Міхаілу цяпер 32. У калонію ён трапляў двойчы, і абодва разы — за наркотыкі. Калі «заехаў» першы раз, вучыўся ў каледжы. Далі тэрмін, але за добрыя паводзіны ўдалося выйсці раней. Праз пару гадоў зноў трапіў у калонію, але ўжо ва ўмовы строгага рэжыму. Адседзеў шэсць гадоў. Фактычна на яго вачах за кратамі з’явілася асаблівая катэгорыя — палітвязні. Ён расказаў блогу «Людзі», якія ўмовы «на зоне» былі раней і што змянілася пасля таго, як туды сталі трапляць асуджаныя за палітыку. Перадрукоўваем яго маналог.
Імя суразмоўцы змененае.
«Так не хацелася туды зноў, што хоць скрозь зямлю праваліся!»
Ведаеце, існуе такі выраз у крымінальным асяроддзі: калі першы раз трапляеш у турму — страшна і незразумела. Другі раз — вельмі не хочацца, а трэці раз едзеш як да сябе дадому. Дык вось, гэта праўда.
Першы раз трапіць у калонію для мяне было моцным узрушэннем. Я, натуральна, думаў, што ўсё добра хаваю і ніхто нічога не заўважыць. Але перайшоў нейкія межы, прытупілася пачуццё самазахавання, і я пачаў рабіць тое, чаго рабіць не варта было. Здаровы чалавек у цвярозым розуме падумаў бы некалькі разоў, а мяне гэта не спыняла: папярэднія эпізоды з наркотыкамі заставаліся беспакаранымі, ніхто нічога не ведаў. Але гэта быў такі бытавы збыт. Не наркакрамы ці закладкі. І грошай я на гэтым не зарабляў.
Пасля першага тэрміну думаў, што больш ніколі ў жыцці не сяду ў турму. І сапраўды першы час даволі нядрэнна сябе паводзіў. Ну, бытавое спажыванне, так бы мовіць, прысутнічала, але праз нейкі час… Ведаеце, ёсць такая рэшткавая сіла пазбаўлення волі — ты выйшаў, але ўсё роўна адчуваеш сябе заціснутым. І вось гэтая заціснутасць знікла. Натуральна, я ўжо ўлічваў усе памылкі мінулага і ўжываў, але эпізадычна — хутчэй як дадатак да нейкай бяздзейнай весялосці. У мяне, скажам, была дастатковая колькасць марыхуаны, я мог пачаставаць кагосьці ў кампаніі на якім-небудзь рэйве, бо наркотыкі — усё ж такая, кампанейская штука. Калі яны пад падушкай і ты сам, гэта не тое. Яны [праваахоўнікі] ж і даюць вялікія тэрміны, бо наркотыкі пастаянна выходзяць далей за аднаго чалавека. І, атрымліваецца, я пачаставаў прыяцеля па яго просьбе, ён няўмела гэтым распарадзіўся — ну і ўсё, мяне затрымалі.
Дык вось, калі па мяне другі раз прыйшлі, я ўжо разумеў, што тэрмін будзе вялікі. І мне было шкада, што цяпер у мяне адбяруць маладосць, што трэба зноў знайсці ў сабе сілы гэта пераадолець. Так не хацелася туды зноў, хоць скрозь зямлю праваліся! Але страшна не было, бо я ўжо гэта ўсё прайшоў. І цяпер выразна разумею: калі зараз траплю ў месцы пазбаўлення волі, ужо буду ехаць як дадому. Таму адбітак на асобе турма пакідае дакладна.
