ў гэтай калоніі.
Суразмоўца кажа, што для яго важна расказаць пра парушэнні, з якімі ён сутыкнуўся.
— Людзі, з якімі я там быў, вельмі прасілі мяне, каб я гэта ўсё ж расказаў і апублікаваў, бо такога не мусіць быць. Няхай гэта і турма, але ўсё роўна ўсё гэта мусіць быць больш цывілізаваным. Гэта такая закрытая сістэма, як дзяржава ў дзяржаве. Ніхто [звонку] нічога не даведаецца, што адбываецца на тэрыторыі.
Былы палітвязень лічыць, што слова «папраўчая» не падыходзіць калоніі.
— Гэта не папраўчая калонія, там чалавека не выпраўляюць. Калонію я б назваў «пакаральная». У папраўчых установах краін Заходняй Еўропы: у Нарвегіі, Нідэрландах, Бельгіі — там сапраўды ідзе выпраўленне. Чалавека вучаць, даюць яму адукацыю, у якасці заахвочвання могуць адпусціць дадому на выходныя. У нас жа ўсё будуецца на тым, што калі ты не зробіш, цябе пакараюць.
Перад выхадам Андрэй атрымаў іранічнае пажаданне ад іншага зняволенага: «Ты з адной „лакалкі“ (лакальнай зоны, прастора на тэрыторыі калоніі, дзе могуць перамяшчацца зняволеныя) выходзіш у іншую „лакалку“ тэрыторыяй 650 на 600 кіламетраў (маецца на ўвазе Беларусь. — Заўв. рэд.). Тая ж турма, толькі плошча большая».
Чытайце таксама