Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі абвінаваціў Украіну ў правакацыі. У канцы кастрычніка яны ўбачылі БТР з узброенымі людзьмі, які пад’ехаў да ўкраінскіх загародаў. У адказ на гэта памежнікі «занялі агнявыя пазіцыі для адбіцця магчымай агрэсіі і знішчэння баявой тэхнікі і жывой сілы ў выпадку парушэння мяжы», паведамляе прэс-служба памежнага ведамства.
У пункце пропуску Глушкевічы (з украінскага боку — Майдан Копішчанскі) 29 кастрычніка ў 13.23 камерамі відэаназірання быў зафіксаваны рух у бок мяжы з Беларуссю ўкраінскага БТР-80 з групай узброеных людзей у форме. Спыніўшыся перад украінскімі інжынернымі загародамі, бронетранспарцёр развярнуўся і ў 13.33 з’ехаў назад углыб украінскай тэрыторыі.
«У рамках рэагавання на гэтую правакацыю вайскоўцы органаў памежнай службы Рэспублікі Беларусь занялі агнявыя пазіцыі для адбіцця магчымай агрэсіі і знішчэння баявой тэхнікі і жывой сілы ў выпадку парушэння мяжы. Таксама былі прыведзеныя ў баявую гатоўнасць рэзервы», — гаворыцца ў заяве.
У ДПК адзначылі, што «нізкая дысцыпліна ўкраінскіх сіл тэрытарыяльнай абароны, якія знаходзяцца паблізу мяжы, і іншых ваенізаваных фарміраванняў спрыяе ўзнікненню правакацыйных сітуацый на мяжы і можа прывесці да ўзброенага боесутыкнення».
Адзначым, што 2 лістапада ў сеціве з’явілася відэа, знятае на ўкраінскім баку. Яно суправаджалася словамі «Паехалі на беларусаў глянуць. Яны схаваліся, сядзяць! Думаюць, гэта ўжо наступ!» Сам ролік даволі кароткі, зняты ад першай асобы, на кадрах відаць толькі пярэдняя частка бронетранспарцёра з гарматай у чахле. БТР выязджае на асфальтаваную дарогу, справа ад яго відаць знак з надпісам «Украіна».