Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Путин объявил еще одно перемирие на украинском фронте
  2. Что будет с теми, кто в 2020-м выходил на протесты, когда закончится срок давности по «народной» 342-й статье? Спросили аналитика
  3. В прошлый раз иностранцы массово переселились в Беларусь в 17 веке, а последствия чувствуются до сих пор. Рассказываем
  4. «Прошло 86 часов». Коллапс на беларусско-польской границе — автомобили и автобусы стоят в очереди сутками
  5. Хитрая тактика или отсутствие техники? Эксперты рассказали, почему российские войска едут в штурмы на мотоциклах
  6. Всех, кто в воскресенье ехал из Беларуси в Россию и обратно, проверяли военные. Рассказываем
  7. «Боюсь, ночью могут начаться мародерства». Беларусы Испании и Португалии рассказали «Зеркалу», как переживают глобальный блэкаут
  8. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  9. Власти хотят ввести новшества по пассажирским перевозкам
Читать по-русски


Віталь Бунечка кіруе Жытомірскай вобласцю амаль пяць гадоў. Праз некалькі месяцаў пасля таго, як чыноўнік уступіў на пасаду, у Жытоміры праходзіў II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, куды прыехаў і Аляксандр Лукашэнка. «Ён тады спрабаваў вучыць прэзідэнта Зяленскага, расказваў пра сваю веліч і як ён кіруе дзяржавай», — успамінае суразмоўца. Мы пагаварылі з Віталём Бунечкам пра тое, што цяпер адбываецца на мяжы дзвюх краін, нефармальныя зносіны з нашымі чыноўнікамі, Лукашэнкам, удар Украіны па Беларусі і вайну.

Виталий Бунечко у себя в кабинете, июль 2024. Фото: пресс-служба Житомирской областной военной администрации
Віталь Бунечка ў сябе ў кабінеце, ліпень 2024 года. Фота: прэс-служба Жытомірскай абласной ваеннай адміністрацыі

Наш суразмоўца прасіў пісаць словы «Беларусь», «Расія», «Лукашэнка», «Пуцін» з маленькай літары. Мы прытрымліваемся правілаў рускай і беларускай моваў і не можам пайсці яму насустрач, аднак лічым важным згадаць гэтую дэталь нашай гутаркі.

Слуп, мяжа, удар

— У вас у кабінеце шмат дзівосных рэчаў: макет ракеты, лямпа з ракеты, мадэлі танкаў, разнастайныя мячы. Адкуль гэта ўсё?

— Па-першае, гэта напамін пра рознабаковасць пасады кіраўніка вобласці. А па-другое, гэта элемент псіхалагічнай разгрузкі, тое, што дапамагае не зачарсцвець. Я фактычна знаходжуся на пасадзе пяць гадоў і паводле старой добрай нашай украінскай традыцыі, як добры гаспадар, усё цягну дадому. Гэта нагадвае мне пра тыя месцы, дзе я быў, пра людзей, з якімі сустракаўся.

Калі браць ракету, то гэта сімвал таго, што Жытоміршчына — радзіма Сяргея Паўлавіча Каралёва (адзін са стваральнікаў ракетна-касмічных тэхналогій. — Заўв. рэд.). Памежны слуп сімвалізуе, што нашая вобласць мяжуе з Рэспублікай Беларусь. Макет танка, самалёт — гэта ад нашых вайсковых падраздзяленняў, з якімі мы актыўна ўзаемадзейнічаем і якіх падтрымліваем.

— Памежны слуп наўпрост з мяжы Беларусі?

— Ён ад кіраўніка памежнай службы, сведчыць пра тое, што мы памежная вобласць, а таксама пра тое, што варожыя войскі не перайшлі мяжу на тэрыторыі нашай вобласці. Нягледзячы на тое, што ў нас было дзевяць населеных пунктаў пад акупацыяй, заходу расіян праз украінска-беларускую мяжу на Жытоміршчыне не было. Акупанты заходзілі праз Чарнобыльскую зону.

— Вайна ідзе ўжо больш за 2,5 года. Як за гэты час пацярпела вобласць? Колькі людзей загінула?

