Опубликовано 19 снежня 2022 у 12.47
Адрес в интернете: https://zerkalo-by-mirror.space/news/economics/28629.html    

Кіраўнік МЗС Расіі Лаўроў сустракаецца ў Мінску з новым калегам Алейнікам. Сёння чакаюць і Пуціна з Шайгу

Міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў прыляцеў з неабвешчаным візітам у Мінск і праводзіць сустрэчу з нядаўна прызначаным кіраўніком беларускага замежнапалітычнага ведамства Сяргеем Алейнікам. Сёння ў Мінску таксама сустрэнуцца Лукашэнка з Пуціным і міністры абароны Беларусі і Расіі.

Сергей Лавров и Сергей Алейник. Фото: пресс-служба МИД
Сяргей Лаўроў і Сяргей Алейнік. Фота: прэс-служба МЗС

— У Мінску праходзіць сустрэча міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Алейніка і міністра замежных справаў Расіі Сяргея Лаўрова, — расказалі ў прэс-службе беларускага МЗС.

Гэта першая сустрэча Лаўрова з Сяргеем Алейнікам, які 13 снежня быў прызначаны новым міністрам замежных справаў пасля смерці Уладзіміра Макея.

Паведамляецца, што міністры абмеркавалі супрацьстаянне заходнім санкцыям і ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і рэалізацыю сумесных праектаў. Акрамя таго, яны ўзгаднілі дату правядзення сумеснага паседжання калегій замежнапалітычных ведамстваў — яно плануецца ў другой палове студзеня 2023 года.

Апошні раз Лаўроў быў у Мінску ў чэрвені 2022 года. Тады ён сустракаўся з Лукашэнкам, Макеем і выступаў перад студэнтамі і выкладчыкамі БДУ.

Цяперашні візіт кіраўніка МЗС РФ у Беларусь не анансаваўся загадзя. Паводле звестак праекта Motolko Help, яго самалёт прызямліўся ў аэрапорце Мінска напярэдадні, 18 снежня.

Нагадаем, сёння ў Мінск таксама прыбудзе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін — ён правядзе сустрэчу з Лукашэнкам у шырокім складзе і ў фармаце «сам-насам».

У перамовах па пытаннях бяспекі Саюзнай дзяржавы ў вузкім складзе возьмуць удзел міністры абароны Беларусі і Расіі — Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу. Пра гэта паведаміў памочнік Хрэніна па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO