Читать по-русски


Дзяржаўныя СМІ з вялікім энтузіязмам успрынялі візіт у Беларусь рэгіянальнага дырэктара па Еўропе і Цэнтральнай Азіі ўпраўлення ААН па каардынацыі дзейнасці ў мэтах развіцця Гві Ёп Сон. У загалоўках афіцыйных выданняў прадстаўніцы ААН прыпісваюць словы, якіх яна не казала, — пра тое, што досвед Беларусі па дасягненні мэтаў устойлівага развіцця (МУР) нібыта можна выкарыстоўваць як перадавы для Еўропы. Пры гэтым фраза самой чыноўніцы пра перадавы досвед адносілася толькі да дыскутаванай у Беларусі магчымасці пераводу звестак, сабраных па індыкатарах МУР, з нацыянальнага на рэгіянальны ўзровень. Пра ўзорнае дасягненне мэтаў устойлівага развіцця нашай краінай Гві Ёп Сон не казала. Але прапаганда вельмі хоча пераканаць сваю аўдыторыю, што Беларусь сапраўды робіць у гэтым поспехі. Правяраем, ці так гэта насамрэч.

Што такое «Мэты ўстойлівага развіцця»?

Пад назвай «Мэты ўстойлівага развіцця» (МУР, таксама выкарыстоўваецца тэрмін «Глабальныя мэты») хаваецца амбіцыйная праграма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прынятая Генеральнай асамблеяй ААН у 2015 годзе. Яна ўключае 17 узаемазвязаных мэтаў, дасягненне якіх да 2030 года мае дазволіць усёй планеце жыць у міры і росквіце.

Фото: Bernd Dittrich, Unsplash
Эмблема Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Фота: Bernd Dittrich, Unsplash

Пры гэтым самі МУР — гэта частка больш шырокага дакумента, вядомага як «Пераўтварэнне нашага свету: парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года». Згодна з ім, 193 дзяржавы — чальцы ААН (у тым ліку Беларусь) абавязаліся рашуча змагацца з галечай, голадам, дэградацыяй навакольнага асяроддзя, дапамагаць людзям рэалізоўваць свой патэнцыял ва ўмовах роўнасці і павагі да іх годнасці і спрыяць стварэнню мірных, справядлівых і адкрытых грамадстваў, свабодных ад страху і гвалту.

У дакуменце робіцца акцэнт на тым, што ўсе гэтыя мэты вельмі цесна звязаныя паміж сабой. Гэта значыць, што, напрыклад, без пабудовы па-сапраўднаму свабодных грамадстваў, свабодных ад тэрору і гвалту, забяспечыць роўнасць людзей і перамагчы галечу наўрад ці атрымаецца. Маецца на ўвазе, што развіццё па ўсіх напрамках мусіць адбывацца адначасова і кожная з мэтаў мусіць дасягацца без шкоды для астатніх. Напрыклад, мэта па развіцці сучасных галін прамысловасці або даступнасці энергіі не павінная канфліктаваць з дасягненнем мэтаў па зберажэнні навакольнага асяроддзя. Менавіта такі баланс дазволіць зрабіць развіццё чалавецтва ўстойлівым і не залежным, напрыклад, ад вычарпання неаднаўляльных прыродных рэсурсаў.

Вось гэтыя 17 мэтаў, беларускі досвед у дасягненні якіх, на думку дзяржаўных СМІ, «можна выкарыстоўваць як перадавы для Еўропы».

1. Не беднасці (паўсюдная ліквідацыя галечы ва ўсіх яе формах);

2. Нулявы голад (ліквідацыя голаду, забяспечанне харчовай бяспекі, паляпшэнне харчавання і спрыянне ўстойліваму развіццю сельскай гаспадаркі);

3. Моцнае здароўе і дабрабыт (забяспечанне здаровага ладу жыцця і спрыянне дабрабыту для ўсіх у любым узросце);

4. Якасная адукацыя (забяспечанне ўсёахопнай і справядлівай якаснай адукацыі і заахвочванне магчымасці навучання цягам усяго жыцця для ўсіх);

5. Гендарная роўнасць (забяспечанне гендарнай роўнасці і пашырэнне правоў і магчымасцяў усіх жанчын і дзяўчынак);