— Насамрэч гэтая вайна доўжыцца ўжо 11 гадоў. Менавіта столькі Украіна дае адпор подламу ворагу. А гібрыдная вайна, якую Расія вядзе супраць Украіны і многіх краін у свеце, цягнецца яшчэ даўжэй.

Калі казаць пра поўнамаштабнае ўварванне, то Жытоміршчына асабліва моцна пацярпела ад расійскіх бамбардаванняў у першыя месяцы. Тады расійская авіяцыя вельмі часта заходзіла для нанясення ўдараў менавіта з боку Беларусі. Да прыкладу, у населеных пунктах Аўруцкай абшчыны (ва Украіне раёны дзеляцца на гарадскія, пасялковыя і сельскія тэрытарыяльныя абшчыны. — Заўв. рэд.), размешчанай за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад мяжы з Беларуссю, вораг знішчаў мірныя дамы часам ледзь не цэлымі кварталамі.

Быў разбураны Цэнтр адміністрацыйных паслуг і іншыя аб’екты, якія не мелі ніякага дачынення да ўкраінскай арміі. У Народзіцкай абшчыне была разбураная Царква Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, якую пабудавалі ў 1862 годзе, а ў Маліне (горад у Жытомірскай вобласці. — Заўв. рэд.) на цэнтральнай плошчы — храм Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. У Жытоміры пад удар трапіў перынатальны цэнтр, дзе знаходзіліся маладыя мамы і немаўляты.

Прамое траплянне расійскай ракеты ў адзін з ліцэяў Жытоміра здарылася ранкам, калі дзеці мусілі пачаць вучыцца. На шчасце, у пачатку поўнамаштабнага ўварвання мы прынялі рашэнне адмяніць урокі. Ліцэй знаходзіцца тут побач, за акном, за 100 метраў. Невядома, што было сапраўднай мэтай удару.

Усяго з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскія войскі ажыццявілі больш за 130 ракетна-бомбавых удараў і атак дронамі-камікадзэ па Жытоміршчыне. У выніку загінулі 36 цывільных. Трое з іх — дзеці. Яшчэ 12 дзяцей атрымалі раненні. Разбураныя і пашкоджаныя амаль 5 тысяч цывільных аб’ектаў. У здаровага чалавека такое не ўкладваецца ў галаве. Таму, хто гэтага ўсяго не бачыў і не адчуў, цяжка ацаніць увесь цынізм таго, што чыніць Расія на ўкраінскай зямлі.

Виталий Бунечко во время встречи с украинскими военными. Фото: страница политика в Facebook
Віталь Бунечка падчас сустрэчы з украінскімі вайскоўцамі, снежань 2023 года. Фота: старонка палітыка ў Facebook

Рабаванне, Лукашэнка, здрада

— Давайце абмяркуем Беларусь. Ці было прымусовае адсяленне ўкраінцаў з памежных тэрыторый?

— Не. У нас было дзевяць населеных пунктаў пад акупацыяй. Усіх, хто захацеў, мы эвакуявалі. На момант акупацыі там заставалася 56 чалавек. Гэта былі простыя сяляне, старыя, магчыма, таму такіх бясчынстваў, якія мы бачылі ў Бучы і Ірпяні, у нас не было. У нас проста рабавалі. Калі адыходзілі, расіяне везлі з сабой нават рыдлёўкі і вёдры. Як сказала мясцовая бабуля: «Гэта рыдлёўка ім для таго, каб сабе капаць магілу».

Ціхія палескія вёскі на сабе зазналі, што такое расійская «братэрская любоў». Расійскімі атакамі ў Народзіцкай абшчыне былі разбураныя і пашкоджаныя больш чым 600 жылых дамоў і складскіх памяшканняў. Уцякаючы, акупанты пакідалі пасля сябе знішчаныя танкавымі гусеніцамі дарогі, узарваныя масты, разбітыя платы і дамы, замініраваныя парогі і вокны дамоў. На жаль, нават цяпер людзі трапляюць у расійскія мінныя пасткі.

— Што цяпер адбываецца на мяжы з Беларуссю?

