ЗША разгледзяць пытанне пра дадатковыя меры ў дачыненні да ўладаў Беларусі, калі рэжым Лукашэнкі пойдзе яшчэ далей у падтрымцы Крамля ў вайне супраць Украіны. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс на брыфінгу 19 снежня, каментуючы сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Адзін з журналістаў папрасіў Прайса ацаніць заяву Уладзіміра Пуціна пра тое, што Расія «нікога не збіраецца паглынаць», зробленую ў Мінску 19 снежня.
— Я думаю, такую заяву трэба расцэньваць як «верх іроніі» з боку Пуціна, улічваючы тое, што гэта кажа лідар дзяржавы, які проста ў гэты момант спрабуе гвалтоўна паглынуць іншага яго мірнага найбліжэйшага суседа, — адзначыў прадстаўнік Дзярждэпа. — Мы чулі такія заявы ад Пуціна і ў першыя дні гэтага канфлікту, і ў тыдні, што папярэднічалі гэтаму. І мы бачылі, як рэжым Лукашэнкі здае свой суверэнітэт і незалежнасць, бачылі расійскія войскі там, дзе павінная быць суверэнная беларуская тэрыторыя, мы бачылі атакі з гэтай тэрыторыі. І цяпер мы чуем гэтыя каментары ад Пуціна і Лукашэнкі… Я думаю, што іх дзеянні кажуць нашмат больш, чым любыя іх словы.
Прайс падкрэсліў, што ЗША ўважліва адсочваюць, якую ваенна-тэхнічную падтрымку Беларусь аказвае Расіі ў вайне, і будуць працягваць трымаць гэта пад пільным наглядам.
— Гэта дазваляе нам ясна бачыць узровень кааперацыі паміж рэжымам Лукашэнкі і Крамлём. Гэта і ёсць прычына таго, чаму рэжым Лукашэнкі цяпер пад санкцыямі. Мы разгледзім дадатковыя меры, з дапамогай якіх можна прымусіць Беларусь несці адказнасць, калі яна працягне супрацоўнічаць з Крамлём у гэтай жорсткай вайне, — заявіў прадстаўнік Дзярждэпа.
Ён усумніўся ў тым, што нейкія крокі Беларусі могуць цяпер стаць пераломнымі для ходу вайны.
— Пуцін спадзяваўся захапіць Украіну за гадзіны або дні, але, як мы бачым, у яго не выйшла. Яму давялося мабілізаваць сотні тысяч расіян, але і гэта не змяніла сітуацыю. Ён звярнуўся да Ірана, магчыма, звяртаўся куды заўгодна, уключаючы Паўночную Карэю, па ўзбраенні для выкарыстання супраць жыхароў Украіны. Але ўсё гэта не змяніла сітуацыі на поле бою, нават нягледзячы на велізарную шкоду, якую расіяне нанеслі ўсёй Украіне, калі змянілі тактыку. Але мэты Пуціна, нават калі яны сталі менш маштабнымі, застаюцца ў сіле. Што б ён ні рабіў, мы будзем працягваць аказваць падтрымку Украіне ў тым, у чым яна мае патрэбу. І мы ўпэўненыя: што б ні здарылася, УСУ і ўкраінскі народ будуць устойліва і аддана адстойваць свой суверэнітэт і незалежнасць, — сказаў Нэд Прайс.
Адзін з рэпарцёраў звярнуў яго ўвагу на тое, як Пуцін і Лукашэнка хваляцца сумесным супрацьстаяннем заходнім санкцыям, і на заявы лідаркі апазіцыі Святланы Ціханоўскай пра тое, што ў найбліжэйшыя тыдні вырасце імавернасць уступлення беларускіх войскаў у вайну. Журналіст спытаў, ці ёсць у ЗША якія-небудзь «чырвоныя лініі» для Беларусі, улічваючы сітуацыю.
— Мы працягнем назіраць вельмі ўважліва, незалежна ад таго, што кажа Пуцін альбо Лукашэнка. Пуцін мае магчымасць выкарыстоўваць Беларусь як плацдарм у яго вайне супраць Украіны, уводзячы адтуль войскі, наносячы адтуль удары па Украіне. Ці акажа Беларусь яшчэ большую падтрымку Расіі ў вайне? Гэта тое пытанне, якое мы трымаем пад пільнай увагай. І калі мы ўбачым, што гэта можа адбыцца, мы будзем адказваць адпаведна і прымаць дадатковыя меры, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за яго суўдзел у пуцінскай вайне супраць Украіны, — заявіў прадстаўнік ЗША. Ён дадаў, што Вашынгтон падтрымлівае цесныя кантакты з Кіевам па пытанні ўдзелу Беларусі ў вайне.