«Хто жыў бедна, працаваў у поце твару, той рабіў працу за іншых — нехта за дваіх ці траіх, колькі сілы хопіць»
Мяне адправілі ў ПК № 13 у Глыбокім, там трымаюць многіх тых, хто раней адбываў тэрмін, тых, каго асудзілі на пажыццёвае. Тых, хто сядзіць за забойства, там мала, у асноўным — за цяжкія злачынствы, звязаныя з блізкімі сваякамі. Калі выйшаў у 2014-м прэзідэнцкі «антынаркатычны дэкрэт» № 6, у Глыбокае пачалі звозіць пачкамі асуджаных па нарказлачынствах. Чаму так? Таму што там не «папраўчая калонія» — там асаблівы рэжым. Пры гэтым мы ўтрымліваліся на ўмовах строгага рэжыму — то-бок усё больш жорстка, але з юрыдычнага пункту гледжання нібы выконвалася. Адрозненні былі мінімальныя. Сама калонія ўяўляе з сябе турэмныя карпусы, а не карпусы інтэрнатаў, як у ПК прадугледжана. Мы сядзелі ў камерах, краты і дзверы адчынялі днём, а нанач зачынялі, хоць так нельга. Санвузел, прыбіральня — у камеры. Дарэчы, асуджаныя за забойства і згвалтаванне знаходзяцца ў корпусе, уладкаваным акурат як інтэрнат. Там драўляныя дзверы, вокны, яны не зачыняюцца, санвузел і прыбіральня — у асобных памяшканнях.
Цэхі на прамзоне — як бункер: невысокія столі, цесната народу каласальная, яшчэ і ўсе кураць, а выцяжка не працуе. Усё ў пыле, месца мала, ніякага руху. Часам даводзілася сядзець на лавачках, як у плацкарце: утрох локаць да локця, плячо да пляча. У некаторых цэхах зімой холадна і мокра, А летам горача і вільготна — паветра не ходзіць. Праца для ўсіх абавязковая. Асуджаныя па цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулах ішлі ў першую змену. Астатнія і «харашысты», «выдатнікі» (паслужлівыя адміністрацыі, прыхвасні) — у другую: там праз распарадак дня рэжым лягчэйшы як на вытворчасці, так і ў жылой зоне. А працу даюць самую цяжкую — гэта разборка лому, каляровых, цяжкіх, шкодных металаў. Прывозілі тыя ж рухавікі ўнутранага згарання ад аварыйных аўтамабіляў ці савецкія электракабелі з зямлі — адтуль аліва выцякала, кабелі маглі быць аблітыя бітумам і вызвалялі нейкія фармальдэгіды. Валасы, адзенне смярдзелі, хоць мы такі-сякі душ на рукамыйніцы прыдумалі з халоднай вады. Экалогія там проста жудасная.
Былі, дарэчы, іншыя ўчасткі, лягчэйшыя, але іх трэба было яшчэ «зарабіць» — такая праца за заахвочванне, як у канцэнтрацыйным лагеры. І калі такая праца табе дасталася — біць паддоны або качаць бярвёны, — можна сказаць, што ты вольны, бо там ужо няма такіх сектараў, кратаў, можна хоць трохі рухацца. Гэта прыкладна як цябе, які жыў у склепе, выпускаюць на пляж.
Плацілі нам мала — 60−70 капеек за месяц, так што дапамагалі пасылкі і грашовыя пераводы. На іншых працах атрымлівалі і 5−7 рублёў, а часам і на блок цыгарэт хапала (гэта каля 30 рублёў). Але гэта трэба было сапраўды папрацаваць! Ну і вам аддаюць толькі чвэрць заробленай сумы — 75% даходу калонія пакідае сабе для кампенсацыі камунальных за карыстанне інтэрнатам, ваду, святло, баланду, расхістаную тумбачку і рыпліыыя нары. Натуральна, хто жыў бедна і не меў дапамогі з дому, працаваў у поце твару, той рабіў працу за іншых — нехта за дваіх ці траіх, колькі сілы хопіць. Хтосьці быў чорны ад сажы, ад вогнішчаў, дзе абпальвалі залітыя лакам рухавікі, каб атрымаць 100 рублёў за месяц.
У лакальным участку цэха (можна сказаць, на дварэ) — сем крокаў наперад і назад. І гэта калі там не будзе кучы лому, што выгрузіў самазвал. Але ведаеце, часам у гэтым месцы нават стаялі з раніцы да вечара, бо там хаця б было вулічнае паветра. Можна было паглядзець на неба, птушак, некалькі дрэваў побач — гэта была такая аддушына.
