Опубликовано 12 мая 2023 у 21.50
Адрес в интернете: https://zerkalo-by-mirror.space/news/economics/38986.html    

Літоўцы ўзяліся рабіць крылы для вытворцы дронаў з ЗША. Выявілася, што фірма беларуская і працуе з вайскоўцамі: падрабязнасці

Літоўскі вытворца планёраў Sportinė aviacija — «Спартыўная авіяцыя») — адзіная такая кампанія ў краінах Балтыі. Заказы на вытворчасць апаратаў і частак да іх яна шукае па ўсім свеце. Летась фірма атрымала ліст з дубайскага офіса амерыканскай кампаніі UAVOS. Тая прапанавала кантракт, літоўцы пагадзіліся. Цяпер у іх вялікія праблемы: кампанія аказалася беларускай (ці нават расійскай) і шмат гадоў супрацоўнічае з ваенна-прамысловым комплексам Беларусі. Спецслужбы Літвы пачалі праверку. Пра гэта напісала LRT, а «Люстэрка» высветліла дадатковыя падрабязнасці.

Эмблема UAVOS. Фото компании
Эмблема UAVOS. Фота кампаніі

Што за кантракт кампанія UAVOS прапанавала літоўскаму вытворцу?

UAVOS — гэта кампанія, якая базуецца ў Крамянёвай даліне, яна распрацоўвае і вырабляе беспілотныя апараты і сістэмы іх кіравання для камерцыйнага, прамысловага і абароннага выкарыстання. UAVOS прапанавала літоўскай фірме, каб тая спраектавала для яе крылы для грузавых беспілотнікаў і навучыла работнікаў амерыканскай кампаніі серыйнай вытворчасці гэтых дэталяў.

Літоўцы назвалі сваю цану — UAVOS пагадзілася. Кантракт коштам больш чым 600 тысяч даляраў быў падпісаны, літоўская фірма атрымала аванс і ўзялася за працу.

Пры гэтым заключаць кантракт у Прэнай, дзе знаходзіцца офіс літоўскай фірмы, прыязджалі зусім не амерыканцы, хай нават з «рускімі прозвішчамі», а беларусы з Мінска, прызнаў кіраўнік праўлення Sportinė aviacija Сігітас Бесагірскас. Адным з іх быў Сяргей Тыцык.

«Ён назваўся прадстаўніком кампаніі UAVOS, але ў перапісцы адзначаў, што ён кіраўнік беларускай кампаніі KVAND Intelligent systems. Гэта падалося дзіўным», — канстатаваў у размове з LRT Бесагірскас.

Аднак гэтая дзіўнасць чамусьці не насцярожыла літоўскую фірму — прынамсі, так кажуць яе кіраўнікі. Яны атрымалі аванс і пачалі працу. Тыцык прыязджаў у Прэнай у канцы 2022 года як мінімум тройчы, сустракаўся з літоўскімі менеджарамі, цікавіўся, як будзе вырабляцца крыло.

Яшчэ ў лістападзе ўкраінскія СМІ пісалі, што мінская кампанія «КВАНД ІС» можа быць задзейнічаная ў схеме пастаўкі іранскіх беспілотнікаў у Расію для выкарыстання на вайне ва Украіне: нібыта пад выглядам уласных дронаў-камікадзэ беларусы збіраюць іранскія. Але літоўскай фірме, калі верыць яе кіраўнікам, нічога пра гэта не было вядома.

Планер от «Sportinė aviacija». Фото с сайта компании
Планёр ад Sportinė aviacija. Фота з сайта кампаніі

Як сказалі LRT Сігітас Бесагірскас і дырэктар Sportinė aviacija Вітаўтас Мачуліс, іх не цікавіла, для чаго будуць выкарыстоўвацца крылы. Яны растлумачылі, што планерныя крылы, якія яны вырабляюць, можна прыстасаваць для беспілотнікаў, але ўвогуле яны проста мусілі вырабіць крылы паводле чарцяжоў кліента, а ўжо як той будзе іх выкарыстоўваць — яго справа. Мачуліс заявіў, што яго кампанія працуе з фірмамі з многіх краін свету і ў яго абавязкі не ўваходзіць усе іх правяраць.

Адначасова і Мачуліс, і Бесагірскас прызналі, што крылы, якія яны рабілі, маглі быць выкарыстаныя з ваеннымі мэтамі.

«Гэта мог быць заказ на прадукт, які прызначаны як для NATO, так і для расійскіх вайскоўцаў. Гэта магло быць што заўгодна. Гаворка ідзе пра грузавы беспілотнік», — сказаў Бесагірскас.

Пры гэтым далей у размове ён жа адзначыў, што калі Сяргей Тыцык прыязджаў у Прэнай, то прапаноўваў літоўцам паўдзельнічаць у распрацоўцы ваенных беспілотнікаў.

«Ён сказаў, што ў яго ёсць каманды ў Лацінскай Амерыцы, Афрыцы, і спытаў, чаму мы працуем толькі з цывільнай прадукцыяй, бо значна больш выгадна займацца ваеннымі рэчамі», — успамінае Бесагірскас.

Пазней у інтэрв'ю ён кажа, што нібыта западозрыў нешта яшчэ ўвосень. Тым не менш кампанія працягвала працу і чакала паступлення далейшай аплаты ад UAVOS аж да канца года.

Фото: UAVOS
Вытворчасць. Фота: UAVOS

Невядома, як доўга Sportinė aviacija працягвала б вырабляць крылы, калі б не камерцыйны банк, праз які пераводзілі сродкі. Пасля першай аплаты, якая паступіла з Дубая, ён вырашыў да наступных прыгледзецца ўважлівей. А калі прыйшоў да высновы, што грошы могуць пераводзіцца за тавар двайнога прызначэння, то заблакаваў плацяжы.

«Цяпер гэтая замова наогул спынілася, яны не плацяць — мы не працуем», — пацвердзіў Мачуліс.

У Sportinė aviacija запэўніваюць, што нічога не ведалі пра двайное дно UAVOS. І нібыта толькі калі банк спыніў пераводы, яны пашукалі інфармацыю пра UAVOS ў інтэрнэце і зразумелі, для якіх мэтаў можа выкарыстоўвацца іх прадукцыя. Пасля гэтага, паводле іх словаў, яны адразу ж звярнуліся ў органы бяспекі Літвы, перадалі ім усю інфармацыю і перапіску з заказчыкамі.

«Сёння мы нічога не робім для гэтай кампаніі. Калі стала ясна, што за гэтай кампаніяй стаяць беларусы, звярнуліся ва ўпраўленне бяспекі. Калі заб’юць украінца адной з нашых дэталяў, гэта пляма на ўсё жыццё. Такога ніхто не хоча», — запэўніў Бесагірскас.

Тры сястры

Навошта амерыканскай UAVOS спатрэбілася заказваць крылы ў Літве, калі яна сама іх распрацоўвае і вырабляе ў ЗША, незразумела.

Беспилотник UAVOS - Sitaria. Фото: UAVOS
Беспілотнік UAVOS — Sitaria. Фота: UAVOS

Але за UAVOS сапраўды стаяць беларусы — і паверыць словам Sportinė aviacija, што яны пра гэта не падазравалі, даволі складана, бо ўсё было на паверхні.

Пры гэтым да фірмы маюць дачыненне і расіяне.

Сяргей Тыцык, які прыязджаў у Прэнай у якасці прадстаўніка UAVOS, — сапраўды дырэктар і сузаснавальнік мінскага прыватнага навукова-вытворчага прадпрыемства ТАА «КВАНД ІС». Яно займаецца распрацоўкай беспілотных апаратаў і сістэм іх аўтаматычнага кіравання (САК), самастойна вырабляе кампаненты дронаў і праграмнае забяспечанне, ствараючы гатовыя апараты для розных сфераў: ахова і бяспека, нафтагазавая галіна, метэаралогія, дастаўка грузаў.

І, вядома, для абароннай сферы. У СМІ ёсць мноства згадак таго, што «КВАНД ІС» супрацоўнічае з беларускім ваенна-прамысловым комплексам і ўдзельнічае ў распрацоўцы беспілотнікаў ваеннага прызначэння. Яна таксама супрацоўнічае з Акадэміяй авіяцыі.

Сергей Тыцык подписывает соглашение с Академией авиации. Фото пресс-службы учреждения
Сяргей Тыцык падпісвае пагадненне з Акадэміяй авіяцыі. Фота прэс-службы ўстановы

«КВАНД ІС» працуе ў сталіцы з 2010 года. За гэты час яе дырэктар Сяргей Тыцык, ураджэнец Мінска, быў героем мноства публікацый СМІ. З іх мы даведаемся, што ў яго ёсць і расійская фірма.

— Усё пачалося з малога. Я і Алег Панамароў як сузаснавальнікі расійскай кампаніі ЗАТ НПФ «КВАНД-АСХМ», што займаецца вытворчасцю камплектавальнікаў для вайсковай і цывільнай авіяцыі, прынялі рашэнне стварыць асобнае прадпрыемства па беспілотнай тэматыцы ў Беларусі. Так з’явіўся «КВАНД ІС», — казаў Тыцык у інтэрв'ю «Мінскаму кур’еру» ў 2014 годзе.

Ужо тады кампанія распрацоўвала інтэлектуальныя сістэмы для кіравання дронамі, забяспечвала функцыі палёту з карыснай нагрузкай і палёту дронаў у групах. Паводле Тыцыка, на той момант яго фірма была найлепшай у рэгіёне ў сваёй сферы.

— Нашымі САК камплектуюцца практычна ўсе беспілотнікі, што вырабляюцца і эксплуатуюцца ў краіне. Яны паспяхова працуюць у інтарэсах МНС і прыродааховы. З дапамогай дронаў нават самагоншчыкаў ловяць. Толькі ў Белавежскай пушчы пяць сапраўдных заводаў выявілі. А яшчэ беспілотнікі назіраюць за станам жывёлагадоўчых комплексаў, іх выкарыстоўваюць у ахове мяжы. Не так даўно беспілотны лётны апарат (БЛА) «Бусел» дапамог затрымаць пяцярых нелегалаў, якія збіраліся незаконна перабрацца ў Еўропу, — расказваў Тыцык.

Сергей Тыцык. Фото из Facebook
Сяргей Тыцык. Фота з Facebook

Сярод распрацовак «КВАНД ІС» — беспілотныя апараты верталётнага тыпу з сістэмай аўтаматычнага ўзлёту і пасадкі з магчымасцю перавозкі грузаў, БПЛА іншых тыпаў, беспілотныя катары, метэаралагічныя зонды для працы ў стратасферы.

Беспілотнікі з сістэмамі кіравання ад «КВАНД» неаднаразова з’яўляліся на выставах MILEX. У іх вытворчасці фірма супрацоўнічала з дзяржпрадпрыемствамі ВПК «АГАТ — сістэмы кіравання», «558-ы авіярамонтны завод».

А ўжо ў 2015 годзе Тыцык прадстаўляе сваю новую распрацоўку — сістэму сервапрывадаў са зваротнай сувяззю, якая дазваляе ствараць беспілотнікі амаль любога тыпу і прызначэння (верталёты, самалёты, катары) з узлётнай масай ад 50 да 2500 кг і нават перарабляць пілатавальныя апараты ў беспілотныя. І прадстаўляе ён яе на форуме «Армія-2015» у Расіі. Але не ад «КВАНД ІС», а як тэхнічны дырэктар іншай, расійскай, фірмы «Тайбер».

У адной з публікацый, прысвечаных гэтай падзеі, наўпрост напісана: «Кампанія „Тайбер“ працуе ў Беларусі пад брэндам ТАА „КВАНД ІС“ з 2010 года. За мяжой распрацоўшчыкі прасоўваюць сваю прадукцыю пад швейцарскім брэндам UAVOS».

Модули для беспилотников от UAVOS. Скриншот сайта компании
Модулі для беспілотнікаў ад UAVOS. Скрыншот сайта кампаніі

Цяпер, калі адкрыць сайт або сацсеткі амерыканскай кампаніі UAVOS, то нічога не выдае ў ёй беларускіх каранёў — акрамя вялікай колькасці супрацоўнікаў з беларускімі (рускімі, украінскімі) імёнамі, якіх фірма часам згадвае ў сваім блогу.

«UAVOS Inc. з’яўляецца распрацоўшчыкам і вытворцам рашэнняў у сферы бяспекі і камерцыйнай сферы на аснове перадавых беспілотных сістэм з міжнароднай базай інвестараў», — гаворыцца на сайце кампаніі. Яна месціцца ў Крамянёвай даліне і мае офісы ў ААЭ, Беларусі, Швейцарыі і Кітаі.

У адкрытых крыніцах можна знайсці інфармацыю пра тое, што кампанія была заснаваная яшчэ ў 2011 годзе, заснавальнікам у дакументах пазначаны беларус Аляксей Страцілатаў — ён жа распрацоўшчык БПЛА і галоўны сістэмны архітэктар.

Пры гэтым чальцы праўлення фірмы — два выпускнікі МДУ: Вадзім Тарасаў і Андрэй Малай. Гэта кіраўнікі партнёры інвестыцыйна-брокерскай кампаніі CB Invest, якая спецыялізуецца на транспамежных угодах у сектары венчурнага капіталу. Гэтая кампанія стала інвестарам UAVOS у пачатку 2017 года — гэта была адна з чатырох фірмаў, куды яна ўклалася. Дарэчы, Тарасаў шмат гадоў быў чальцом кансультацыйнай рады групы ЦІАН — найбуйнейшай расійскай анлайн-пляцоўкі па нерухомасці.

У інтэрв'ю 2017 года чалец праўлення Вадзім Тарасаў расказваў, што кампанія была заснаваная ў 2011-м у Швейцарыі, а ў ЗША працуе з 2016 года, і менавіта там знаходзіцца галаўны офіс. Фірмы ў Беларусі і Расіі ён, зноў жа, не згадвае.

Паводле Тарасава, UAVOS у 2017-м ужо мела праекты па прамысловым выкарыстанні дронаў ва Усходняй Еўропе, у тым ліку ў Польшчы, Балгарыі, Румыніі і Казахстане. Але асноўнымі заказчыкамі былі прадпрыемствы Саудаўскай Аравіі, В’етнама і «іншых азіяцкіх краін».

Производство. Фото: UAVOS
Вытворчасць. Фота: UAVOS

Гадавы даход UAVOS складае больш за 5 млн даляраў. Пры гэтым да 2021 года ён складаў блізу 14 млн даляраў. Летась у кампаніі амаль на дзве траціны скараціўся штат.

UAVOS усё яшчэ звязаная з Беларуссю?

Так. Восенню 2022 года кампанія публікуе ў LinkedIn пост пра святкаванне свайго 12-гадовага юбілею. Сцэна, віншаванні, уручэнне дыпломаў. А на сцэне — Аляксей Страцілатаў і… сам кіраўнік «КВАНД ІС» Сяргей Тыцык. «Заснавальнікі і найстарэйшыя кіраўнікі UAVOS», — падпісанае фота. Такім чынам кампанія пацвердзіла, што Тыцык яе ўзначальвае.

Сергей Тыцык и Алексей Стратилатов. Фото: UAVOS
Сяргей Тыцык і Аляксей Страцілатаў. Фота: UAVOS

«Пазнаёмцеся з Сяргеем Тыцыкам, сузаснавальнікам і тэхнічным дырэктарам UAVOS, чый драйв і рашучасць натхняюць усіх нас на пошук магчымасцяў для будучага росту, — гаворыцца ў іншай публікацыі кампаніі, зробленай год таму. — Гэта тэхнічны лідар і менеджар з больш чым 20-гадовым досведам працы ў авіяцыйнай галіне, з досведам у перадавых аўтаномных тэхналогіях. Сяргей кіруе тэхналагічнай стратэгіяй кампаніі, а таксама камандай на вытворчым аб’екце і ў аддзеле даследаванняў і распрацовак, каб аптымізаваць працэс для максімізацыі прадукцыйнасці».

Акрамя таго, адзінае імя на сайце UAVOS — Таісія Васюковіч. Яна названая кантактам па пытаннях медыя і PR. Таісія Васюковіч — вядомая беларуская піяршчыца і даўняя супрацоўніца Тыцыка. На яе старонцы ў Facebook гаворыцца, што яна працуе намесніцай дырэктара па камунікацыях і PR у «КВАНД ІС». Пры гэтым у якасці сайта пададзеная старонка не мінскай фірмы, а расійскага «Тайбера».

LRT адзначае, што сувязь UAVOS і «КВАНД ІС» пацвярджаецца і дакументальна (выданне атрымала звесткі з дзяржрэестра). Мінскі офіс амерыканскай кампаніі зарэгістраваны па тым жа адрасе, што і беларускае прадпрыемства, — праспект Пераможцаў, 26. Гэты будынак «Дыпсэрвісу» для рэгістрацыі юрыдычных асобаў. Акрамя таго, паводле інфармацыі выдання, заснавальнік UAVOS Аляксей Страцілатаў ёсць і сярод акцыянераў «КВАНД ІС».

UAVOS пастаўляе свае распрацоўкі вайскоўцам?

Так. Яшчэ ў тым жа інтэрв'ю 2017 года Вадзім Тарасаў прызнаваў, што кампанія вядзе перамовы з зацікаўленымі ў набыцці беспілотнікаў як цывільнага, так і двайнога прызначэння.

У гадавіну пачатку вайны ва Украіне, 20−24 лютага, UAVOS удзельнічала ў выставе IDEX 2023 у Абу-Дабі — гэта адна з найбуйнейшых абаронных выставаў у свеце. У яе там быў свой стэнд, які наведалі вайскоўцы розных краін, у тым ліку міністр абароны ААЭ. Дарэчы, прадукцыю кампаніі там прэзентавала ўсё тая ж Таісія Васюковіч.

На выставе UAVOS прадстаўляла свае дроны, у тым ліку ўзброеныя, а таксама, наадварот, сістэму Anti-Drone «для дакладнага выяўлення, адсочвання і лазернай нейтралізацыі дронаў».

На выставке IDEX 2023. Фото: UAVOS
На выставе IDEX 2023. Фота: UAVOS

Паездка скончылася тым, што фірма падпісала пагадненне пра стратэгічнае супрацоўніцтва з GradeOne — гэта вытворца боепрыпасаў, ваеннай тэхнікі і кампанентаў з Абу-Дабі, даччыная кампанія групы EDGE, якая супрацоўнічае з арміяй і праваахоўнымі органамі. Подпіс ад імені UAVOS паставіў Вадзім Тарасаў, які ў прэс-рэлізе пазначаны як старшыня праўлення амерыканскай фірмы.

Представители GradeOne, Вадим Тарасов и Таисия Васюкович. Фото: GradeOne
Прадстаўнікі GradeOne, Вадзім Тарасаў і Таісія Васюковіч. Фота: GradeOne

Кампаніі дамовіліся запусціць сумесны цэнтр распрацоўкі і вытворчасці аўтаномных рашэнняў і сістэм узбраення. Паводле пагаднення, цэнтр у першую чаргу зоймецца распрацоўкай лазерных рашэнняў для барацьбы з беспілотнікамі ў рэгіёне, дадатковым напрамкам будзе распрацоўка тэхналогій пераабсталявання пілатавальных апаратаў у беспілотнікі і ўдасканаленне дронаў Arrow.

«UAVOS — транснацыянальная карпарацыя, якая распрацоўвае ўсе тыпы беспілотных лётных апаратаў, ад беспілотных лётных апаратаў верталётнага тыпу да вышынных спадарожнікавых беспілотнікаў на сонечных батарэях, здольных лётаць на вышыні 20 кіламетраў над зямлёй цягам некалькіх месяцаў без пасадкі», — казаў пазней Вадзім Тарасаў у інтэрв'ю рэсурсу Defense & Security Middle East.

Ён дадаў падрабязнасцяў пра свае распрацоўкі: напрыклад, Arrow 3 — гэта запусканы з катапульты «дрон-мішэнь», здольны лётаць на адлегласць да 600 кіламетраў з хуткасцю да 550 кіламетраў у гадзіну і несці карысную нагрузку да 50 кілаграмаў, а Arrow 2 — гэта БПЛА са складнымі крыламі і павялічанай далёкасцю палёту, які можа праляцець яшчэ да 150 кіламетраў.

Як падкрэсліў Тарасаў, UAVOS ужо супрацоўнічае з ААЭ, Саудаўскай Аравіяй і Катарам і спадзяецца на пашырэнне сваёй прысутнасці на блізкаўсходнім рынку.

З беларускім і расійскім ВПК супрацоўнічае таксама?

Не зусім так. Хутчэй, UAVOS і яе «сёстры» ў Беларусі («КВАНД ІС») і Расіі («Тайбер») усе разам выкарыстоўваюць і прадаюць адны і тыя ж распрацоўкі. У тым ліку пры супрацоўніцтве з беларускім і расійскім ваенпрамам. Ва ўсякім выпадку, прадукцыя UAVOS, якая прадстаўленая на яе сайце, часта ідэнтычная — прынамсі вонкава — прадукцыі «КВАНД ІС» і «Тайбер», выявы якой можна знайсці ў інтэрнэце.

Вось, напрыклад, станцыя кіравання беспілотнікамі.

«Для працы з беспілотнымі лётнымі апаратамі „Тайбер“ прапануе аўтаномную наземную станцыю з двума аўтаматызаванымі працоўнымі месцамі. Акрамя панэляў кіравання і манітораў у станцыі размешчаныя абагравальнік, кандыцыянер, міні-бар з чайнікам і кавамашынай і іншыя сістэмы для доўгачасовай працы персаналу», — гаворыцца ў публікацыі 2015 года.

Скриншот сайта habr.com
Скрыншот сайта habr.com

Дакладна такая ж станцыя ёсць на сайце UAVOS.

Скриншот сайта UAVOS
Скрыншот сайта UAVOS

Тэхніку UAVOS / «КВАНД ІС» (з невялікімі адрозненнямі ў форме корпуса верталёта і ў канфігурацыі кнопак на блоку кіравання) 21 кастрычніка 2022-га на палігоне Абуз-Лясноўскі паказвалі Аляксандру Лукашэнку ў ліку айчынных распрацовак ваеннай тэхнікі, якімі ганарыцца беларускі ваенпрам.

Асабліва адзначаліся сярод іх «беспілотныя авіяцыйныя комплексы, якія стаяць на ўзбраенні арміі».

Вось беспілотны грузавы верталёт UVH 170 на сайце амерыканскай кампаніі.

Вертолет UVH 170. Фото с сайта UAVOS
Верталёт UVH 170. Фота з сайта UAVOS

Вось яго тэстуе інжынер-механік UAVOS у ЗША.

Вертолет UVH 170 тестирует пилот компании в США. Фото: UAVOS
Верталёт UVH 170 тэстуе пілот кампаніі ў ЗША. Фота: UAVOS

А вось яго ж — ёсць толькі невялікія змены ў форме корпуса — паказваюць Лукашэнку.

Вертолет UVH 170, который показали Лукашенко. Фото: БЕЛТА
Верталёт UH 170, які паказалі Лукашэнку. Фота: БЕЛТА

А вось партатыўны наземны блок кіравання для БПЛА ад UAVOS на базе ваеннага ноўтбука Getac.

Блок управления. Фото с сайта UAVOS
Блок кіравання. Фота з сайта UAVOS

Дакладна такі самы — за выключэннем трох дадатковых кнопак і налепленай эмблемы «АГАТ — сістэмы кіравання» — на дэманстрацыі для Лукашэнкі.

Блок управления, который показали Лукашенко. Фото: БЕЛТА
Блок кіравання, які паказалі Лукашэнку. Фота: БЕЛТА

Зрэшты, як яшчэ ў 2014-м казаў кіраўнік беларускага «КВАНД ІС» (і ён жа сузаснавальнік UAVOS) Сяргей Тыцык, іх сістэмы кіравання стаяць практычна ў кожным беларускім беспілотніку. То-бок распрацоўкі кампаніі — ужо неад’емная частка беларускага ВПК. І гэтыя ж распрацоўкі прапануюцца на міжнародным рынку пад выглядам амерыканскай прадукцыі.

Што кажуць у самой кампаніі?

Нягледзячы на відавочныя факты сувязі з UAVOS, Сяргей Тыцык сцвярджае, што не мае дачынення да яе кантракту ў Літве. LRT змагло звязацца з дырэктарам «КВАНД ІС».

Паводле яго, ён некалькі разоў бываў у Літве, у тым ліку падчас вайны, і добра знаёмы з кіраўнікамі Sportinė aviacija. Тыцык запэўнівае, што проста парэкамендаваў ім амерыканскую кампанію і гэтым яго ўдзел абмежаваўся.

«Я супрацоўнічаю з кампаніяй UAVOS, але да Беларусі гэта не мае ніякага дачынення. Гэта амерыканская кампанія, і я не ведаю, пра што яна дамовілася з літоўскай кампаніяй. Я парэкамендаваў ім фабрыку ў Прэнаі, бо шмат разоў бываў там і камунікаваў з менеджарамі», — кажа кіраўнік беларускай фірмы.

Сергей Тыцык на производстве UAVOS. Фото: UAVOS
Сяргей Тыцык на вытворчасці UAVOS. Фота: UAVOS

Ён адмаўляе тое, што ягоная кампанія ўдзельнічала ў пастаўцы беспілотнікаў Расіі для выкарыстання ва Украіне.

«Гэта абсалютная лухта. Пазіцыя нашай кампаніі такая, што мы нічога не прадаём ні Расіі, ні Украіне. Мы вырабляем праграмнае забяспечанне для беспілотнікаў. Лукашэнка сваім указам забараніў адпраўку беспілотнікаў у Расію і Украіну, вы павінныя пра гэта ведаць», — сказаў Тыцык.

Спецслужбы праводзяць праверку

Тым часам літоўскай кампаніі пагражаюць сур’ёзныя непрыемнасці. Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы праводзіць расследаванне па факце ўгоды — гэта пацвердзіў і кіраўнік камітэта нацбяспекі і абароны Сейма Літвы Лаўрынас Кашчунас.

«Калі пацвердзяцца факты, што літоўскі вытворца спрыяе ўмацаванню ваеннай моцы Беларусі і Расіі, удзельнічае ў іх вытворчым працэсе, ствараючы баявую прыладу, якая можа быць выкарыстаная супраць Украіны ці самой Літвы, — гэта абуральна», — сказаў палітык.

Дарадца прэзідэнта Літвы Кястуціс Будрыс адзначыў, што сітуацыя нясе для дзяржавы значныя рызыкі: раз кампаніі не могуць самі правяраць, з кім вядуць справы, уладам давядзецца прыдумляць нейкі механізм кантролю. Бо такія выпадкі наносяць вялікую шкоду дзяржаве. Ён дадаў, што ў яго практыцы былі дзясяткі такіх выпадкаў, калі кампаніі нібыта не ведалі, з кім вядуць справы, але часцей за ўсё «мы не ведалі, мы не абавязаныя ўсіх правяраць» было толькі напускной пазіцыяй і прыкрыццём.

Чытайце таксама

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO