Для беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, з’явілася чарговае новаўвядзенне. Яно датычыць тых, хто трапіў у базу «дармаедаў» і мусіць аплачваць поўнымі тарыфамі жыллёва-камунальныя паслугі. Змены прадугледжаныя пастановай урада.
Хто з тых, хто з’ехаў за мяжу, цяпер мусіць плаціць за ЖКП поўнымі тарыфамі
Цяперашнія змены закранаюць тых беларусаў, якія выехалі за мяжу больш чым на 30 дзён. Нагадаем, у сакавіку 2022 года ў Беларусі ўвялі змены што да «ўтрыманцаў». Яны прадугледжваюць, што «дармаедамі» лічацца тыя, хто з’ехаў за мяжу больш чым на 30 дзён. Нават калі той, хто з’ехаў, працуе ці вучыцца за мяжой. Але тут ёсць выключэнне: гэта не датычыць тых, хто працуе ці праходзіць навучанне ў краінах ЕАЭС — Арменіі, Казахстане, Кыргызстане, Расіі.
Што для тых, хто з’ехаў, змяніў урад па «дармаедстве»
З 4 лістапада ўрад уводзіць змяненне, паводле якога беларусам, якія трапілі ў базу «дармаедаў» праз выезд за мяжу больш чым на 30 дзён, змогуць пералічваць ЖКП поўнымі тарыфамі за больш ранні перыяд, чым з моманту ўключэння ва «ўтрыманцы». Чыноўнікі змогуць зрабіць гэта ў тым выпадку, калі высветліцца, што чалавека ўключылі ў базу «дармаедаў» са спазненнем, то-бок былі падставы зрабіць гэта яшчэ раней. Да прыкладу, у ліку «ўтрыманцаў» ён аказаўся толькі пасля двух месяцаў выезду за мяжу, хоць яго мусілі ўключыць праз 30 дзён. Дзякуючы цяперашнім карэкціроўкам яму змогуць пералічыць ЖКП па поўных тарыфах за больш ранні перыяд.
«Утрыманцам», у якіх ёсць ва ўласнасці жыллё, будуць выстаўляць па поўных тарыфах плацяжы за газазабяспечанне, ацяпленне і гарачую ваду.
За які перыяд змогуць пераглядаць «дармаедства»?
У пастанове ўрада гаворыцца пра перагляд сфармаваных спісаў «дармаедаў» за мінулыя перыяды — квартал, месяц. У Беларусі ёсць дзве базы «ўтрыманцаў». Адну пераглядаюць адзін раз на квартал, а другую — адзін раз на месяц, яна створаная спецыяльна для тых, хто з’ехаў за мяжу, у яе ўносяць тых, хто з’ехаў з краіны больш чым на 30 дзён. Звесткі для гэтай базы перадае Дзяржпамежкамітэт.
Відавочна, колькасць месяцаў і кварталаў, за якія чыноўнікі змогуць задняй датай налічваць тым, хто з’ехаў з краіны, плацяжы за ЖКП па поўных тарыфах, не абмежаваная. «У выпадку выяўлення працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы,
якія падлягалі ўключэнню ў спісы за мінулыя перыяды, такія спісы
пераглядаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, якія дзейнічалі на дату іх
фармавання, — гаворыцца ў пастанове ўрада. — Пры гэтым улічваюцца ўсе перыяды фармавання, пачынаючы з месяца, з якога названыя грамадзяне падлягалі ўключэнню ў спісы за мінулыя перыяды».
Цяперашнія змены прадугледжаныя пастановай урада № 756.
Чытайце таксама