«Калі меддапамога і была, то фармальная і пасрэдная. Ты зэк — цябе спісаць лягчэй, чым службовага сабаку»
У самой камеры, дзе ёсць вольная прастора, стаяць двух’ярусныя нары. Каб ашчадзіць месца і павялічыць колькасць у калоніі, іх ставяць па дзве побач. Кладзешся спаць — плячом да пляча кранаешся свайго суседа. Каб хоць нешта аддзяляла людзей, даводзілася вешаць прасціны. 50 см нараў — гэта ўся твая асабістая прастора. Адлегласць паміж гэтымі «спаркамі» (спаранымі нарамі) — адна тумбачка, прыкладна як зэдлік. Каб змясціць самі тумбачкі, іх ставілі адна на адну. У камеры ж прыбіральні, рукамыйніцы, вешалка для целагрэек. Карацей, няма дзе прайсці. У некаторых былі тэлевізары. Зняволеныя на пажыццёвым нават дамовіліся і паставілі спадарожнікавую антэну, за свае грошы штомесяц аплачвалі расійскі пакет «Трыкалор». Дзе не стаяў тэлевізар, была радыёкропка. У такім становішчы цяжка неймаверна. Нават маральна. Бо няма сонечнага святла, паветра, руху, спакою — карацей, няма нічога. З паўночнага боку, унутры лакальнага сектара, пад вокнамі камер кругласутачна рос мох праз волкасць і цемру.
Жылі ў гэтым у сярэднім 16−20 чалавек, у самых маленькіх камерах — па 8, у адной — нават 36, але яна хаця б была доўгая і ў ёй больш месца. Можна сказаць, у калоніі — ваўчыная зграя: калі не ты з’ясі, з’ядуць цябе. У гэтым усім прынята «жыць камерай», уладкаваць агульны побыт, як у мурашніку. Калі чалавек пайшоў да рукамыйніцы і я гэта бачу, не буду выходзіць на праход яму насустрач, пакуль ён не пойдзе назад і праход не вызваліцца зноў. Гэта ж датычыць прыбіральні, разеткі, стала, вешалкі. Ты ўсюды глядзіш і, дзе трэба, слухаеш — ужо аўтаматычна гэта робіш. Калі чалавек на другім ярусе прачнуўся — глядзіць уніз. Калі сусед на першым ужо не спіць, звесіў ногі, стаў у «хадок» (месца паміж «спаркамі»), пачынае засцілацца і апранацца, той зверху ніколі сам не звесіць ногі! Ён будзе пакорліва ляжаць і чакаць, хоць пасля пад’ёму і трэба бегчы галіцца-мыцца. А той знізу, у сваю чаргу, імкнецца хутчэй вызваліць месца. Усё гэта з часам даходзіць да рэфлексаў. То-бок ты можаш рабіць што хочаш, толькі не перашкаджай іншым. Так усе падладжваюцца адзін пад аднаго — трэба ўзаемадзейнічаць ва ўмовах, якія нам стварылі мянты.
А адміністрацыя толькі пацірала далонькі, калі зняволеныя паміж сабой грызліся. Плюс там многія зняволеныя сталейшыя, а за наркотыкі ўсе хлопцы — маладыя пацаны, юнакі, у якіх усё жыццё наперадзе. Іх амбітнасць, як маглі, душылі. Лукашэнка пра асуджаных па наркаартыкулах сказаў: «Зробім ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калоніі, наўпрост скажу, смерці прасілі». Так што ў «Воўчых норах» (так называюць ПК-22 у Івацэвіцкім раёне. — Заўв. рэд.), куды адпраўлялі п"ершаходаў", і ў Глыбокім мянты рэальна душылі. Ад самога Лукашэнкі на гэта былі развязаныя рукі. Што б супрацоўнікі ні рабілі, ім нічога за гэта не было, а зэкам, якія душылі саміх жа зэкаў, давалі волю, закрывалі на ўсё вочы. Нават зрабілі для нас біркі зялёнага колеру, а для астатніх — чорныя. І міліцыя лёгка вызначала, хто за наркотыкі, а хто не. Дарэчы, з забойцамі ў калоніі не змагаліся. Яны жылі ў секцыях, як я ўжо казаў, іх не чапалі.
