З 1 кастрычніка ў беларусаў з’явілася яшчэ адна магчымасць добраахвотна збіраць на пенсію. Паводле словаў кіраўніка Мінпрацы, за першыя дваццаць дзён ёю скарысталіся больш за тры тысячы чалавек. Адзін з іх — герой нашага тэксту. Блог «Людзі» пагаварыў з ім пра тое, што яго падштурхнула, асцярогі і спробу паверыць дзяржаве. Мы перадрукоўваем гэты матэрыял.
З 1 кастрычніка ў Беларусі запусцілі рэформу па дадатковай назапашвальнай пенсіі. Гэта значыць, што работнікі пры жаданні змогуць выплачваць страхавы ўзнос на будучую пенсію — да 10% ад свайго заробку. Наймальнікі будуць абавязаныя ў такім выпадку пералічваць на гэты рахунак яшчэ да 3%. Прычым ёсць нюанс: працадаўца павінен пералічваць такі ж працэнт, як і працаўнік, але не больш за 3%. Да прыкладу, калі спецыяліст кампаніі вырашыць уносіць на дадатковую пенсію 2% ад свайго заробку, то столькі ж павінен дадаць і наймальнік. А калі работнік абярэ тарыф у 5%, то наймальнік «накіне» максімальныя 3%.
Пры гэтым у Мінпрацы раней скептычна выказваліся пра рэформу назапашвальнай пенсійнай сістэмы.
Паглядзеў, як жывуць пенсіянеры ў Еўропе
Кірылу (імя змененае па просьбе суразмоўцы) крыху больш за 30 гадоў. Сёлета ён аформіў дадатковае пенсійнае страхаванне і ў лістападзе зробіць на асабісты рахунак свой першы ўнёсак. Да гэтага рашэння ён прыйшоў першапачаткова не таму, што задумваўся, як будзе жыць на пенсіі. Ён кажа, што прыкладам для яго сталі еўрапейцы, якія «жывуць на дзве-тры пенсіі».
— Я ўпершыню выехаў за мяжу, каб наведаць майго партнёра, які міграваў з Беларусі ў Заходнюю Еўропу. Падчас паездкі даведаўся, што там людзі атрымліваюць па дзве-тры пенсіі, — успамінае Кірыл. — Мой партнёр тады таксама аформіў сабе другую пенсію. Мне стала цікава, як гэта працуе. Гэта прымусіла мяне задумацца, што было б нядрэнна зрабіць гэтак жа і ў нас.
Некалькі гадоў мужчына разважаў над такім варыянтам. Але пра страхавыя назапашванні дадатковай пенсіі ў нашай краіне ён не чуў. А ў кастрычніку гэтага года, калі з’явілася новая сістэма добраахвотнага пенсійнага страхавання, вырашыў дзейнічаць.
На афармленне пайшло каля чвэрці гадзіны
Пра сам працэс Кірыл расказвае каротка: усё прайшло нават хутчэй, чым адкрыць рахунак у банку.
— Прынёс толькі пашпарт з сабой, сказаў, што хачу аформіць страхавую пенсію па ўказе № 367. Працаўніца страхавой пацікавілася, ці ёсць у мяне на руках карта сацыяльнага страхавання з УНП. Яе ў мяне з сабой не было. Тады яна прабіла па базе літаральна хвілін за пяць па юрыдычнай асобе, у якой я працую. Мы абмеркавалі ключавыя моманты: колькі я адлічваю і колькі гадоў потым атрымліваю пенсію. Раздрукавалі дамову, я яе падпісаў. На ўсе пайшло хвілін 15. Яна дала мне з сабой заяву пра тое, што я прашу адлічваць з майго заробку такі і такі працэнт на пенсію, якую трэба было даць працадаўцу.
— Мне падабаецца, што не трэба пералічваць грошы ў банк або ў страхавую, а іх адразу вылічваюць і пераводзяць з майго заробку, — падкрэслівае Кірыл.
