Суд асудзіў жыхара Брэста Юрыя Касцюка на чатыры гады калоніі па артыкуле аб садзейнічанні экстрэмізму за тое, што ён дапамагаў палітвязням атрымліваць выплаты ад фондаў падтрымкі, піша «Брэсцкая вясна». У Беларусь яго выслалі з Расіі, дзе ён спрабаваў ускрыць сабе вены падчас экстрадыцыі.
Паводле версіі абвінавачання, Касцюк звязваўся з прадстаўнікамі фондаў BYSOL і ByHelp, шукаў людзей, асуджаных па «экстрэмісцкіх» артыкулах, і перадаваў інфармацыю пра іх у фонды. Тыя пераводзілі для зняволеных грошы на картку польскага банка, якую па просьбе Касцюка адкрылі яго знаёмыя.
Брастаўчанін у сваю чаргу пераводзіў атрыманыя грошы сваякам асуджаных. З 27 лютага 2021 года па 23 лістапада 2022 года ён нібыта атрымаў выплаты на шасцярых чалавек.
Касцюк не прызнаў віну і адмовіўся даваць паказанні на працэсе. Тым не менш суд 13 студзеня прызнаў яго вінаватым па ч.1 арт. 361−4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і асудзіў на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.
Нагадаем, раней Юрый Касцюк ужо адбыў пакаранне ў Беларусі за здзек з дзяржсімвалаў — у лістападзе 2020 года суд прызначыў яму год «хіміі». Пасля прысуд замянілі на больш строгі: 1 месяц і 16 дзён калоніі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Ужо пасля выхаду на волю, у лютым мінулага года, КДБ затрымаў Юрыя за ўдзел у тэлеграм-чаце асуджаных на «хімію» «Волейбол по выходным». У выніку яго асудзілі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Падчас адбыцця адміністрацыйнага пакарання да яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Касцюк быў моцна збіты, было падазрэнне на зламаныя рэбры, паведамлялі беларускія праваабаронцы.
У траўні брастаўчанін з’ехаў за мяжу, а ў Беларусі быў абвешчаны ў вышук. Яго затрымалі 15 траўня, калі ён збіраўся вылецець з Расіі ў Арменію, і экстрадыявалі ў Беларусь.