Як вада камень точыць, так і тут — нас душылі маральна, як маглі. Выводзілі словамі, умовамі ўтрымання і працы, невырашэннем пытанняў да шалу, суіцыдаў. Працяглыя спатканні давалі па мінімуме, трэба было іх дабівацца. Форма адзення — кішэні, маланку, гумку ў штанах нельга. Нас пастаянна «бадзёрылі» — стымулявалі стрэсавы стан. Гэта здаецца, што такога: ён спытаў — ты адказаў. Але калі гэта гадамі! І кампастуе мазгі ўся адміністрацыя. Калі з нагоды і без да цябе дакопваюцца, перадузята ставяцца… Знойдуць прычыны не пусціць у медсанчастку або міліцыя не адчыніць дзверы лакальнага сектара, нават калі ты запісаны. «Доктара няма, ён п’е каву» — што захочуць. Або пусцяць пазней, і ты прастаіш гадзіну-паўтары ля брамкі. Цябе будуць выганяць на працу: бальнічнага няма, а да доктара не трапіў — ідзі. Ды і ў медыкаў указанне з лёгкімі дыягназамі іх не даваць. Нават калі быў каранавірус, мы леглі ўсе, а іх усё адно не давалі, самога кавіду не прызнавалі. Я пераносіў усё на нагах, хоць і хварэў нячаста. Ды і часам лягчэй выйсці на «промку» і паляжаць там спакойна гадзіну, чым у жылой зоне мянтам на вочы трапляцца.
Калі меддапамога і была, то фармальная і пасрэдная. Калі ты не настойваеш і не ўпіраешся, яны зробяць усё, каб палегчыць сабе працу. Бо ты зэк — цябе спісаць лягчэй, чым службовага сабаку. З цяжкімі захворваннямі камусьці ўдавалася трапіць у турэмны шпіталь на волі. Памятаю, у зняволенага асаблівага рэжыму былі праблемы з дыхальнай сістэмай. У іх у камерах, дзе памылі вопратку, там і сушаць на вяроўках пад столлю. Святла дзённага і паветра няма — спрыяльныя ўмовы для развіцця туберкулёзу. Дык вось у яго пачаўся кашаль — яго звазілі ў пульманалагічную бальніцу, і нават там дактары «нічога не знайшлі». Маўляў, рэшткавае пасля пнеўманіі. А потым аказалася, што ў яго рак, і яму выразалі цэлае лёгкае. Таму вельмі важная дапамога са свабоды. Калі адтуль будуць нагадваць, што ты дарагі сваякам, яны за цябе просяць, адміністрацыя пачне трошкі пабойвацца. А калі гэтага няма і ты сам не можаш абапаніць сябе, так і будзеш мучыцца.
Нават паход у краму — выпрабаванне. Займаеш чаргу, але да вечара наўрад ці паспееш: перад табой велізарная колькасць людзей, а часу абслугоўвання мала. Ці прыйдзеш — а ўжо мала тавараў. Даводзіцца дамаўляцца, карумпавацца. І вось ты раз-два на месяц туды трапіў, у вачах усё мільгае, перастаеш разумна ўсведамляць, што табе трэба. Без аркушыка са спісам туды лепш не ісці! У спіну падганяе чарга, ды і сама прадавачка. Пры гэтым ведаючы, што ты шалееш, падманвае на грошы, прадае тое, што трэба ёй, а не табе. Зэк-загадчык гаспадаркі ёй дапамагае: «Што стаіш? Хутчэй згаджайся! Нармальныя цукеркі, давай бяры!»
На працы — нормы выпрацоўкі. Норма — велічыня эфемерная, як рычаг ціску, бо ў правілах напісана, што асуджаны абавязаны добрасумленна працаваць. Табе даюць жмуток дроту пачысціць за пэўны час. Не зрабіў — парушэнне, ШІЗА. Зрабіў — ну, можна сказаць, адтэрмінаваў гадзіну расплаты, бо з табой расправяцца ўсё роўна.
Увогуле, усё, што я вам апісаў, складае такую жорсткую абстаноўку. Праўда, калі «Камітэт маці 328» дабіўся паслаблення ў КК і антынаркатычны дэкрэт страціў сваю сілу, зменшыліся санкцыі артыкулаў, пайшлі амністыі, з намі ўжо так не абыходзіліся. Потым наогул пераключыліся на палітычных.
