Нішу буйных гульцоў замежнай фэшн-індустрыі, якія сышлі з расійскага і беларускага рынкаў, можа заняць «Беллегпрам». Пра гэта заявіў 27 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падчас нарады па сітуацыі ў легпраме.
На яго думку, крызіс і санкцыі — гэта «новыя магчымасці для развіцця ў краіне лёгкай прамысловасці». Лукашэнка нагадаў, што з расійскага рынку сышлі многія замежныя гульцы, скараціўся таксама імпарт адзення ў Беларусі.
— Дык гэта шанец заняць вось гэтую нішу. На нашым асноўным рынку — расійскім. І на ўнутраным рынку, — даў даручэнне Лукашэнка кіраўніцы канцэрна «Беллегпрам» Таццяне Лугінай (цытата паводле прэс-службы). — Таму калі вы за гэты час, як і іншыя галіны, дапусцім, як сельская гаспадарка, не падымецеся — грош вам цана. Цяпер ужо вам ніхто не перашкаджае. І вы наогул манапалісты, у вас няма сапраўднай канкурэнцыі. (…) Крызіс — гэта цяжка, складана, але гэта шанец, гэта магчымасць. І перш за ўсё для лёгкай прамысловасці. У нас жа ёсць усё. Тканіны ёсць, швейныя машыны ёсць, кваліфікаваны персанал — і тэхнолагі, і кіраўнікі, і швачкі, і іншыя, хто вяжа і яшчэ нешта робіць, — у нас усё ёсць. Таму ўсё залежыць ад нас, як мы разгорнемся.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нацэленасць на экспарт — гэта добра, але трэба не забываць і пра ўнутраны рынак, які ў свой час быў аддадзены «незразумела каму».
— Сюды вазілі ад рыззя сэканд-хэнд да брэндаў. І ў нас або анучы куплялі, або брэнды. А там, дзе павінныя працаваць прадпрыемствы краіны, іх больш за 2 тысячы прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, там у нас была дзірка, — звярнуў увагу Лукашэнка (цытата паводле прэс-службы).