Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных беспілотных лётных апаратаў». Дакумент уводзіць забарону ўвозу, захоўвання, абароту, эксплуатацыі і вырабу беспілотнікаў для фізічных асобаў.
«Дакумент скіраваны на забяспечанне грамадскай бяспекі і рэгламентаванне парадку дзяржаўнага ўліку цывільных беспілотных лётных апаратаў і авіямадэляў, а таксама іх выкарыстання», — гаворыцца ў паведамленні яго прэс-службы.
Цяпер увоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб БПЛА дазволены толькі юрыдычным асобам і ІП для іх «прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці з прытрымліваннем патрабаванняў ва ўказе».
Для ўвозу БПЛА ў краіну трэба будзе атрымліваць дазвол у Дэпартаменце авіяцыі Мінтранса. Таксама ў Беларусі з’явіцца аўтаматызаваная сістэма дзяржаўнага ўліку цывільных БПЛА, якія належаць юрыдычным асобам і (або) ІП.
Цягам паўгода з моманту афіцыйнага апублікавання ўказа фізічныя асобы, у якіх ёсць дроны і беспілотнікі, могуць прадаць іх арганізацыям ці індывідуальным прадпрымальнікам альбо перадаць на захоўванне ва ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам.
Для ўвозу, эксплуатацыі і вырабу БПЛА фізічнымі асобамі ўказ набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання, а што да захоўвання і абароту — праз шэсць месяцаў.