«У 2020-м інфармацыя перадавалася з вуснаў у вусны і шэптам. Толькі правераным людзям: „Там такое на волі!“»

Лісты, бандэролі нам прыходзілі. Нават з іншых краін. Памятаю, у 2020-м знаёмы даслаў ліст, і нешта там цэнзар адрэзаў: «Гэта табе не трэба». Мабыць, была нейкая сімволіка. Наогул да нас тады інфармацыя прыходзіла з газет, пакуль іх яшчэ не закрылі. Некаторыя выпісвалі тую ж «Белгазету». Памятаю, мы разглядалі фота за 10 ці 12 жніўня, там былі маладыя людзі з траўмамі галавы, усе ў крыві. І кіламетровыя натоўпы пратэстоўцаў за свабоду людзей! Нешта з тэлевізара (натуральна, дзяржаўнага) атрымлівалі, ад сваякоў на спатканнях або праз тэлефон, калі акуратна ўдавалася сказаць. Ну і з аповедаў грамадзянскіх работнікаў на «промцы» (у нас праходзілі практыку ці адпрацоўвалі майстрамі тыя, хто скончыў ВНУ або тэхнікумы, кагосьці адпраўляюць у калгас, а кагосьці — у турму). Вось яны расказвалі, што ў телеграм-каналах і на сайтах пішуць. Праўда, адміністрацыя інструктавала вольнанаёмных нічога нам не казаць. Хтосьці працягваў — выказваў да нас салідарнасць. Гэтая інфармацыя вельмі цанілася: у ёй была праўда. І перадавалася з вуснаў у вусны, шэптам. Толькі правераным людзям: «Там такое на волі!»
А мы, хай і спозненую дзесьці, інфармацыю атрымлівалі і радаваліся: «Блін, там ужо ледзь не зрынаюць уладу, наступаюць! Калі ўжо даціснуць?» І спадзяваліся, што нешта зменіцца і для нас, хай і ўскосна — быў шанец, што будуць паслабленні, амністыі, пачнуць адэкватней разглядаць справы. Большасць была за тое, каб улада змянілася, прыйшоў хто заўгодна, але не Лукашэнка. Маладыя хлопцы ж разумелі, хто іх і за што пасадзіў, што пакаранне не адпавядае ўчыненаму. Мы даведваліся, што было ў іншых калоніях. Хтосьці нешта казаў ці насіў белую стужачку, як мог выказваў пратэст — гэта адразу спынялася, чалавеку стваралі непрыемнасці. Адзін адмовіўся рамантаваць пагнуты міліцэйскі шчыт — яго звольнілі з працы, пасадзілі ў ізалятар. Але адзінства нейкага не было. Ды і мы разумелі: калі пачнём нейкі бунт падымаць, нас прыстрэляць аўтаматчыкі.
Было відаць, што адміністрацыя атрымала асаблівыя ўказанні і паводзілася з намі па-іншаму: узмацніліся меры аховы, аператыўная праца, стукачы міліцэйскія хадзілі слухалі, хто пра што кажа, нам чыталі прапагандысцкія лекцыі. І спрабавалі даведацца: «Слухайце, вось як вы лічыце, правільна зрабілі тыя ці гэтыя? Вы за каго?» Яны нібыта, баючыся адпору на волі і не ўпэўненымя ў сваёй сіле, ужо ў калоніі шукалі падтрымкі. Хоць прыводзілі аналогіі, якія маюць мала сувязі з рэальнасцю, — апелявалі завучанымі фразамі і спрабавалі ў нашых галовах абудзіць патрыятызм, пачуццё абавязку і гераізму. Глядзелася смешна, як яны спалохаліся страціць уладу і свае месцы. Там калі не міліцыянт на зэка націсне, то потым націснуць на яго самога.
