У краіне вынеслі на абмеркаванне законапраект «Аб Усебеларускім народным сходзе». Цяпер планы ўладаў з нагоды гэтага органа сталі нашмат больш канкрэтнымі. Галоўнае, што ўжо відавочна — прадстаўнікоў народа ў народным сходзе практычна (ці нават зусім) не будзе. У яго склад трапяць у асноўным прадстаўнікі дзейнай наменклатуры: дэпутаты, чальцы ўрада, прадстаўнікі ўладнай вертыкалі, суддзі. Гэта, а таксама многае іншае, згаданае ў законапраекце, робіць УНС вельмі падобным да такога органа, як з’езд Камуністычнай партыі ў Савецкім Саюзе. Расказваем, якія паралелі тут можна правесці, а таксама чаму УНС можа лічыцца інструментам падмены рэальнай дэмакратыі.
Так, прычым паралеляў можна знайсці мноства — як па форме, так і па сутнасці. Прывядзём толькі некалькі прыкладаў.
Пачнем з маштабаў самога сходу. У абодвух выпадках гэта велізарны што да колькасці ўдзельнікаў орган, у якім меркаванне кожнага асобнага шараговага ўдзельніка максімальна размываецца. У познесавецкі перыяд у з’ездах КПСС брала ўдзел каля 5 тысяч чалавек (але тут варта рабіць і папраўку на насельніцтва СССР, якое набліжалася да 300 мільёнаў чалавек). У склад жа УНС увойдзе 1200 дэлегатаў — велізарная для Беларусі лічба. У самым маленькім горадзе краіны — Дзісне — у пачатку 2021 года жыло ўсяго на 292 чалавекі больш.
Пераважную частку ўдзельнікаў з’ездаў КПСС складалі прадстаўнікі ўладнай наменклатуры: сакратары гаркамаў, абкамаў і райкамаў партыі, дэпутаты, дырэктары прадпрыемстваў, вайскоўцы. Іх нязначна «разводзілі» шараговымі (аднак ідэалагічна праверанымі) рабочымі і сялянамі. Прыкладна тое самае справядлівае і для УНС: у яго склад увойдуць дэпутаты парламента, сенатары, прэм’ер-міністр, яго намеснікі і іншыя чальцы ўрада, старшыні абласных, раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў і Мінгарвыканкама, суддзі, дэпутаты мясцовых саветаў, а яшчэ 400 прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці — спіс арганізацый, якія змогуць адправіць свайго дэлегата, вызначыць Мінюст.
Такімі вялікімі структурамі трэба камусьці кіраваць. У абодвух выпадках кіраўніцтва абіраецца на самім сходзе. На з’ездах КПСС абіралі прэзідыум, сакратарыят і іншыя кіраўнічыя органы, а таксама кіраўніцтва самой партыі — у прыватнасці, чальцоў яе Цэнтральнага камітэта (ЦК). На УНС таксама будуць абіраць старшыню і яго намеснікаў, а яшчэ прэзідыум — своеасаблівы орган УНС, які будзе ім кіраваць у перыяд паміж сходамі.
Прэзідыум УНС па сутнасці нагадвае ЦК КПСС (найвышэйшае кіраўніцтва партыі, якое працуе ў перыяд паміж «вялікімі» з’ездамі), аднак значна меншы за яго па колькасці. Калі ў Цэнтральны камітэт КПСС уваходзілі сотні чалавек (максімальная колькасць была абраная ў 1990-м — 412 чалавек), то ў прэзідыум УНС — не больш за 15. У гэтым сэнсе кіраўнічы орган Усебеларускага народнага сходу будзе больш нагадваць Палітбюро — сход найбольш уплывовых чальцоў самога ЦК.
ЦК КПСС як найвышэйшае кіраўніцтва партыяй збіралася на асобныя невялікія з’езды — пленумы. Паводле апошняга статута гэтага органа, яго пленарныя пасяджэнні мусілі праводзіцца не радзей чым раз на паўгода. Дакладна такая ж частата сустрэч вызначаная для сходаў прэзідыума УНС. Сам жа Усебеларускі народны сход будзе праводзіцца не радзей чым раз на год. Тут параўнаць УНС са З’ездамі КПСС складана, бо частата правядзення апошніх часта мянялася. У перыяды грандыёзных палітычных падзей КПСС (дакладней, яе папярэдніцы — РСДРП і ВКП (б)) таксама збіралася раз на год. Так было падчас рэвалюцыі 1905−07 гадоў, а таксама адразу пасля захопу ўлады ў 1917−25 гадах. Аднак потым частата была рознай (паміж XVIII і XIX з’ездамі дык увогуле прайшло больш за 13 гадоў), да канца савецкай эпохі стабілізаваўшыся на ўзроўні «раз на пяць гадоў». Менавіта з такой частатой праводзіўся і УНС да таго моманту, як улады вырашылі замацаваць гэты орган на ўзроўні Канстытуцыі.