6. Чыстая вада і санітарыя (забяспечанне наяўнасці і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў і санітарыі для ўсіх);

7. Даступная і чыстая энергія (забяспечанне доступу да недарагіх, надзейных, устойлівых і сучасных крыніц энергіі для ўсіх);

8. Годная праца і эканамічны рост (спрыянне няўхільнаму, ўсёахопнаму і ўстойліваму эканамічнаму росту, поўнай і прадукцыйнай занятасці і годнай працы для ўсіх);

9. Прамысловасць, інавацыі і інфраструктура (стварэнне трывалай інфраструктуры, спрыянне забяспечанню ўсёахопнай і ўстойлівай індустрыялізацыі і ўкараненню інавацый);

10. Змяншэнне няроўнасці (зніжэнне ўзроўню няроўнасці ўнутры краін і паміж імі);

11. Устойлівыя гарады і супольнасці (забяспечанне адкрытасці, бяспекі, жыццястойкасці і ўстойлівасці гарадоў і населеных пунктаў);

12. Адказнае спажыванне і вытворчасць (забяспечанне рацыянальных мадэляў спажывання і вытворчасці);

13. Кліматычныя дзеянні (прыняцце тэрміновых мераў па барацьбе са зменамі клімату і іх наступствамі);

14. Захаванне марскіх і іншых водных экасістэм (захаванне і рацыянальнае выкарыстанне акіянаў, мораў і марскіх рэсурсаў у інтарэсах устойлівага развіцця);

15. Захаванне экасістэм сушы (абарона, аднаўленне экасістэм сушы і спрыянне іх рацыянальнаму выкарыстанню, рацыянальнае кіраванне лясамі, барацьба з апустыньваннем, спыненне і паварот назад працэсу дэградацыі земляў і спыненне працэсу страты біялагічнай разнастайнасці);

16. Мір, справядлівасць і моцныя інстытуты (садзейнічанне пабудове міралюбных і адкрытых грамадстваў у інтарэсах устойлівага развіцця, забяспечанне доступу да правасуддзя для ўсіх і стварэнне эфектыўных, падсправаздачных і заснаваных на шырокім удзеле ўстановаў на ўсіх узроўнях);

17. Партнёрства для дасягнення мэтаў (умацаванне сродкаў дасягнення ўстойлівага развіцця і актывізацыя работы механізмаў глабальнага партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця).

Як Беларусь пазіцыянуе сябе краінай — лідарам па дасягненні МУР

Кожная з мэтаў ўключае ад 8 да 12 задачаў, і кожная задача мае выразныя індыкатары для вымярэння прагрэсу ў іх дасягненні. Дзякуючы гэтаму мэты ўстойлівага развіцця выглядаюць як аб’ектыўныя паказчыкі, якія можна лёгка вымераць і выказаць у лічбах і на графіках.

Слабае месца ў гэтай выдатнай «дарожнай карце» па ператварэнні нашай планеты ў багатае і бяспечнае месца — гэта тое, што інфармацыю пра дасягненне мэтаў збіраюць і падаюць у ААН самі ўдзельнікі арганізацыі ў выглядзе так званых добраахвотных нацыянальных аглядаў. Зразумела, у свабодных краінах з эфектыўнымі грамадзянскімі інстытутамі і падзелам галін улады фальсіфікацыя такой інфармацыі будзе ўспрынятая негатыўна. Але для аўтарытарных і тым больш таталітарных дзяржаваў маніпуляцыі са справаздачнасцю па МУР не выглядаюць чымсьці анамальным.

Фото: TUT.BY
Офіс ААН у Мінску. Фота: TUT.BY

Для прыкладу разбяром добраахвотны нацыянальны агляд па дасягненні МУР, пададзены ў ААН Беларуссю ў 2022 годзе. Ужо з самай першай фразы можна зразумець, як улады Беларусі выкарыстоўваюць МУР. Складальнікі дакумента замест аповеду пра працэс дасягнення мэтаў пачынаюць з абвінавачанняў заходніх дзяржаваў у «незаконных аднабаковых эканамічных санкцыях», якія нібыта нівелююць «дасягнутыя вынікі па МУР». Пры гэтым замоўчваецца, што значная частка санкцый на беларускі рэжым якраз і была накладзеная за прамыя парушэнні ў тых сферах, якія ўваходзяць і ў МУР. Напрыклад, за гвалт у дачыненні да грамадзянскай супольнасці і журналістаў, што наўпрост супярэчыць 16-й мэце ўстойлівага развіцця («Мір, справядлівасць і моцныя інстытуты»).