«У Лукашэнкі нават сярод адміністрацыі электарату няма»
Палітычныя да нас паехалі зімой-вясной 2021-га, ім пачкамі прыходзілі лісты з розных краін. Многіх потым пераводзілі ў іншыя месцы (на гэты момант у ПК-13 знаходзяцца двое палітвязняў — Мікалай Статкевіч і Віталь Мельнік. — Заўв. рэд.). Яны расказвалі, што адбываецца. Я не заўважаў, каб забаранялі з імі гаварыць, хоць празмерныя зносіны маглі на цябе паўплываць — гэта паказвала, што ты салідарны з імі, і хутка даходзіла да адміністрацыі. Стаўленне з боку іншых зняволеных было такое: кепска, што іх пасадзілі, але яны малайцы, хоць паспрабавалі — мы і таго не змаглі. Кагосьці паважалі, хтосьці паводзіўся ў побыце не вельмі добра — прыляпляліся цэтлікі: ён мурза, такі-сякі. У цеснай камеры гэта вельмі заўважаецца. Але гэта адзінкавыя выпадкі, вядома, ды і пра ўсіх можна нешта сказаць — людзі ж розныя.
Іх душылі, вядома, нават больш жорстка, чым нас па наркотыках. Ставіліся перадузята. Ціск выяўляўся ў ператрусах асабістых рэчаў, падушак-матрацаў, раздзяванні-адзяванні для надглядаў — усё вытрасалася з кішэняў, спраўджвалася па вопісе. Фіксавалася на відэарэгістратар і адпраўлялася ў ДВП як доказ, што з палітвязнямі змагаюцца. Здаецца, усё законна, ветліва: «Асуджаны, вашыя асабістыя рэчы». Але калі гэта па некалькі разоў на дзень, выходзіць за межы нармальнага і кідае ў стан няўпэўненасці, калі зноў прыйдуць і што будзе. Калі я не пагаліўся і выйшаў на праверку, мне нічога не будзе — папрашуся на «промцы» на пяць хвілін, то ў яго такога шанцу няма. За нас іншыя асуджаныя маглі рабіць працу, а ў іх не дазвалялася яе забіраць. Ну і ўсім вешалі бірку «прафулік» — гэта дадатковыя абмежаванні.
У нашай калоніі сядзіць Мікалай Статкевіч, ён быў «пад дахам» — на слэнгу гэта ШІЗА, ПКТ і адзіночная камера. Я хацеў яго ўбачыць асабіста, але магчымасці не было. Ён быў на асаблівым рэжыме, яго нікуды не выводзілі, нават на працу. Ад аўтарытэтаў і іх сяброў я чуў, што ён добраахвотна сядзеў у адзіночцы і не хацеў выходзіць, бо, магчыма, у жылой зоне пад наглядам адміністрацыі яму будзе толькі горш. Не ведаю, чаму ад яго так доўга нічога не чуваць, але, калі яму перманентна даюць ШІЗА, то адтуль нельга ні напісаць, ні патэлефанаваць, ні пабачыцца са сваякамі. Не выключаю, што адміністрацыя тармозіць яго лісты.
Месцы, дзе яго трымаюць, — гэта адсутнасць руху, сонечнага святла, свежага паветра, нармальнага харчавання. Пасцелі ніякай няма, асабістыя рэчы нельга — толькі туалетная папера, мыла, цюбік зубной пасты, шчотка і футляр для яе. Калі ты доўга адзін, час ідзе павольна, пачынаеш як пад лупай шукаць цікавыя рэчы ў падлозе, столі, шчылінах у сцяне, у акне. У ШІЗА хоць некалькі крокаў можна прайсці. А адзіночная — гэта ўвогуле, там трэба неяк уздоўж сцяны злаўчыцца, каб зрабіць крок. Я не ведаю, як людзі там гадамі сядзяць, — нават для нас, хто прывык да вузкіх прастораў, гэта невыноснае выпрабаванне. Калонія, вядома, Статкевічу здароўя не дадае, А меддапамогу кваліфікаваную яму наўрад ці акажуць. Дактары будуць нешта рабіць з папраўкай на яго палітычную дзейнасць — так, неадкладную акажуць, а так наўрад ці будуць спрыяць яго акрыянню.
Але нас усё гэта не здзіўляла. Было прадказальна, што палітвязням будуць ствараць цяжкія ўмовы. Улада змагаецца з тымі, хто хацеў ліквідаваць яе злачынную арганізаваную дзейнасць, а я толькі так магу назваць тое, як стралялі, збівалі мірных… Ва ўсе часы так было — пераможцаў не судзяць, што называецца. Раз Лукашэнка змог утрымацца з дапамогай незразумелых хлопцаў у масках без апазнавальных знакаў і цаной тысяч ахвяр, значыць, вось такая тыранская ўлада, людзі пад ёй будуць сябе праяўляць гэтак жа і рабіць сваю працу за заробак.
Але я вам хачу сказаць, што ў Лукашэнкі нават сярод адміністрацыі электарату няма. Малодшы афіцэрскі склад, якія-небудзь начальнікі атрадаў, кантралёры ці вольнанаёмныя — вельмі мала хто ў 2020-м быў за дзейную ўладу. Проста яны адкрыта не выказвалі сваёй грамадзянскай пазіцыі, а, хутчэй, у асабістых размовах: «Слухай, што там на волі? Ты за Лукашэнку?» Ён кажа: «Хлопцы, мне 25 гадоў, ну які Лукашэнка?! Што за дурныя пытанні? Вядома, я хацеў бы пераменаў. Я стаміўся так жыць. Вы паглядзіце, што вакол адбываецца». Толькі адзінкі сярод міліцыі на нейкіх высокіх пасадах згодныя, хтосьці нават вымушана і потым даслужвае кантракт і сыходзіць. Маладыя ўсе разумеюць, ну і тыя, хто з гарадоў. А хто з вёсак, глядзіць дзяржканалы, у каго адукацыя трошкі кульгае, — яны слаба разумеюць, хто ва ўладзе і што адбываецца.
Але ў цэлым з’яўленне палітвязняў на жыццё ў калектыве не паўплывала — ціск на іх быў кропкавы. А нам, астатнім, іх негалосна ставілі ў прыклад: «Вы не вінаватыя — а вось ён будзе адказваць!» І іх каралі, а іншых не так — маўляў, глядзіце: ён пайшоў супраць улады, а вы не пайшлі — вы добрыя. Памятаю, у кагосьці з палітычных было права на памілаванне, але дакументы адміністрацыя адмовілася рыхтаваць, бо ўсё гэта кладзецца на яе плечы.
А вось ідэалогія пасля пратэстаў, вядома, узмацнілася. У нас быў абавязковы прагляд навін, нейкія дыспуты, конкурсы насценгазет і плакатаў (умоўна) «Я беларус і гэтым ганаруся». Шмат стала гістарычнай памяці: «Дзяды ваявалі, генацыд, вёскі немцы спальвалі». Пасля пачатку вайны ва Украіне пайшла яшчэ мацнейшая прапагандысцкая праца ўсімі магчымымі спосабамі і з закаранелымі крымінальнікамі, і з тымі, хто выпадкова трапіў у калонію. Але яна, вядома, ніякага эфекту не давала і станавілася нагодай для кпінаў. Разумееце, з-пад палкі гэта не выхаваеш.
«Глядзіш на сяброў, якія чагосьці дабіліся, а я такі голы-босы, ні хаты ні лапаты»
Пакуль я сядзеў, на волі адбыўся тэхналагічны прарыў. Я шмат у чым быў падкаваны да калоніі і не зусім адстаў, стараюся ўсё даганяць, засвойваю бытавыя дробязі. Але пакуль нязвыкла, што, умоўна, на касе прыкладваюць тэлефон замест карткі, ёсць навушнікі бесправадныя. Хоць я першы час хадзіў нават без тэлефона, і людзі дзівіліся.
Адрозненні, хутчэй, заўважаю ў грамадстве — акцэнт зрушыўся на спажывецтва: больш крамаў адзення, буцікоў, кава на вынас. Раней час без кавы бавілі… Цяпер яшчэ мацней трэба спадабацца адно аднаму ў добрых акулярах Ray Ban і белых красоўках. Нібыта гэта ўсё было, але не да такой ступені. Яшчэ ёсць грумінг. Якая стрыжка сабак, пра што вы? Але я яшчэ магу прыняць, а людзі старэйшага ўзросту дзівяцца. З’явіліся нейрасеткі, GPT-чат, усюды боты — нават у тэхпадтрымцы банкаў. Адчуваецца татальнае сачэнне за людзьмі ў інтэрнэце, мэсэнджарах. Смартфоны — проста кландайк для спецслужбаў. Калі масавае мерапрыемства, ахоўнікаў з шаўронамі АМАП больш, чым тых, што адзначаюць. Ды і камеры ўсюды. Ад людзей, якія іх ставяць, ведаю, што ўсё злучанае ў агульную сетку і зліваецца на серверы, чалавека ў рэжыме анлайн можна знайсці, нават калі ён у масцы, акулярах і з барадой, бо могуць апазнаць па форме чэрапа. І ў міліцыі ж фатаграфуюць людзей з пяці-шасці розных пунктаў — нахіляеш галаву, паварочваеш твар.
Калі я задумваюся, што столькі гадоў страціў у турме, адразу не хочацца пра нешта казаць, пачуваешся прыгнечаным праз памылкі маладосці, што быў такі безразважны. Гэта цяжка, балюча ўсведамляць. Тэрмін, асабліва вялікі, — вельмі сур’ёзная рэч. Я ўжо не той, не змагу ажыццявіць мары, пра якія думаў. Хочацца нібыта жыць далей з моманту, калі мяне пасадзілі, разумееце, кніжку чытаць з той старонкі, дзе паклаў закладку. А так нельга. Яшчэ глядзіш на сяброў, якія чагосьці дабіліся, а я такі голы-босы, ні хаты ні лапаты. Тут цяжка нават падбіраць словы…
Сістэма называе калонію папраўчым працэсам, але гэта, хутчэй, акт помсты. І турма, вядома, яшчэ мае вельмі вялікую ўладу нада мной. Што б я ні зрабіў, вельмі высокая імавернасць, што магу трапіць туды зноў. Часам здаецца, што з разеткі выскачыць кадэбэшнік і надзене на мяне кайданкі. Уяўляеце? Вось такія паранаідальныя, нездаровыя думкі бываюць. Неразумна так думаць, але лепш быць асцярожнейшым, чым адчуваць упэўненасць у сваіх дзеяннях. Я баюся зноў сесці. Ужо магу дзесьці і дарогу на чырвоны перабегчы, а ўсё роўна баюся. Думаю: і хай так, лепш буду баяцца, чым занадта упэўненым хадзіць і дзесьці зноў спатыкнуцца. Бо цяпер яшчэ нейкі шанец наладзіць жыццё ёсць, а далей будзе толькі горш.
Міліцыя, вядома, працягвае сачыць за мной. Спачатку хацелі ўладкаваць на «нармальнае дзяржпрадпрыемства» — то-бок на завод, папраўляць гайкі з 8 да 17 з панядзелка да пятніцы. Калі я адмовіўся, ім не спадабалася. Мне рэсацыялізавацца дапамагаюць сябры і бацькі і з працай, і ў бытавым плане. Але ў цэлым былых зняволеных міліцыя ўладкоўвае то на мыйку, то грузчыкамі на прадпрыемства. Цяпер жа не хапае рабочых рук. Ва ўсіх месцах, дзе я быў, вісяць абвесткі, патрабуюцца любыя спецыяльнасці — толькі прыйдзі, мы навучым, і працуй. Таму, думаю, пасля месцаў пазбаўлення волі ўладкавацца будзе няцяжка. А ў самім грамадстве ўсё залежыць ад таго, як ты сябе падасі, як размаўляеш, усміхаешся, сочыш за сабой. Тут хоць ты быў у турме, хоць у пекле — мы ўсе не без граху. Я лічу, не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Ужо нічога не зменіш, з таго, што было, варта толькі чэрпаць досвед, а ён проста бясцэнны.
Я навучыўся жыць турмой, а на волі ў глабальным сэнсе ўсё тое самае — улада такая ж, толькі большага маштабу. І асновы выжывання ў гэтай дзяржаве такія, якія я здабыў у месцах пазбаўлення волі. Проста змяніліся фарбы, трэнды, нейкія нормы. Як кажуць, што войска — гэта школа жыцця, дык вось турма — гэта школа смерці. Так што я выжыў там — выжыву і тут.
Чытайце таксама


