Навіна пра тое, што беларусы, якія з’ехалі, цяпер не змогуць атрымаць пашпарты ў консульствах і пасольствах і для гэтага абавязкова давядзецца вяртацца ў краіну, чакана выклікала хвалю абурэння. Улады дагэтуль не патлумачылі, чаму прынялі такое рашэнне. Мы папрасілі чытачоў «Люстэрка» расказаць, што яны думаюць з гэтай нагоды, — атрымалася даволі злосна.
«Расцэньваю гэта як чарговую спробу дапячы сваім жа грамадзянам»
Васіль, 39 гадоў, Мінск, Беларусь
— Мне здавалася, што мэта ўладаў — выкінуць за мяжу ўсіх нязгодных, каб не перашкаджалі. Навошта ім перашкаджаць жыць за мяжой і тым больш змушаць іх ехаць у Беларусь, мне незразумела. Альбо гэтым улады паказваюць, што яны без гэтых людзей не могуць жыць. Альбо проста гэта нейкая крыўда на тых, хто з’ехаў, і жаданне ім банальна адпомсціць.
Вольга, 23 гады, Батумі, Грузія
— Знаходжуся цяпер за мяжой праз палітычныя рэпрэсіі, вярнуцца ў Беларусь — значыць адразу ж сесці. Таму навіна вельмі засмуціла, пашпарт заканчваецца праз два гады (але ўжо за паўгода да заканчэння і візы не паставяць, і не выедзеш нікуды). У чатах нашыя суайчыннікі таксама трохі запанікавалі, хтосьці зусім трохі не паспеў на замену ці падаўжэнне. Хацелася б спадзявацца, што неяк пытанне вырашыцца з новым пашпартам, які змогуць нам выдаваць, і яго будуць прымаць ва ўсіх краінах. Што рабіць цяпер тым, хто, як я, не можа вярнуцца, незразумела…
Дзмітрый, 33 гады, Порту, Партугалія
— Відавочна, што любыя паездкі ў Беларусь цяпер небяспечныя — у краіне дагэтуль «не да законаў», і вяртацца туды па якія-небудзь дакументы я не збіраюся.
Мне пашанцавала: паспею атрымаць новы партугальскі від на жыхарства па старым пашпарце, а ён будзе на тры гады. То-бок тры гады змагу законна жыць у Партугаліі (хоць і не буду мець магчымасці выязджаць за межы ЕС). За гэты час, хочацца верыць, сітуацыя неяк вырашыцца: альбо пачнуць прызнаваць пашпарты Ціханоўскай, альбо прыдумаюць нейкія іншыя пратаколы наконт таго, як беларусам заставацца ў Еўропе.
Вядома, тым, у каго пашпарт заканчваецца проста цяпер, будзе складаней за ўсё. Спадзяюся, яны змогуць знайсці рашэнне, пры якім застануцца ў бяспецы. І вельмі спадзяюся, што калісьці тыя, хто давёў краіну да стану «часам не да законаў», панясуць за гэта заслужанае пакаранне.
Васіль, 36 гадоў, Варшава, Польшча
— На мінулым тыдні падаў пашпарты дзяцей на замену. Рабіў гэта ў Варшаве. Перажываю, што не абмяняюць. Фармальна не мусяць, але могуць жа знайсці памылку ў чымсьці і адмовіць. Кватэра ў Мінску цяпер таксама не прадасца — даверанасць з Польшчы не спрацуе. Мы не можам вярнуцца ў Беларусь бяспечна. Таму такія навіны аглушаюць. Хоць і цалкам чаканыя. Чакаем пашпарта Новай Беларусі!
Ілля, 33 гады, Парыж, Францыя
— Сказаць, што мы ў шоку, — гэта мякка. Пашпарты ў нас з жонкай заканчваюцца праз 2 гады. Не ездзім у Беларусь пасля падзей 2020-га і не збіраемся, каб пазбегнуць рызыкі. Нават па пашпарт не паедзем. Добрая спроба прывесці мяне, афіцэра запасу, у РАУС. Не, дзякуй. Надзея — паспець атрымаць грамадзянства тут. Ну, ці што сітуацыя зменіцца за гэтыя пару гадоў. Не ўяўляю, што рабіць тым, у каго дакумент заканчваецца найбліжэйшым часам.