Затым аўтары беларускага добраахвотнага нацыянальнага агляду МУР за 2022 год чамусьці расказваюць пра 53-е месца, якое Беларусь заняла ў Індэксе чалавечага развіцця (ІЧР) у 2019 годзе. Мала таго, што гэты паказчык ніяк не звязаны з МУР і разлічваецца асобна, дык яшчэ і месца Беларусі ў ім прыкметна апусцілася з тых часоў. У апошняй справаздачы па выніках 2021 года, падрыхтаванай у 2022 годзе, Беларусь па ІЧР знаходзілася ўжо на 60-м месцы. Адзначым, што і на гэтым полі Беларусь не выглядае ўзорам для ўсёй Еўропы. З суседніх краін Латвія знаходзіцца на 39-м месцы, Літва — на 35-м, Польшча — на 34-м і нават Расія — на 52-м. А лідары па ІЧР у Еўропе — Швейцарыя, Нарвегія і Ісландыя, якія займаюць 1-е, 2-е і 3-е месцы адпаведна.

Затым аўтары вяртаюцца да саміх МУР. І заяўляюць, што ў 2022 годзе ў рэйтынгу краін свету па іх выкананні Беларусі належыць высокае 24-е месца. Насамрэч жа нашая краіна цяпер займае там 34-е месца са 163 краін (зрэшты, таксама досыць высокае). Імаверна, беларускія спецыялісты, якія рыхтавалі дакумент для міжнароднай арганізацыі, проста забылі абнавіць звесткі з леташняй справаздачы — тады Беларусь сапраўды была на 24-й пазіцыі. Таксама адзначым, што ў 2020 годзе нашая краіна наогул займала 18-е месца.

Што да самога рэйтынгу МУР за 2022 год, то да яго прыкладаецца дэталёвы разбор значэнняў па ўсіх індыкатарах, якія ўлічваюцца падчас яго разліку. І тут вельмі добра відаць, як недахопы гэтага рэйтынгу дазваляюць маніпуляваць яго значэннямі. Разбяром іх на прыкладзе вынікаў Беларусі па ўжо згаданай мэце ўстойлівага развіцця № 16 — «Мір, справядлівасць і моцныя інстытуты».

Фрагмент с результатами Беларуси по цели устойчивого развитий № 16 из отчета об устойчивом развитии за 2022 год. Источник: Sustainable Development Report
Фрагмент з вынікамі Беларусі па мэце ўстойлівага развіцця № 16 са справаздачы пра ўстойлівае развіццё за 2022 год. Крыніца: Sustainable Development Report

Аказваецца, што, калі ў складальнікаў рэйтынгу няма свежых статыстычных звестак, пададзеных у ААН нейкімі дзяржавамі, яны выкарыстоўваюць апошнія з тых, што былі ў іх распараджэнні. У выніку для разліку месца Беларусі выкарыстоўваліся звесткі па колькасці забойстваў за 2019 год (2,4 на 100 тысяч жыхароў). Да таго ж часу адносяцца звесткі што да долі людзей, якія не баяцца гуляць па сваіх населеных пунктах у цёмны час сутак, і па адсотку дзяцей, якія прыцягваюцца да дзіцячай працы. А адсотак зняволеных, якія ўтрымліваюцца пад вартай і ў дачыненні да якіх пакуль не вынесены прысуд, наогул пададзены за 2018 год.

Калі параўнаць першапачатковыя звесткі, пададзеныя для разліку індэкса МУР Беларуссю, з такімі ж, пададзенымі нашымі суседзямі, то можна заўважыць, што нашыя заходнія суседзі абнаўляюць іх аператыўней. Акрамя таго, кідаецца ў вочы, што для разліку беларускага індэкса МУР не выкарыстоўваецца такі крытэр, як колькасць зняволеных на 100 тысяч жыхароў. Па гэтым паказчыку Беларусь займае сумнае першае месца ў Еўропе (калі вынесці за дужкі Турцыю, асноўная частка якой знаходзіцца ў Азіі). У 2018 годзе для нашай краіны гэты паказчык быў роўны 345 (326 — для Расіі, 190 — для Польшчы, 184 — для Літвы, 165 — для Латвіі, 140 — для Украіны). Хоць гэтыя звесткі ёсць у вольным доступе, складальнікі рэйтынгу МУР іх проста ігнаруюць, у той час як для большасці іншых еўрапейскіх дзяржаваў (у тым ліку Польшчы, Латвіі і Літвы) ён улічваецца.

Фрагмент с результатами Польши по цели устойчивого развитий № 16 из отчета об устойчивом развитии за 2022 год. Красным цветом выделена графа с данными по числу заключенных на 100 тысяч жителей, которой вообще нет в наборе данных по Беларуси. Источник: Sus
Фрагмент з вынікамі Польшчы па мэце ўстойлівага развіцця № 16 са справаздачы пра ўстойлівае развіццё за 2022 год. Чырвоным колерам вылучаная графа са звесткамі пра колькасць зняволеных на 100 тысяч жыхароў, якой наогул няма ў наборы звестак па Беларусі. Крыніца: Sustainable Development Report

Вельмі складана лічыць аб’ектыўным рэйтынг, падчас складання якога для розных краін выкарыстоўваюцца розныя наборы крытэраў. Дадатковую свабоду ахвочым фальсіфікаваць месца якой-небудзь краіны ў рэйтынгу дае і магчымасць абнаўляць звесткі па розных паказчыках у любы зручны час. У такім выпадку, калі нейкі дэмаграфічны або сацыялагічны паказчык у вас пагоршыўся, вы проста можаце не падаваць новых лічбаў, і складальнікі рэйтынгу выкарыстаюць «добрыя» старыя.

Што пра МУР кажуць беларускія ўлады і што з імі насамрэч

Калі грунтавацца на добраахвотным нацыянальным аглядзе МУР, пададзеным уладамі Беларусі ў ААН, нашая краіна ўпэўнена рухаецца да дасягнення мэтаў устойлівага развіцця. Аднак пасля ўважлівага вывучэння дакумента відаць, што для стварэння гэтай пазітыўнай карцінкі аўтары нярэдка выкарыстоўваюць інфармацыю, якая не мае дачынення да саміх МУР, і адначасова замоўчваюць праблемныя пытанні.

Па МУР № 1 («Не беднасці») улады дакладваюць, што ў Беларусі цалкам ліквідаваная крайняя галеча, скараціўся паказчык малазабяспечанасці, а з пачатку 2022 года павялічаная мінімальная заработная плата. Пры гэтым у звестках для разліку рэйтынгу МУР для Беларусі адзначаецца, што ў нашай краіне наогул няма людзей, якія жывуць на суму, меншую чым 1,90 даляра ў дзень (паказчык, які ААН лічыць «крайняй галечай»), і толькі 0,1% беларусаў здавольваецца менш чым 3,20 даляра на суткі (парог беднасці).

Беларускія грошы. Фота: TUT.BY

Другая лічба выглядае вельмі сумнеўнай, і вось чаму. Для сям'і з чатырох чалавек гэта будзе азначаць наяўны даход памерам 384 даляры на месяц, або каля 970 рублёў (пры курсе ў 2,53 рубля за даляр). Пры гэтым медыянны заробак у Беларусі ў лістападзе 2022 года складаў 1248 рублёў, а ў сферы адукацыі — усяго 917 рублёў. То-бок палова беларускіх педагогаў атрымлівала менш за гэтую суму. І калі ў сям'і з чатырох чалавек адзін з бацькоў хаця б на час заставаўся без працы, а другі працаваў настаўнікам (зусім не рэдкі для Беларусі сцэнар), то такая сям’я ў поўным складзе магла трапіць пад вызначэнне «беднай» паводле крытэраў ААН. Тое самае датычыла і, напрыклад, адзінокіх педагогаў з дзецьмі.