Тое, што дадаткова ўносіць наймальнік, мужчына не лічыць вялікім укладаннем, таму што гэта ўсяго 3% ад заробку. Сам ён абраў максімальны памер адлічэнняў — 10%, пры тым, што заробак у яго ніжэйшы за сярэдні па краіне. Пасля выплаты падаткаў на рукі ён атрымлівае каля 1100−1200 рублёў.
— Выбраў максімальны працэнт, таму што акрамя асноўнай у мяне ёсць дадатковая праца. Магчыма, калі б не было яшчэ адной крыніцы даходу, я б абраў меншы працэнт адлічэнняў. А так як у мяне ёсць дзве крыніцы даходу, таму я адважыўся на гэтую «авантуру».
Вырашыў паверыць у назапашвальную пенсію, разумеючы рызыкі
Тое, што свой досвед ён называе авантурай, Кірыл тлумачыць непрадказальнасцю жыцця: «Ніхто не ведае, што здарыцца заўтра».
— Магчыма, улада зменіцца, а магчыма — не. Можа адбыцца ядзерны выбух, а можа і не адбыцца. Можа быць заключаная якая-небудзь новая дамова з Расіяй, і мы станем суб’ектам РФ, а можа, і не, — па-філасофску разважае ён. — Я разумею, што рызыка страціць грошы ў мяне ёсць. Але з такой жа ўпэўненасцю можна сказаць, што ўсё будзе выдатна, то-бок імавернасць пяцьдзясят на пяцьдзясят. Прадказаць будучыню ж немагчыма (ніхто не мог падумаць, што Расія нападзе на Украіну, за выключэннем, можа, рэдкіх палітолагаў, але гэта здарылася). Але можна ўбачыць трэнд. А ён такі: людзі пачалі жыць даўжэй, і яны задумваюцца пра якасць свайго жыцця пасля выхаду на пенсію. Таму трэба выкарыстоўваць усе рэсурсы, якія нам прапануе дзяржава.
У той жа час Кірыл прызнае, што, нягледзячы на налёт авантурнасці і разуменне рызык, ён ставіцца да назапашвання пенсіі даволі сур’ёзна.
— У нашым грамадстве ёсць татальны недавер паміж людзьмі і дзяржаўнымі інстытутамі. Мы гатовыя паверыць каму заўгодна, нават незнаёмцу, які стаіць за рогам і кажа, што хутка абваліцца рубель ці што ў Амерыцы дэфолт і трэба хутчэй мяняць даляры на рублі. Але мы з тысячы прычын не верым ураду, банкам, судам. Гэта наш праклён. Я вырашыў на асабістым узроўні разарваць гэтае заганнае кола. Для гэтага трэба было хоць раз паверыць дзяржаве. І я вырашыў зрабіць так. Хоць усе мае знаёмыя сказалі, што я альбо не дажыву да пенсіі, альбо мяне абкрадуць. А нехта нават прапанаваў лепш складваць грошы за канапай.
Збіраць трэба будзе каля 30 гадоў
Памеры адлічэнняў на асабісты рахунак у тых, хто выбірае такі спосаб збірання на дадатковую пенсію, будуць розныя. Найбліжэйшым часам за месяц у Кірыла на гэта будзе ісці каля 110−120 рублёў, яшчэ крыху больш за 20 рублёў дадасць наймальнік. Але якая дакладна сума будзе сабраная да моманту яго выхаду не пенсію, мужчына не ведае, кажа, такі разлік не рабілі. Хутчэй за ўсё, праз тое, што заробак за шмат гадоў шмат разоў паспее змяніцца.
Пасля выхаду на пенсію Кірыл будзе атрымліваць сабраныя сродкі цягам пяці гадоў.
— Выбраў пяць гадоў, а не дзесяць, таму што ў сярэднім працягласць жыцця мужчын у нас нашмат меншая, чым у жанчын. Раптам я ўсяго пяць гадоў і пражыву на пенсіі. Я вырашыў не расцягваць гэты тэрмін, каб паспець атрымаць асалоду ад сваіх грошай (калі яны будуць), — кажа Кірыл.
Паводле словаў міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірыны Касцевіч, людзі сярэдняга ўзросту (яна не ўдакладняе, якога менавіта), якія будуць адлічваць ад пенсіі 3% па гэтай сістэме, у выніку сабяруць на дадатковую пенсію ў памеры 660 рублёў, калі выберуць тэрмін яе атрымання пяць гадоў. У Кірыла гэтая сума будзе вышэйшая. Вядома, складана сказаць, якая цягам 30 гадоў будзе інфляцыя і колькі гэтыя грошы будуць рэальна каштаваць у момант выхаду на пенсію. Але за канапай беларускія рублі абясцэніліся б нашмат хутчэй.
Асноўнай пенсіі на хлеб хопіць, а дадатковая — на хобі
Думаючы пра сваю пенсію, як бы далёка яна ні была, Кірыл не чакае, што яна забяспечыць яму багатую старасць, а, хутчэй, разумна глядзіць у будучыню. Ён верыць, што дзяржава забяспечыць пенсіяй, якой будзе хапаць на самыя неабходныя прадукты. А дадатковая пенсія, кажа, пажадана каб дазволіла не працаваць, а займацца хобі.
— Дзяржаўнай пенсіі на кавалак хлеба з малаком адназначна хопіць. Я самотны чалавек, без дзяцей і хатніх жывёл. Жыву ў сваім жытле. У ежы непатрабавальны, так што на ежу пенсіі ад дзяржавы хопіць. А страхавую я хацеў бы выдаткоўвацт на свае захапленні, хобі. Я не ведаю, што гэта будзе. Напрыклад, я калекцыяную кнігі. Вось хай бы на іх хапала, ці будзе мне падабацца саджаць агарод, вышываць крыжыкам… важна, каб на гэта ў мяне былі сродкі. Магчыма, там будзе хапаць і на тое, каб падарожнічаць хоць бы раз на год. Ну, і на дадатковыя выдаткі і патрэбы ў нейкіх паслугах хацелася б, каб хапала. Напрыклад, не самому абразаць сабе пазногці, а зрабіць манікюр, ці, калі забаліць спіна, пайсці да масажыста. Выклікаць клінінг, калі не змагу прыбіраць кватэру ў 70 гадоў.
На пытанне, чаму ён так упэўнены, што асноўнай пенсіі яму хопіць на прадукты, мужчына ўдакладняе, што «ўлады заўсёды будуць клапаціцца пра такую вялікую частку электарату».
— На ежу дзяржава пенсіянерам дакладна дасць. Краіна ў нас старэе, пенсіянераў становіцца ўсё больш. Гэта вельмі вялікая электаральная база. Так што дзяржава будзе ўсяляк старацца, каб гэтая электаральная база была больш-менш задаволеная. Яркі прыклад — цэны. Пастанова разлічаная не на бізнес, а на тых людзей, якія жывуць на нейкую пенсію і абураюцца, што цэны высокія. Цэны апусцілі — і яны шчаслівыя. Дзяржава будзе залагоджваць іх такімі рашэннямі, магчыма, эканамічна абгрунтаванымі, а магчыма, папулісцкімі. Але пра пенсіянераў яна будзе думаць хоць бы на ўзроўні таго, каб ім хапала на хлеб. Каб, не дай бог, не ўзбунтаваліся.
Калі рынак пенсійнага страхавання ў Беларусі будзе развівацца, а фінансы Кірыла — дазваляць адкладаць на будучыню больш, то ён гатовы адкрыць яшчэ адну лінію пенсійных назапашванняў і пералічваць туды «хоць бы 5% даходаў».
— Разумею, што грошы павінныя працаваць. Але і ў страхавым фондзе яны таксама будуць працаваць. А я ж чалавек, які наогул не ўмее абыходзіцца з грашыма. Колькі ні дай — патрачу. Таму калі цяпер я буду атрымліваць на 150 або 200 рублёў менш, я буду шчаслівы, што хаця б не змарную іх на нешта непатрэбнае, а замест гэтага яны будуць назапашвацца і, магчыма, прынясуць карысць нашай эканоміцы.