— Я скажу так: калі хтосьці захоча зайсці з Беларусі ў Жытомірскую вобласць, то ён атрымае сапраўднае пекла. Мы з 24 лютага пастаянна нарошчваем глыбока эшаланаваную лінію абароны: равы, супрацьтанкавыя вожыкі, зубы цмока. Вельмі шмат усяго, пра што я не магу сказаць не толькі вам, але і наогул нікому.

Украина укрепляет границу с Беларусью в Житомирской области, март 2024 года. Скриншот: страница Виталия Бунечко в Facebook
Украіна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю ў Жытомірскай вобласці, сакавік 2024 года. Скрыншот: старонка Віталя Бунечкі ў Facebook

— Вы цяпер бачыце патэнцыйную пагрозу з боку Беларусі?

— Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі ўжо больш за два гады запалохваюць украінцаў, выкарыстоўваючы фактар патэнцыйнага непасрэднага ўдзелу Беларусі ў расійска-ўкраінскай вайне. Мы памятаем, адкуль вораг рушыў на Кіеў, і ні на хвіліну не забываем пра такую пагрозу. У той жа час рэальна ацэньваем сітуацыю, грунтуючыся на звестках разведкі, абстаноўцы на палігонах і іншых важных для варожай арміі аб’ектах на тэрыторыі Беларусі. Цяпер сіл для ўварвання там няма.

На жаль, я асабіста чуў фразу ў 2019 годзе (тады ў Жытоміры праходзіў II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. — Заўв. рэд.) ад Лукашэнкі, што з вашага боку могуць заехаць толькі трактары і камбайны (пра гэта беларускі палітык казаў і ў 2018 годзе. — Заўв. рэд.). А атрымалі танкі. Аказваецца, не ўсе ў міжнароднай палітыцы адказваюць за свае словы. А тады мне, як маладому палітыку, гэта было прыемна чуць. Я не думаў, што людзі, прабыўшы столькі гадоў прэзідэнтам, могуць дазволіць сабе парушыць слова.

— Для вас асабіста Беларусь цяпер вораг?

— Мы добра ведалі Беларусь да вайны. Я неаднаразова бываў у Мінску. Самі беларусы ў мяне выклікалі сімпатыю. Але палітыка, а дакладней, нават палітыкі вашай дзяржавы здолелі ўсё гэта перакрэсліць. Хочацца верыць, што ўся гэтая крывадушнасць, аўтарытарызм, поўнае ігнараванне правоў людзей і міжнародных законаў на вашай тэрыторыі спыніцца.

— У вашым тэлеграм-канале Беларусь пішацца з маленькай літары. Чаму?

— Гэта стаўленне да хлуслівасці і да таго, што замест трактароў і камбайнаў мы атрымалі танкі і самалёты. Цяпер, на жаль, гэта вытворнае ад слова «Расія». А ў мяне не падымаецца рука напісаць слова «Расія» з вялікай літары.

Словы Лукашэнкі я асабіста чуў. І думаю, што палітыкі, якія знаходзяцца ва ўладзе, абавязаныя знайсці магчымасць, каб іх краіну штучна не ўцягвалі ў вайну супраць суседняй дзяржавы, якая нічым не справакавала такога кроку.

— З Аляксандрам Лукашэнкам удалося тады асабіста пагаварыць? Якое было ўражанне?

— З ім размаўляў Уладзімір Аляксандравіч [Зяленскі]. Лукашэнка, як дасведчаны палітык, тады спрабаваў вучыць прэзідэнта, расказваў пра сваю веліч і як ён кіруе дзяржавай. А насамрэч веліч скончылася роўна пасля таго, як праз тэрыторыю Беларусі да нас заехалі танкі і праляцелі самалёты. Веліч, якая грунтуецца на страху, хлусні і падмане. Таму і Беларусь, на жаль, я пакуль вымушаны пісаць з маленькай літары, але гэта абсалютна не адлюстроўвае майго стаўлення да простых беларусаў. Гэта вельмі адкрытыя і добрыя людзі, якія, я думаю, дакладна не хочуць зла Украіне.

Александр Лукашенко и Владимир Зеленский во время Второго форума регионов Беларуси и Украины в Житомире, октябрь 2019 года. Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі падчас II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Жытоміры, кастрычнік 2019 года. Фота: Reuters

— Вы тады таксама сустракаліся з беларускімі чыноўнікамі? Якое ў вас меркаванне пра іх?

— Чынашанаванне і рабалепства — у мяне склалася такое ўражанне. Старая гвардыя, яны даўно на сваіх пасадах, абагаўляюць Лукашэнку і слепа вераць усяму, што ён скажа.

Сітуацыя была падчас урачыстай вячэры ў нефармальнай абстаноўцы. Тады былі губернатары з Беларусі, і нехта спытаў: «А вы ўжо пераехалі ў сваю рэзідэнцыю?» Мяне тады збянтэжыла гэтае пытанне. Я потым цікавіўся ў калег з іншых абласцей ва Украіне, ці жыве хтосьці з іх у рэзідэнцыі, думаў, што мяне абдзялілі (смяецца). Усё ж мы далёка адышлі ад такіх таталітарных штучак. Я, працуючы пяць гадоў кіраўніком вобласці, арандую жыллё. На жаль, некаторыя з маіх калегаў цяпер абавязаныя ездзіць на браневіках і хадзіць з аховай, бо знаходзяцца ў рэгіёнах, дзе па-іншаму, на жаль, нельга.

— А хто-небудзь з беларускіх чыноўнікаў пасля пачатку вайны напісаў ці патэлефанаваў?

— Ніхто. І гэта было таксама непрыемна, бо ў нас, у прынцыпе, развіваліся добрасуседскія адносіны. Жыхары памежных раёнаў ездзілі адно да аднаго ў госці, беларусы прыязджалі да нас на азёры, нашыя людзі ездзілі на рынак да вас, вы да нас — быў такі абмен. Але потым усё змянілася.

— Другі форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны быў патрэбны?

— На той момант — так. Ён задумваўся як абмен досведам. На цэнтральнай плошчы Жытоміра была выстава беларускай тэхнікі. Былі падпісаныя кантракты. У нас было шчыльнае эканамічнае ўзаемадзеянне. Цяпер закрытая мяжа прымусіла нашых прадпрымальнікаў, якія былі арыентаваныя на беларускі рынак, пераарыентавацца на Еўропу. Раней у нас былі добрыя суседзі, а цяпер, на жаль, глухая сцяна, якую мы працягваем закопваць і мініраваць.

— Вы палкоўнік, 23 гады прапрацавалі ў СБУ на розных пасадах. Вам даводзілася перасякацца з беларускімі спецслужбамі?

— Не. У мяне не было непасрэднага ўзаемадзеяння з імі… Я думаю, што ў вас [журналістаў] і людзей з беларускай апазіцыі значна большы досвед зносін з гэтымі людзьмі. І вы, як і мы, выдатна разумееце, што ў гэтай вайне мы павінныя перамагчы. Інакш гэта будзе канчатковая параза і для Беларусі. Вы будзеце проста перашкаджаць іх далейшаму прасоўванню на краіны Балтыі, і па вас пройдуць маршам. Растаптаўшы тыя рэшткі незалежнасці, якія спрабуе дэманстраваць беларусам Лукашэнка.

— На вашую думку, калі з тэрыторыі Беларусі паўторацца ракетныя абстрэлы, Украіна павінная ўдарыць у адказ?

— Думаю, што на любое супрацьпраўнае дзеянне мусіць быць сувымерны адказ. У пачатку поўнамаштабнага ўварвання вы пратранзіцілі расійскія войскі. У нас на той момант не было сіл, сродкаў і часу адказаць. Гэты заход быў ударам спадцішка. Вельмі па-здрадніцку. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь аддало тэрыторыю вашай дзяржавы для расійскай тэхнікі, салдат, самалётаў, якія бамбілі мірныя гарады.

Вид на жилые дома, разрушенные во время вторжения России в Украину в городе Ирпень под Киевом, Украина, 29 апреля 2022 года. Фото: Reuters
Від на жылыя дамы, разбураныя падчас уварвання Расіі ва Украіну ў горадзе Ірпень пад Кіевам, Украіна, 29 красавіка 2022 года. Фота: Reuters

Вынас губернатара, тэрыторыі, шкадаванне

— Самае важнае рашэнне, якое вы прынялі пасля 24 лютага 2022 года?

— Стаяць да канца. І ведаеце, было вельмі страшна. Я гэта запомніў на ўсё жыццё, калі была пагроза заходу ў Жытомір, мы прынялі рашэнне, што сыходзім з мэрам апошнімі. І цяпер мы будзем стаяць да апошняга і рабіць усё, каб вызваліць нашую зямлю ад бруднага бота, які яе топча, і каб аднавіць мір і добрасуседства з дэмакратычнай Рэспублікай Беларусь.

— У пачатку вайны вы асцерагаліся, што расіяне цалкам акупуюць вобласць? Як вы рыхтаваліся?

— Мы не баяліся, мы былі гатовыя ваяваць, як ваявалі ў іншых абласцях. Тут столькі народу хадзіла з патрабаваннем выдаць зброю, і мы гэта рабілі. Былі добраахвотныя фарміраванні. Потым гэтая зброя назад збіралася, калі вораг быў адкінуты.

Хто хацеў збегчы, той адразу з’ехаў, не стаў замарочвацца абаронай роднага дому, але большасць, хто чым мог, — дапамагала. Была кансалідацыя грамадства, усе палітычныя звады адышлі на задні план.

Мы неяк з маім намеснікам вярталіся з ваеннай нарады. Людзі насыпалі пясок у мяшкі і закладвалі вокны і дзверы ў абласной адміністрацыі. І ён кажа: «Гэта і ёсць сапраўднае волевыяўленне. Бо гэтыя ж людзі ў 2014 годзе „выносілі“ з будынка губернатара, а цяпер яны губернатара абараняюць». Менавіта людзі прымаюць рашэнне, і калі нешта не так, то з гэтага кабінета, дзе мы размаўляем, яны проста прыйдуць і выведуць мяне. Людзі тады абаранілі адміністрацыю, каб мы маглі працаваць і прымаць рашэнні.

Виталий Бунечко на границе Украины и Беларуси. Фото: страница политика в Facebook
Віталь Бунечка на мяжы Украіны і Беларусі, 29 сакавіка 2024 года. Фота: старонка палітыка ў Facebook

— Як вам падаецца, цяпер больш украінцаў згодныя на тэрытарыяльныя саступкі дзеля заканчэння вайны, чым год ці два таму? Наколькі іх шмат?

— Цяжка сказаць. Гэта ўсё вельмі маніпулятыўна. Што такое аддаць свае тэрыторыі? Давайце я прыйду да вас дадому і забяру нейкі пакой, бо я мацнейшы. NATO ж не забірае чужыя тэрыторыі, бо ў іх ёсць ядзерная зброя? Відаць, не так зямны шар уладкаваны.

— Пра што была вашая апошняя размова з прэзідэнтам Зяленскім?

— Пра абарону вобласці — пра тое, што зроблена, што робіцца, што плануем зрабіць. Вы ведаеце, на іншыя размовы, на жаль, апошнія 2,5 года няма часу.

— Часта ўдаецца цяпер пагаварыць з прэзідэнтам?

— Па меры неабходнасці. У пачатку вайны мы размаўлялі некалькі разоў на дзень. Гэта часта ці нячаста? Зразумела, што за апошнія 2,5 года я не чую: «Алё, прывітанне. Як справы?» Адразу канкрэтнае пытанне. Няма магчымасці пагаварыць на адцягненыя тэмы. Толькі пытанні бяспекі.

— У канцы размовы мы ва ўсіх нашых гасцей пытаем, калі і як скончыцца вайна.

— Нашай перамогай, калі мы пераможам. Другая частка пытання значна лягчэйшая, чым першая.

— Думаеце пра нейкія тэрміны?

— Не. Мы працуем, мы развіваемся, мы пастаянна ўзаемадзейнічаем з вайсковым кіраўніцтвам. Мы ўсе робім, каб перамагчы.

— За гэты час не пашкадавалі, што вырашылі стаць кіраўніком вобласці?

— Ніводнага разу.

Чытайце таксама