Опубликовано 27 студзеня 2025 у 08.21
Адрес в интернете: https://zerkalo-by-mirror.space/news/economics/89567.html    

Улады першай дружалюбнай краіны павіншавалі Лукашэнку з «перамогай» на выбарах

Урад Венесуэлы павіншаваў беларусаў з «уражлівай яўкай» на прэзідэнцкіх выбарах 26 студзеня і «перамогай» у іх Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка МЗС краіны Івана Хіля.

Встреча Александра Лукашенко с Николасом Мадуро. 2024 год, Россия. Фото: president.gov.by
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Нікаласам Мадурам. 2024 год, Расія. Фота: president.gov.by

Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».

«Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла віншуе народ і ўрад Рэспублікі Беларусь з масавым удзелам грамадзян у прэзідэнцкіх выбарах, яўка на якіх склала 85,70%. Гэта дэмакратычнае мерапрыемства сведчыць пра прыхільнасць беларускага народа да міру, стабільнасці і свайго суверэнітэту», — пракаментаваў Хіль.

Акрамя таго, Венесуэла выказвае «самыя шчырыя віншаванні прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку з яго пераабраннем». Абвешчаныя ЦВК папярэднія 86,82% галасоў за палітыка, як сцвярджаецца, адлюстроўваюць «давер народа да яго лідарства і здольнасці кіраваць краінай у перыяд з 2025 да 2030 года».

«Венесуэла зноў пацвярджае сваё сяброўства і братэрскія адносіны з Беларуссю, з якой аб’яднаная агульнымі каштоўнасцямі ўзаемнай павагі, суверэнітэту і незалежнасці, а таксама выказвае гатоўнасць працягваць умацаванне двухбаковага супрацоўніцтва ў інтарэсах абодвух народаў», — гаворыцца ў віншаванні.

Нагадаем, паводле звестак падкантрольнага беларускім уладам ЦВК, за Алега Гайдукевіча прагаласавала 2,02% апытаных; за Ганну Канапацкую — 1,86%; за Аляксандра Лукашэнку — 86,82%, Сяргей Сыранкоў набраў 3,21% галасоў апытаных выбаршчыкаў, Аляксандр Хіжняк — 1,74%, супраць усіх — 3,6%.

Канчатковыя вынікі выбараў будуць падведзеныя 3 лютага.

Паводле папярэдніх звестак ЦВК, Аляксандр Лукашэнка пабіў уласны рэкорд «народнай падтрымкі».

Вера Караўская / «Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO