У турме ў Жодзіне 2 жніўня 2023 года памёр асуджаны па «палітычных» артыкулах мужчына, паведамляе «Медыязона» са спасылкай на ўласную крыніцу.
Мужчына не быў прызнаны палітвязнем праваабарончымі арганізацыямі. Яго імя не называецца з меркаванняў бяспекі сям'і.
«У распараджэнні рэдакцыі ёсць яго імя, фота пасведчання пра смерць, а таксама фота яго магілы. Прычына смерці — унутрымазгавое кровазліццё, спалучанае з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, як гаворыцца ў дакументах», — піша выданне.
У лістападзе 2022 года мужчына быў асуджаны на тры гады калоніі па артыкулах пра распальванне варожасці (частка 1 артыкула 130 КК), масавыя беспарадкі (частка 2 артыкула 293 КК), заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі (частка 3 артыкула 361 КК), паклёп на Лукашэнку (частка 2 артыкула 367 КК), абразу прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК).
Нагадаем, раней пра смерць у зняволенні ў жніўні 2023-га свайго бацькі «Радыё Свабода» расказала сваячка дэпартаваных са Швецыі беларусаў. Паводле яе, восенню 2022-га ўвечары бацька не вярнуўся з працы дадому, родныя доўга не маглі яго знайсці.
Пасля стала вядома, што супраць мужчыны завялі крымінальную справу і ён знаходзіцца ў СІЗА. Яго асудзілі па пяці артыкулах КК — сярод абвінавачванняў таксама былі «арганізацыя масавых беспарадкаў», «распальванне варожасці», «абраза прэзідэнта» і іншыя.