Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Все продолжалось меньше 10 минут. Рассказываем о самом кровавом торнадо в мировой истории
  2. Вы красите яйца на Пасху? Объясняем, откуда взялась эта традиция, где яйца красят ржавыми гвоздями и чем писанка отличается от капанки
  3. Лукашенко потребовал поставить на место чиновников в Витебской области. Глава региона будет «не на ногах ходить», а «на руках или голове»
  4. Папа Франциск: латиноамериканец, изменивший Рим и Католическую церковь
  5. «Роман делает даже немного больше, чем требовалось». Интервью со Степаном Путило о списке Forbes, Протасевиче и будущем протеста
  6. Переписали историю, а потом безвольно проиграли. Хоккейное «Динамо» закончило сезон в КХЛ
  7. Сколько зарабатывает компания Баскова на созданном под Лукашенко бренде одежды. Похоже, она получает налоговые «плюшки» — подробности
  8. Полезнее сахара и не накапливает радиацию? О свойствах меда ходят легенды, хотя на деле этого продукта лучше сторониться — объясняем
  9. В Купаловском уже пять лет мало кто хочет работать. Что придумали в этот раз
  10. «Больше всего на Гомельщине». После взлома «Гаюна» прошло более двух месяцев: что известно о связанных с этим задержаниях
  11. Как Кремль манипулирует темой Великой Отечественной, чтобы оправдать вторжение в Украину и создать условия для будущей агрессии против ЕС
  12. Администрация Трампа выдвинула Киеву условия для завершения войны, включая признание Крыма российским и отказ от НАТО — WSJ
  13. В России «обидели» беларусское предприятие, которое поставляет в эту страну военную оптику. Идут судебные разборки, их «засекретили»
  14. Невероятное снижение доллара: опустится ли курс ниже 3 рублей? Прогноз по валютам
  15. Умер папа Франциск
Читать по-русски


Прыкладна кожная сёмая жанчына можа сутыкнуцца з пасляродавай дэпрэсіяй. А кожнай дзясятай не ўдаецца адчуць сувязь з дзіцем, калі яно прыйшло на свет. Гэтыя звесткі супярэчаць міфу пра тое, што мацярынства заўсёды робіць жанчыну шчаслівай: як мінімум гэта нярэдка адбываецца далёка не адразу. «Люстэрка» пагаварыла з беларускамі пра тое, з якімі цяжкасцямі яны сутыкнуліся пасля родаў.

Імёны ўсіх суразмоўніц змененыя з меркаванняў бяспекі.

«Малая прачнулася і пачала крычаць: я зразумела, што маё жыццё скончылася»

Марыне 31 год. Каля двух гадоў таму разам з мужам яна пераехала з Беларусі ў Польшчу. Ужо ў эміграцыі Марына зацяжарала.

— Гэта было запланаваным, мы рыхтаваліся да цяжарнасці. Але разлічыць усё не ўдалося: тэст паказаў дзве палоскі праз тры тыдні пасля таго, як пачалася вайна ва Украіне. Пакуль я выношвала дзіця, стрэс назапашваўся: нестабільная сітуацыя ў Беларусі, ваенныя дзеянні, жыццё ўдалечыні ад дома, а потым памерла мая бабуля. Але ўсе негатыўныя эмоцыі я старалася душыць у сабе, бо «цяжарным нельга хвалявацца». Спрабавала не сумаваць, але пасля нараджэння малой усё тое, што ўва мне збіралася, вырвалася вонкі.

Не дапамаглі нават падрыхтоўчыя курсы для будучых бацькоў, якія Марына з мужам наведвала перад родамі. На занятках яна рыхтавалася не толькі даглядаць дзіця, але і да свайго аднаўлення.

