У выніку правядзення «чэкісцкай ваеннай аперацыі ў памежжы былі затрыманыя ўдзельнікі дыверсійна-разведвальнай групы». Пра гэта заявілі ў КДБ, піша БЕЛТА.
Як паведамілі ў ведамстве, у ноч з 14 на 15 лютага ў Лельчыцкім раёне было «зафіксаванае парушэнне групай грамадзян дзяржаўнай мяжы Беларусі з боку Украіны».
«У выніку правядзення пошукавых мерапрыемстваў асобныя з іх затрыманыя. У затрыманых былі знойдзеныя выбуховыя прылады і іншыя сродкі паражэння. Было прынятае рашэнне пра ўвядзенне рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Лельчыцкага раёна. Раён быў блакаваны. Была праведзеная чэкісцкая ваенная аперацыя, у выніку якой у памежжы затрыманыя ўдзельнікі дыверсійна-разведвальнай групы, якая складаецца з грамадзян Украіны, Беларусі і іх памагатых», — гаворыцца ў заяве.
КДБ назваў імёны затрыманых у Лельчыцкім раёне ў выніку «контртэрарыстычнай аперацыі». Гэта грамадзяне Украіны — бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчукі і беларус Віталь Уласюк.
«Сярод затрыманых — грамадзяне Украіны Сяргей і Павел Кабарчукі, бацька і сын адпаведна. Сяргей Кабарчук (мянушка „Батлер“), 1963 года нараджэння, пражывае ў Ковельскім раёне Валынскай вобласці, з’яўляецца былым супрацоўнікам Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Пасля звальнення займаўся кантрабанднай дзейнасцю сумесна з сынамі Багданам 1997 года нараджэння і Паўлам 1993 года нараджэння („Батлеры малыя“). Быў таксама затрыманы грамадзянін Беларусі Віталь Уласюк 1970 года нараджэння, жыхар Брэста», — гаворыцца ў паведамленні.
У Камітэце дзяржбяспекі сцвярджаюць, што выбуховыя прылады, якія пераносілі «ўдзельнікі дыверсійна-разведвальнай групы, прызначаліся для здзяйснення тэрактаў перш за ўсё на тэрыторыі Расіі і Беларусі».
«Выяўлена, што закід ДРГ у Беларусь праз мяжу арганізаваны Службай бяспекі Украіны, супрацоўнікі якой сумесна з Дзяржаўнай памежнай службай Украіны папярэдне правялі даразведку мясцовасці. Выбуховыя прылады былі перададзеныя ўдзельнікам ДРГ непасрэдна перад пераходам беларускай мяжы.
Падчас правядзення контртэрарыстычнай аперацыі (КТА) адзначалася актыўнасць вядзення паветранай і іншых відаў разведкі ў раёне правядзення КТА. Украінскія спецслужбы спрабавалі высветліць абставіны правалу дыверсійна-разведвальнай групы і прыняць меры па нейтралізацыі негатыўных наступстваў для Украіны», — заявілі ў ведамстве.
У дачыненні да затрыманых распачатыя крымінальныя справы:
- арт. 13 і арт. 289 (Падрыхтоўка да акту тэрарызму);
- арт. 358−1 (Агентурная дзейнасць) КК Беларусі.
Нагадаем, сёння, 16 лютага, Лукашэнка заявіў пра затрыманне дыверсантаў, якія нібыта прабіраліся з Украіны.
«З дапамогай дронаў, па балотах некаторыя з украінскіх грамадзян перапаўзалі на нашую мяжу, перакідвалі выбухоўку для ажыццяўлення дыверсій перш за ўсё на тэрыторыі Расіі і Беларусі. Толькі што скончылася контртэрарыстычная аперацыя, якой вы не заўважылі. Гэта добра. Гэта не вашая справа. Вы павінныя спакойна рабіць сваю працу. Толькі што чэкісцка-ваенная аперацыя завяршылася. Затрыманыя былі ўсе дыверсанты. А сярод іх і беларусы», — расказаў Лукашэнка.
Ва Украіне ўжо адрэагавалі на яго заявы, адзначыўшы, што «лукашэнкаўскі абсурд не спыняецца».
Напярэдадні ў Лельчыцкім раёне на мяжы з Украінай быў абвешчаны рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. У мясцовым райвыканкаме паведамлялі, што гэта вучэнні.