Аўтаматычна ў разрад бедных трапляюць і адзінокія беларусы, якія страцілі працу. З дапамогай па беспрацоўі, якая цягам 2022 года складала ад 32 да 64 рублёў, яны маглі разлічваць на 0,4−0,8 даляра ў дзень, што значна ніжэй за паказчык крайняй галечы. Пры тым, што афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі ў 2022 годзе вагаўся паміж 3,4 і 3,7%, цяжка ўявіць, што абсалютна ўсе гэтыя людзі мелі ўстойлівыя альтэрнатыўныя крыніцы даходаў.

МУР № 3 («Моцнае здароўе і дабрабыт») у справаздачы беларускіх уладаў выглядае вельмі прывабна. Напрыклад, краіна нібыта займае адно з найвышэйшых месцаў у свеце па доступе насельніцтва да медыцынскіх паслуг. Пры гэтым Беларусь з 2020 года чамусьці хавае такія аб’ектыўныя звесткі, што дазваляюць ацаніць рэальную эфектыўнасць аховы здароўя, як паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці. Пры рэальна добрым стане справаў у сістэме аховы здароўя прычыны рабіць гэта не было б. Акрамя таго, краіна сутыкнулася з сістэмным недахопам медыцынскіх спецыялістаў, звязаным у тым ліку з іх адтокам за мяжу.

Ёсць пытанні і па МУР № 4 («Якасная адукацыя»). Улады рапартуюць пра высокі ўзровень пісьменнасці і шырокім ахопе дашкольнай, базавай, сярэдняй і прафесійнай адукацыяй. Пры гэтым у краіне не хапае педагогаў і выхавальнікаў, якім часцяком прапануюць зарплаты менш за 500 рублёў у месяц. Акрамя таго, грамадзян Беларусі пазбавілі альтэрнатывы дзяржаўнай адукацыі: да траўня 2023 года ў Мінску не засталося ніводнага прыватнага дзіцячага садка, а колькасць ацалелых пасля «чысткі» прыватных школ можна палічыць на пальцах адной рукі.

Агляд беларускіх уладаў дэманструе, што нашая краіна далёка прасунулася і ў галіне дасягнення гендарнай роўнасці (МУР № 5). Для пацверджання гэтага прыводзіцца даволі высокае 31-е месца ў Індэксе гендарнай няроўнасці. Пры гэтым прадстаўнікі беларускіх уладаў на самым высокім узроўні дапускаюць дыскрымінацыйныя выказванні ў адрас жанчын (напрыклад, пра тое, што яны не здольныя займаць прэзідэнцкую пасаду). А заканадаўча замацаваная гендарная роўнасць пасля ўважлівага разгляду часта аказваецца фікцыяй. Паводле Анаіс Марын, спецыяльнай дакладчыцы ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у нашай краіне «жанчынам перашкаджаюць ва ўдзеле ў грамадскім жыцці з прычыны даўніх гендарных стэрэатыпаў у грамадстве, якія дасягнулі верхавіны дзяржавы».

Мария Колесникова, Светлана Тихановская и Вероника Цепкало, заявившие о совместной координации работы их штабов, июль 2020 года. Фото: штаб Виктора Бабарико
Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала, якія заявілі пра сумесную каардынацыю працы іх штабоў, ліпень 2020 года. Фота: штаб Віктара Бабарыкі

Расказваючы пра МУР № 7 («Даступная і чыстая энергія»), складальнікі агляду сцвярджаюць, што Беларусь імкнецца максімальна выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энергіі. Гэтая ж тэма развіваецца ў частцы агляду пра МУР № 13, звязанай з процідзеяннем змене клімату. На жаль, гэта зусім не падобна да праўды. Засяродзіўшыся на развіцці ядзернай энергетыкі, бяспека якой застаецца спрэчнай, Беларусь засталася ў самым хвасце па выкарыстанні аднаўляльных крыніц. У 2022 годзе яны, паводле розных звестак, далі нашай краіне ад 3% да 8,1% вырабленай электраэнергіі. Сапраўды максімальнае імкненне ў гэтым кірунку дэманструюць Літва (74,8% выпрацаванай электраэнергіі з аднаўляльных крыніц у 2021 годзе) і Латвія (72,1% у 2022-м). Для Польшчы гэты паказчык быў роўны 20,1% у 2022 годзе, для Расіі — 20% у 2021-м, для Украіны — 14% у 2021-м.

Ёсць маніпуляцыі з беларускай статыстыкай для МУР № 8 («Годная праца і эканамічны рост»). Паколькі пасля 2020 года з эканамічным ростам у краіне не заладзілася, аўтары агляду падчас яго складання параўноўваюць ВУП 2021 года з аналагічным паказчыкам 2015 года. А рост намінальнага заробку дэманструюць на прыкладзе 2019−2020 гадоў.

Расказваючы ААН пра МУР № 9 («Прамысловасць, інавацыі і інфраструктура»), улады ў 2022 годзе сцвярджалі, што «ў Беларусі паспяхова рэалізуецца курс на пабудову IT-краіны і пераход да лічбавай эканомікі, робіцца стаўка на развіццё IT-індустрыі: на сёння ў Беларусі гэта галіна, што развіваецца найбольш дынамічна». Пры гэтым насамрэч беларуская галіна пасля падзей 2020 года страчвае спецыялістаў і кампаніі. Адток цягнуўся ўвесь 2022 год, і толькі паводле афіцыйных лічбаў у гэты час айчынны IT-сектар страціў больш чым 16 тысяч супрацоўнікаў. Працягнулася тэндэнцыя і ў 2023 годзе. У выніку сфера ўжо не ёсць лакаматывам эканомікі краіны, як гэта было да палітычнага крызісу 2020 года, а, наадварот, тармозіць яе.

У раздзеле пра МУР № 11 («Устойлівыя гарады і супольнасці») улады паведамляюць пра прыняцце нейкіх канцэпцый і старт праектаў. Гэта і нядзіўна — лічбамі тут парадаваць складана. Насельніцтва краіны імкліва скарачаецца, і ў 2022 годзе менш жыхароў стала нават у Мінску, што традыцыйна рос. Але пры гэтым невялікія гарады страчваюць насельніцтва яшчэ хутчэй — на карысць той жа сталіцы і абласных цэнтраў.

Расказваючы пра МУР № 16 «Мір, справядлівасць і моцныя інстытуты», улады адзначаюць, што ў Беларусі надаецца «пільная ўвага» праблемам гвалту ў сям'і. Пры гэтым у краіне дагэтуль няма спецыяльнага закона пра супрацьдзеянне хатняму гвалту. А прытулак «Радзіслава», у якім маглі знайсці дапамогу пацярпелыя ад яго жанчыны і дзеці, улады закрылі ў межах кампаніі па разгроме беларускай грамадзянскай супольнасці. Таксама аўтары агляду цалкам ігнаруюць успышку гвалту, якая ахапіла краіну пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

На жаль, у цяперашніх умовах праграма ААН па дасягненні мэтаў ўстойлівага развіцця ператварылася ў яшчэ адзін прапагандысцкі інструмент уладаў. Яны зразумелі, што могуць уплываць на складанне міжнароднага рэйтынгу МУР, і актыўна гэтым карыстаюцца, праз што Беларусь займае ў ім неабгрунтавана высокае месца, нават пасля падзення апошніх гадоў апярэджваючы, напрыклад, Люксембург, Літву ці ЗША. А пасля публікацыі гэтых штогадовых рэйтынгаў іх вынікі ахвотна падхопліваюцца прапагандай і вандруюць па старонках і сайтах дзяржаўных СМІ.

У выніку месца ў рэйтынгу і добраахвотны нацыянальны агляд пра МУР, якія мелі адлюстроўваць рэальны рух краіны да ўстойлівага развіцця, дэманструюць у найлепшым выпадку жаданні беларускіх уладаў. Насамрэч Беларусь усё яшчэ вельмі далёкая ад сапраўднага ўстойлівага развіцця, што лёгка фіксуецца з дапамогай аб’ектыўных паказчыкаў. З краін, якія збалансавана і ўстойліва развіваюцца, жыхары не бягуць дзясяткамі, калі не сотнямі тысяч. Таксама ў іх не знішчаецца грамадзянская супольнасць, а іх эканоміка не скарачаецца амаль на 5% за год.

Чытайце таксама