— Самі роды былі без ускладненняў, але я не магла нарадзіць многія гадзіны. У выніку мне зрабілі кесарава, — кажа суразмоўніца. — Пасля яго я доўга адыходзіла ад прэпаратаў, якія мне ўводзілі, і разнастайных абязбольвальных. Першыя два дні мне наогул здавалася, што я памерла і цяпер бачу, якімі маглі б быць маё жыццё і маё дзіця, — настолькі ўсё здавалася нерэальным.

Пасля выпіскі з бальніцы Марыну пачалі наведваць трывожныя думкі. Акрамя гэтага, кажа яна, увесь час «накатвалі гармоны», балела ўсё цела, знік сон. У такім стане, прызнаецца Марына, яна не магла нармальна думаць.

— Ёсць такі сіндром раптоўнай дзіцячай смерці — гэта калі дзеці да года, часцей да трох месяцаў, проста перастаюць дыхаць. Ніхто не ведае дакладна, чаму так адбываецца. Я вельмі гэтага баялася і ўвесь час правярала, дыхае мая дачка ці не, — расказвае жанчына. — Перажывала, калі муж заставаўся з ёй, увесь час баялася, што ён не будзе так маніякальна сачыць за ёй кожную секунду, як я.

Пік жаху, паводле Марыны, у яе здарыўся, калі ў мужа скончыўся адпачынак па доглядзе дзіцяці, які яму далі на працы. Пасля гэтага жанчына пачала больш часу бавіць з дачкой сам-насам.

— Аднойчы ўвечары муж пайшоў у спартзалу, а я засталася адна дома з дзіцем і сабакам: у нас хаскі. На той момант малая плакала гадзіны тры, бо ў яе пачаліся колікі. Я яе ледзь супакоіла, і мы зачыніліся ў спальні. І раптам чую, што сабака чымсьці грукоча на кухні. Я вырашыла праверыць: ён дастаў адкрытую бляшанку з-пад печані траскі і размазаў яе рэшткі па ўсёй кватэры. На алеі ад рыбы я паслізнулася, стукнулася галавой і хвастцом, які пасля родаў і так невыносна балеў ад кожнага руху. Малая прачнулася і пачала крычаць. У гэты момант я зразумела, што жыццё скончылася — мне трэба пайсці ў лазенку і перарэзаць сабе вены, — успамінае суразмоўніца. — А раней у мяне ніколі не было суіцыдальных думак! Гэта быў пераломны момант: я зразумела, што гэта дно. Мы абмеркавалі сітуацыю з мужам і вырашылі нешта з гэтым рабіць.

Пасля гэтага Марына звярнулася па дапамогу да спецыялістаў. Яны дыягнаставалі ёй пасляродавую дэпрэсію.

— Я ведала, што пасляродавая дэпрэсія сустракаецца досыць часта. Хоць я па жыцці трывожны чалавек, думала, што са мной такога не будзе. Але пасля родаў я была найгоршай версіяй сябе: хворай, спалоханай, устрывожанай і нервовай. Цяпер магу сказаць, што я люблю сваё дзіця. Але тады я баялася застацца з ёй сам-насам, баялася, што яна закрычыць або перастане дыхаць. У пасляродавы перыяд усё даходзіла да крайнасці: часам я плакала ад любові да яе, а часам, калі яна моцна крычала, я хацела пайсці прэч, бо дачка ўспрымалася як раздражняльнік.

Добрая навіна для Марыны была ў тым, што з такіх сітуацый ёсць выйсце. Для пачатку псіхолаг параіла знайсці няньку.

— Я сумнявалася, бо баялася пакінуць дачку з чужым чалавекам. Але я ўсё ж напісала ў чат мам горада, дзе цяпер жыву, і адгукнулася жанчына — проста цудоўная. Яна была ў нас тры разы на тыдзень: хадзіла ў краму, гатавала есці, сядзела з малой, а я хаця б спакойна магла прыняць душ.

Псіхіятр, у сваю чаргу, дапамог Марыне падабраць антыдэпрэсанты, сумяшчальныя з грудным кармленнем. Яна кажа, што пасля пачатку прыёму таблетак і сеансаў з псіхолагам стала значна лягчэй. І галоўнае — мацярынства нарэшце пачало прыносіць радасць.

На думку Марыны, праблема ў тым, што усе абмяркоўваюць цяжарнасць у асноўным са станоўчага боку і мала хто кажа пра негатыўны досвед.

— Неяк я расказала адной знаёмай, у якой таксама ёсць дзіця, што ледзь не скончыла жыццё самагубствам. І яна мне адказала, што ў яе таксама такое было, разоў дзевяць. Але ў Instagram можна ўбачыць, толькі як сем'і з маленькімі дзецьмі адпачываюць на морах і што ў іх усё добра. Я разумею, чаму так: на мам да гэтага часу шалёна ціснуць, што яны нібыта павінны быць шчаслівыя. Але калі б хоць якія сяброўкі, што нарадзілі, расказалі мне пра такое, я б адчувала сябе лепш.

Гісторыя Марыны, як лічыць яна сама, з добрым канцом. Але будучым маці яна раіць загадзя вырашыць, хто і як будзе гатаваць і прыбірацца дома ў першыя месяцы, знайсці памочнікаў па гаспадарцы, дамовіцца са сваякамі.

— Лепш не купіць супердарагую і класную калыску, а адкласці грошы на няньку, клінінг і дастаўку ежы, — упэўненая суразмоўніца. — Таксама вельмі важна загадзя, яшчэ на этапе цяжарнасці, знайсці спагадлівае, нетаксічнае атачэнне. Думаю, лепш за ўсё гэта рабіць на курсах будучых мам: жанчыны там у тых жа ўмовах, што і вы, і з імі можна заставацца на сувязі, абмяркоўваючы свае падобныя праблемы, дзяліцца досведам і падтрымліваць адна адну.

«Часта мяне накрывала злосць, былі выбухі агрэсіі»

Цяпер Аліне 28 гадоў, і 12 з іх яна жыве ў Варшаве, куды спачатку прыехала з Беларусі вучыцца. У Польшчы Аліна сустрэла свайго будучага мужа і мінулым летам нарадзіла.

— Гэтая цяжарнасць не была для мяне нечаканасцю, бо мы планавалі завесці дзіця. Я нават запісалася на падрыхтоўчыя курсы: тады яшчэ існавалі кавідныя абмежаванні, таму яны адбывалася ў фармаце відэаўрокаў. Але маральна я ўсё роўна аказалася не гатовая, — прызнаецца жанчына. — Не ведаю, ці магчыма ўвогуле да гэтага маральна падрыхтавацца.

Праблемы пачаліся, калі пасля родаў у Аліны не адразу з’явілася малако. Дактары ёй сказалі, што спачатку дзіця будзе спаць цэлы дзень і можна дазволіць яму гэта рабіць. Але ўжо на другі дзень Аліна зразумела, што больш за сон яе сына цікавіць ежа.

— Думаю, трэба было настойлівей прыстаўляць дзіця да грудзей адразу, у першы дзень. Але мне не хапала дасведчанасці. Я змагла нацадзіць толькі тры мілілітры, а трэба было 30. Глядзела на гэтае малако і проста плакала. Я часта — амаль ад кожнай другой — чула такія гісторыі, што ў некага не было малака ці яго было вельмі мала і трэба было прыкормліваць штучным. Але ў той літаратуры, што я чытала, пра гэта пісалі як пра выключэнне з правілаў.

Аліна лічыць, што такія сітуацыі — вынік недастатковай інфармаванасці жанчын пра лактацыю і амаль адсутнай прафесійнай дапамогі ў гэтай сферы. Праз тое, што жанчына не адчувала сябе упэўнена, яна папрасіла застацца ў бальніцы на дзень больш за адведзеную норму.

— Мне страшна было вяртацца дадому, бо я не ведала, што рабіць з дзіцем. Некалькі разоў на дзень я хадзіла да акушэрак па дапамогу, — расказвае Аліна. — Яны заўсёды ведалі нейкія прыёмы, каб супакоіць дзіця, калі яно плача. І ў іх сапраўды атрымлівалася! Але гэта не вельмі прыемнае пачуццё, калі акушэркі яго супакойваюць за дзве-тры хвіліны, а ты не можаш і за паўгадзіны. Адчуваеш сябе абсалютна бездапаможнай.

Як кажа Аліна, пасля выпіскі ў яе быў пераддэпрэсіўны стан. Але тады яна яшчэ не ведала: пра гэта ёй паведаміў псіхолаг пазней.

— Я не адчувала меланхоліі, але часта мяне накрывала злосць, былі выбухі агрэсіі. Найгоршы момант быў, калі сыну было месяцы тры. На гэта паўплывалі розныя абставіны. Па-першае, нашыя бацькі не ў Польшчы: яны прыязджалі толькі ў першы час пасля родаў. Па-другое, мой муж працуе шэсць дзён на тыдзень па 12 гадзін, таму з дзіцем я найчасцей заставалася сам-насам.

Адным з фактараў, які прывёў жанчыну да такога стану, стаў недасып. Падаецца, гэта відавочна, але Аліна кажа, што не ўсведамляла гэтага да канца.

— Мне падавалася, што ў мяне поўна энергіі. Можа, прачынацца было цяжкавата і не вельмі хацелася, але ёсць дзіця, таму ты проста ўстаеш і робіш, — апісвае суразмоўніца. — Быў такі перыяд, калі сын спаў некалькі разоў на дзень, але па паўгадзіны. І за гэты час ты нічога не паспяваеш зрабіць ад пачатку да канца, бывае, не можаш задаволіць нават свае базавыя патрэбы.

Пры гэтым менавіта з прыняццем дзіцяці праблем у Аліны не было. Але яна кажа, што праз недахоп практычных ведаў нават пасля спецыяльных курсаў застаюцца пытанні, вырашэнне якіх патрабуе шмат эмацыйных высілкаў.

— Існуе міф, што ты разумееш, як усё рабіць, на інстынктыўным узроўні: не, гэта так не працуе, — гаворыць Аліна. — Аднойчы я на хвіліну паклала сына на падушку, і ён адразу рэзка заплакаў. Я паглядзела на ягоную галаву, і мне падалося, што стык касцей на чэрапе выглядае дзіўна. У мяне пачалася паніка, бо мне здалося, што ў яго нешта зрушылася. Калі б нехта быў побач, думаю, гэтага б не здарылася, бо яны б ведалі, што гэта цалкам нармальны выгляд галавы месячнага дзіцяці.

У пэўны момант у Аліны пачалася «амаль фобія» ад прадчування, што сёння яна будзе з дзіцем сам-насам 12 гадзін і нікога не будзе побач. У жанчыны ўжо і так часта здараліся істэрыкі, асабліва пад вечар, калі яна стамлялася і фізічна, і маральна.

Калі сыну было тры с паловай месяцы, Аліна знайшла няньку, а потым, як і Марына, звярнулася да псіхолага. Ён і патлумачыў жанчыне, што з ёй адбываецца.

— Нянька прыходзіла тры разы на тыдзень. Але гэта не вырашыла праблемы цалкам, таму ў выніку я пайшла да псіхолага. Пасля гэтага мне стала значна лепш. Я шкадую, што не звярнулася па дапамогу раней. Нянька — гэта вялікі выдатак, таму я доўга вагалася. Але гэта не пытанне выключна асабістага камфорту, тут важна зразумець, што твой псіхічны стан робіцца не толькі тваёй праблемай, а адбіваецца на тваіх блізкіх, на тваім дзіцяці, — тлумачыць Аліна. — А мне хацелася б, каб у сына было шчаслівае дзяцінства.