На наступную раніцу пасля таго, як Польшча забараніла вывозіць некаторыя тавары ў Беларусь, на нашым баку мяжы зніклі чэргі з легкавікоў. А вось на польскім баку аўто па-ранейшаму прастойваюць у доўгіх «калейках». Пра гэта сведчаць звесткі маніторынгаў, якія вядуць беларускі Дзяржпамежкамітэт і польская Падатковая адміністрацыя.

Станам на раніцу 5 ліпеня чэргі з легкавікоў на выезд з Беларусі адсутнічалі. Такога не было даўно. Напрыклад, суткі таму ў гэты ж час у пункце пропуску «Брэст» (з польскага боку — «Тэрэспаль») стаяла 150 легкавікоў, 3 ліпеня — 230, 2 ліпеня — 200, 1 ліпеня — 190, 30 чэрвеня — 70, 29 чэрвеня — 95.
З пачатку года на беларуска-польскай мяжы чаргі з легкавікоў не было толькі сем дзён у студзені (1, 17, 18, 19, 20, 21, 28), тры дні ў сакавіку (9, 30, 31), па два дні ў красавіку (29, 30) і траўні (1, 2). Антырэкорд па даўжыні «калейкі» быў пастаўлены 8 красавіка, калі ў пункце пропуску «Брэст» стаяла 500 аўто.
А вось з польскага боку мяжы чэргі не зніклі. Паводле звестак маніторынгу Падатковай адміністрацыі Польшчы на 7.00 5 ліпеня, у пункце пропуску «Тэрэспаль» сярэдні час перасячэння мяжы для легкавікоў складаў 10 гадзін.
Адзначым, што чэргі з аўтобусаў на выезд з Беларусі захоўваюцца. Станам на 8.00 5 ліпеня, у пункце пропуску «Брэст» стаяла 40 аўтобусаў.
Нагадаем, 29 чэрвеня Еўрапейскі саюз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія раней уводзіў у дачыненні да Расіі. У спісе забароненых да вывазу з ЕС у Беларусь тавараў аказаліся сотні найменняў, сярод якіх разнастайныя запчасткі, тэхніка, жаночае адзенне, прадметы гігіены і нават абутак. Ужо ў чацвер, 4 ліпеня, беларусы, якія едуць з Польшчы дадому і вязуць розныя тавары, сутыкнуліся з праблемамі. Як расказвалі ў розных чатах па перасячэнні мяжы, многіх проста разварочвалі і не давалі вывозіць тэхніку і іншыя тавары з Польшчы.