Вадзім, 26 гадоў, Варшава, Польшча
— Жыву з жонкай і дзецьмі ў Польшчы больш за паўтара года. У маёй дачкі пашпарт сапраўдны да пачатку красавіка 2024 года. Якраз гэтай восенню планавалі звярнуцца ў консульства для атрымання новага або падаўжэння гэтага. Што рабіць цяпер, мы пакуль не ўяўляем. Спадзяюся, што спрацуе варыянт атрымання польскага праязнога дакумента для замежнікаў.
Я вельмі раззлаваны гэтым рашэннем уладаў, я расцэньваю гэта як чарговую спробу дапячы сваім жа грамадзянам, якія не жывуць у Беларусі. Як і раней, улады прыдумляюць гадасці, хітрасці і хітрыкі для таго, каб людзі вярталіся ў краіну, каб потым з іх здзекавацца: «пакаяльныя» відэа, допыты, роспыты, збор асабістых звестак (выдадзеныя карты паляка, ВНЖ іншых краін), патэнцыйны крымінальны тэрмін, калі ўдзельнічаў у пратэстах. Вельмі хочацца, каб гэтае бязмежжа скончылася як мага хутчэй. Я не хачу бачыць сваю краіну вялікім людаедскім канцлагерам у цэнтры Еўропы.
Алена, 29 гадоў, Клайпеда, Літва
— Мая рэакцыя выключна станоўчая! Такім чынам рэжым прымушае ненавідзець сябе яшчэ больш, паказвае сваю бездапаможнасць і бязлітаснасць у жаданні адпомсціць вольным людзям, якія з’ехалі з краіны і адмовіліся падпарадкоўвацца.
А попыт на пашпарт вольнага беларуса, што цяпер прасоўвае Кабінет Святланы Ціханоўскай, вырасце, і вольныя людзі будуць старацца зрабіць усё, каб хаця б Еўропа яго прыняла.
Але я ўпэўненая, што гэтае дурное рашэнне дакладна не прымусіць людзей ехаць у Беларусь. А наадварот, пакажа, што лепш туды не совацца і гэта проста пастка. Амбасады Беларусі таксама цяпер наогул незразумела навошта патрэбныя: галасаваць нельга, пашпарт падоўжыць або абмяняць нельга. Мабыць, толькі каб пайсці і пакаяцца.
«А можа, адразу: праехаў праз мяжу — значыць, не беларус, і аўтаматам ануляваць пашпарт?»
Ганна, 35 гадоў, Капенгаген, Данія
— Двое дзяцей, якім у наступным годзе мяняць пашпарт. Сяджу ў шоку, толькі хацелі пачаць афармленне, а тут такое. Я лепш падамся тут на бежанства, чым паеду ў Беларусь мяняць пашпарт.
Святлана, 30 гадоў, Лодзь, Польшча
— У тым, што Лукашэнка будзе, як можа, псаваць жыццё тым, хто з’ехаў, я не сумнявалася. Але садзіцца ў турму не паеду, свабода даражэйшая за кватэрку. Лукашэнку я таксама перажыву, гэта гарантавана. Вярнуся, калі яго не стане, тады і разбяруся з нерухомасцю.
Тарас, 33 гады, Прага, Чэхія
— Як можна ставіцца да такой сітуацыі з пашпартам? Кепска, вельмі кепска. У наступным годзе мне трэба будзе яго мяняць. Планаваў запусціць гэтую працэдуру праз амбасаду, але цяпер сэнсу ўжо няма.
Найбліжэйшым часам буду атрымліваць чэшскі пашпарт, які стане асноўным. Беларускі будзе, але як гістарычны дакумент. У сучасную Беларусь я не паеду.
Арцём, 28 гадоў, Ольштын, Польшча
— Паводле новага закона я, атрымліваецца, мушу ўсё тут пакінуць, скажам, на месяц, дзеля замены пашпарта? Гэта поўнае трызненне. Асабіста для мяне няма праблемы вярнуцца ў Беларусь, але які ў гэтым практычны сэнс? Калі раней я яшчэ задумваўся пра захаванне беларускага грамадзянства, то пасля выхаду новага закона я проста ад яго адмоўлюся, як толькі атрымаю польскае. Але, як выявілася, каб адмовіцца ад грамадзянства, трэба яшчэ і заплаціць немалую пошліну (400 еўра. — Заўв. рэд.). «Краіна для жыцця і людзей» — дадаць больш няма чаго.
