Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  2. Прадстаўнікі Ціханоўскай і Лукашэнкі перасекліся ў Ватыкане. Спыталі, пра што яны гаварылі
  3. Ситуация с курсом доллара в обменниках начала меняться
  4. Власти хотят ввести новшества по пассажирским перевозкам
  5. «Велізарная супярэчнасць». Чаму Літва, Латвія і Польшча не маюць рацыі, адмаўляючыся запускаць у Беларусь пасажырскія цягнікі. Меркаванне
  6. В прошлый раз иностранцы массово переселились в Беларусь в 17 веке, а последствия чувствуются до сих пор. Рассказываем
  7. Что будет с теми, кто в 2020-м выходил на протесты, когда закончится срок давности по «народной» 342-й статье? Спросили аналитика
  8. Для владельцев транспорта ввели очередное изменение — подробности
  9. Россия планирует изменить тактику для нового наступления в Украине летом и осенью 2025 года — ISW
  10. Трамп: Может быть Путин «не хочет останавливать войну, он просто тянет меня за собой, и с ним нужно поступить по-другому»
  11. Вскоре подорожают некоторые жилищно-коммунальные услуги
Читать по-русски


Дэпутат Алег Гайдукевіч пабываў на перадачы прапагандыста Рыгора Азаронка і адзначыўся шэрагам сэксісцкіх выказванняў. Напрыклад, ён заявіў, што беларусак за мяжой чакае «жудасны лёс» і там іх «выкарыстаюць і выкінуць на сметнік». Беларуска з Вільнюса Ганна Златкоўская тлумачыць палітыку, чаму такія выказванні — дзікунства.

Ганна Златкоўская

Пісьменнік, журналіст, калумніст

Аўтар кніг «Охота на бабочек» і «Страшно жить, мама», калумніст kyky.org і закрытага цяпер часопіса «Большой». Два гады як вымушана пакінула Беларусь, але спадзяецца, што аднойчы зможа вярнуцца дадому.

І зноў чарговае дзіўнае сэксісцкае выказванне ў адрас жанчын, гэтым разам ад дэпутата Гайдукевіча, асноўны пасыл якога наступны: беларускі толькі на тое і здатныя, каб быць зручным прадметам у руках мужоў.

Калі пачаліся пратэсты, многія казалі, што гэта жаночая рэвалюцыя. І, як падкрэсліла філосаф Вольга Шпарага, жанчыны выйшлі не абараняць мужчын (хоць гэта ўжо сама па сабе заява сілы), яны выйшлі абараняць сябе, свае галасы і свае жыцці. «Жанчыны сталі бачныя». Гэтая бачнасць была вельмі непажаданая ўладам, што транслююць адзін і той жа пастулат: месца жанчыны — на кухні. Тут варта ўспомніць выказванне Лукашэнкі пра тое, што ў нас Канстытуцыя не пад жанчыну, што тая паваліцца, небарака, калі стане прэзідэнтам. Напэўна, таму прыхільнікі палітыка дагэтуль называюць Святлану Ціханоўскую «катлетніцай», усё ніяк не могуць змірыцца з тым, што яна спраўляецца з роляй лідара, не валіцца без сілы на асфальт, не скардзіцца, нават наадварот — нязломная і не здаецца, прытрымліваючыся каштоўнасцяў дэмакратыі.

І хочацца адказаць дэпутату Гайдукевічу і ўсім падобным да яго, якія лічаць, што лёс жанчыны склаўся, толькі калі яна выйшла замуж, панараджала кучу дзяцей і атрымлівае за гэта даніну падзякі ад мужыка.

Па-першае, стаць палюбоўніцай мараць не ўсе беларускі. А жыць за нечы кошт, аддаючы наўзамен сваё цела — менавіта пра гэта, калі не сказаць шырэй. Я ніяк не аспрэчваю права дзяўчат на такую ролю, але калі б усе аддавалі перавагу такому ладу жыцця, хто б тады лячыў, граў у тэатры і кіно, проста тлумачыў беларусам эканамічныя рашэнні ўладаў і займаўся мільёнам іншых важных рэчаў? Рэкамендую Гайдукевічу і людзям з падобным мысленнем паглядзець вакол — і, о божа, яны ўбачаць, колькі жанчын побач з імі забяспечвае саміх сябе, як займаючы высокія пасады, так і будучы прафесіяналамі ў сваёй справе.

Па-другое, жанчына патрэбная сама сабе. Уяўляеце? Не, вядома, інакш бы не вывяргалі ўсю гэтую лухту. Сучасная беларуска — не персанал для абслугі, не прадмет вашага інтэр'еру, не трэнажор для сэксуальных паслуг, яна асоба, якая здольная быць шчаслівай, пражываючы гэтае жыццё без мужчын. Тым больш без мужчын-аб'юзераў і дамастроеўцаў, інтэлект якіх затрымаўся дзесьці паміж шырынкай і страўнікам. І, калі на тое пайшло, гэта менавіта вас, мужчын, сёння выбірае жанчына, а не наадварот, таму што здольная саму сябе забяспечваць, падарожнічаць, развівацца і адукоўвацца.

Па-трэцяе, колькі можна наракаць на замежжа? Вас так крыўдзіць, што беларускі і беларусы, якія выступаюць за дэмакратычныя каштоўнасці, а не за таталітарызм, выбіраюць жыццё ў Еўропе, а не ў Беларусі, дзе за каментары сёння можна прысесці на пару гадоў? Артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі, на ўсялякі выпадак нагадаю: там пра свабоду меркаванняў і перакананняў.

Я разумею, што зараз зноў націсну на балючае, але тут, у Еўропе, жыць добра. Мы не стаім уздоўж трасаў з выцягнутай рукой, не молім палякаў і літоўцаў узяць нас замуж. Мы атрымліваем асалоду ад жыцця без наратыву, дзе жанчыну ўспрымаюць толькі як дадатак. Тут не трэба жывіць недарэчныя надзеі на шлюб, каб стаць шчаслівай, шчасце нашае сёння заключанае ў свабодзе. Гэта такая штука, калі ведаеш, што ў твой дом не ўварвуцца сілавікі і на вачах у дзіцяці не пацягнуць цябе ў аўтазак, а малога не здадуць у дзіцячы дом. Гэта калі цябе не называюць прастытуткай толькі за тое, што ты вырашыла стаць кандыдатам у прэзідэнты або выйшла на вуліцу з кветкамі, заклікаючы не збіваць людзей да смерці.

Гэта права быць сабой (з мужам або без яго), права на абарону ад хатняга гвалту, калі ў нашай цудоўнай Сінявокай закрываюць арганізацыі, якія дапамагаюць пацярпелым. Гэта магчымасць адкрыць свой бізнес не выходзячы з дома, без доўгага забегу па інстанцыях з паперкамі, усяго некалькі клікаў — і ІП у цябе ў кішэні. Што мы і робім, між іншым. Разумею, што засмучу, але злотыя і еўра мы ў еўрапейцаў не вымольваем, мы іх зарабляем самі, ствараючы і прапаноўваючы класныя рэчы, творчасцю і здольнасцямі, якія ідуць далей за ложак і кухню, як вы прывыклі думаць.

А ў Беларусь мы вернемся. Абавязкова! Шчаслівыя, прыгожыя і ў свабодную ад таталітарызму і агрэсіі краіну.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.