Раман, 32 гады, Лідс, Вялікабрытанія
— Як да гэтага можна ставіцца? Родная дзяржава не проста паслала нас… за мяжу і ўсімі сіламі паказвала, як не хоча бачыць нас на кантраляванай тэрыторыі. Але цяпер кажа: «Тэрмінова атрымлівайце грамадзянства іншай краіны і пазбаўляйцеся ад беларускага пашпарта, гадзіннічак ужо цікае!» Што ж, калі яны так моцна гэтага хочуць — дабро. Праўда, выхад з грамадзянства падаражэў, але хай не перажываюць, гэтыя трыццаць срэбранікаў я ім выплачу.
«Ну смешна. Яны, відаць, рэальна лічаць, што гэтым прымусяць людзей прыязджаць у Беларусь»
Дар’я, 30 гадоў, Новы-Тарг, Польшча
— Да ўказа пра забарону выдаваць пашпарты за мяжой стаўлюся вельмі адмоўна. Па-першае, праз палітычную сітуацыю не кожны можа прыехаць у Беларусь. Па-другое, з фінансавага боку. У дзіцяці ў пачатку наступнага года заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта. У консульстве памяняць каштуе 100 еўра, а паездка ў Беларусь абыдзецца мне ў вялікую суму. Мы жывём у Польшчы, за 30 км ад мяжы са Славакіяй. Нашмат прасцей даехаць да консульства ў Варшаве, чым у Мінск, улічваючы сітуацыю на мяжы. Але здзіўляцца няма чаму, як заўсёды, «усё для людзей».
Алена, 39 гадоў, Кёльн, Германія
— Я вельмі раззлаваная такім рашэннем. Нават калі не браць у разлік цяперашнюю палітычную сітуацыю і рэпрэсіі, каб прыехаць у Беларусь па новыя дакументы, трэба будзе браць доўгі адпачынак на працы, што не заўсёды магчыма. Таксама такая паездка звязаная з істотнымі фінансавымі выдаткамі.
А калі ўспомніць пра тое, што чакае людзей з уласным меркаваннем у Беларусі… «Родная» дзяржава хоча дацягнуцца да беларусаў хоць неяк.
Ігар, 39, Віяндэн, Люксембург
— Ды я лепш буду абіваць парогі мэрыі ў камуне і мясцовага МЗС для атрымання хоць нейкага дакумента, чым вярнуся па пашпарт. Ну смешна. Яны, відаць, рэальна лічаць, што гэтым прымусяць людзей прыязджаць у Беларусь.
Алена, 45 гадоў, Тбілісі, Грузія
— У мяне дзіця 5 гадоў. Праз год патрэбны новы дакумент для таго, каб ісці ў школу. Няма словаў на ўсё гэта. Ні пад якім соусам я не паеду ў краіну, пакуль не зменіцца ўлада. Чакаю новы пашпарт з «Пагоняй» [ад АПК]. Сама атрымаю яго з задавальненнем і дзіцяці зраблю. Лічу, што такое стаўленне да сваіх грамадзян адкрывае нам магчымасць распачаць шмат справаў па абароне людзей ад свавольства ўлады, прыцягнуць вочы і вушы ўсяго свету да сітуацыі ў нашай краіне. Праз лёсы людзей расказаць пра шмат беларусаў за мяжой і іх стан.
Анастасія, 33 гады, Вільнюс, Літва
— Я паспела памяняць пашпарт літаральна за два тыдні да гэтых навін. А вось калега праз пару месяцаў мусіла ісці ў консульства падаваць дакументы. Беларускія ўлады зрабілі подла, але, калі шчыра, мне здаецца, што за гэтым крокам будзе і іншы. Раз яны забаранілі афармляць даверанасці праз консульства, то, мабыць, будуць нейкія новаўвядзенні па жыллі тых, хто з’ехаў. У мяне ў Мінску кватэра, якую я не хацела прадаваць, бо цвёрда збіралася вярнуцца ў Беларусь. Што з ёй будзе, не ведаю. Але ўпэўненая, што любую ўгоду з ёю ў будучыні прызнаюць несапраўднай, і я змагу яе вярнуць.
Чытайце таксама