Усе вышэйзгаданыя параметры — фармальныя. Але што з сутнасцю? На чым палягала функцыя з’ездаў КПСС і навошта будзе збірацца УНС? Тут усё таксама практычна пад капірку.
«Кіраўнічай і скіравальнай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза. КПСС існуе для народа і служыць народу. Узброеная марксісцка-ленінскім вучэннем, Камуністычная партыя вызначае генеральную перспектыву развіцця грамадства, лінію ўнутранай і замежнай палітыкі СССР, кіруе вялікай стваральнай дзейнасцю савецкага народа, надае планамерны навукова абгрунтаваны характар яго барацьбе за перамогу камунізму», — гаварылася ў Канстытуцыі СССР 1977 года. З’езды вызначалі палітыку партыі, а партыя — палітыку ўсяго Савецкага Саюза.
«Усебеларускі народны сход з’яўляецца найвышэйшым прадстаўнічым органам нарадаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы, які забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду», — гаворыцца ў праекце закона аб УНС.
І там, і там гаворка пра адно — «задаваць кірунак» і «прадстаўляць народ». Беларуская прапаганда, дарэчы, любіць параўноўваць УНС з «народным вечам», распаўсюджаным у славян у часы Старажытнай Русі — аднак з рэальнасцю такое параўнанне мае мала агульнага.
Калі максімальна каротка, то для імітацыі ўдзелу народа ў лёсе краіны. А для разгорнутага адказу на гэтае пытанне трэба ўспомніць гісторыю самой Камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы.
У сярэдзіне XIX стагоддзя нямецкія мысляры Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс распрацавалі філасофскае, эканамічнае і палітычнае вучэнне, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай марксізм. Каротка яго сутнасць можна выкласці так: цяперашні буржуазна-капіталістычны лад — толькі прамежкавы этап развіцця грамадства. Найвышэйшай жа стадыяй з’яўляецца камунізм — стан, калі знішчанае права прыватнай уласнасці (усё вырабленае належыць грамадству ў цэлым), дзяржава адмерла (грамадства самарэгулявальнае), а класавыя адносіны (дзяленне грамадства на працоўных і іх эксплуататараў) зніклі.
Пераход ад капіталізму да камунізму, як лічылі Маркс і Энгельс, адбудзецца праз сацыяльную рэвалюцыю, калі рабочы клас — пралетарыят — возьме пад кантроль сродкі вытворчасці (заводы, станкі, машыны) і пачне імі кіраваць самастойна шляхам дыктатуры пралетарыяту. Для рэалізацыі сваіх мэтаў камуністы павінныя сфармаваць партыю. Дакладней, не сфармаваць: паводле задумы аўтараў ідэі, сам пралетарыят па сутнасці і з’яўляецца партыяй. «У якім дачыненні стаяць камуністы да пралетарыяту наогул? Камуністы не з’яўляюцца асобнай партыяй, што супрацьстаіць іншым рабочым партыям. У іх няма ніякіх інтарэсаў, адрозных ад інтарэсаў усяго пралетарыяту ў цэлым. Яны не выстаўляюць ніякіх асаблівых прынцыпаў, пад якія яны хацелі б падагнаць пралетарскі рух», — гаварылася ў ключавой працы Маркса і Энгельса, «Маніфесце Камуністычнай партыі».
Ідэі нямецкіх філосафаў хутка здабылі папулярнасць у Еўропе, а ў канцы 1880-х з’явіліся і першыя іх паслядоўнікі ў Расійскай імперыі. Ужо ў канцы XIX стагоддзя на базе некалькіх сацыял-дэмакратычных груп і гурткоў была створаная Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (РСДРП). Яе ўстаноўчы з’езд прайшоў у Мінску 13−15 сакавіка 1898 года. Аднак ужо тады супярэчнасці ў развіцці ідэй камунізму ў Расіі пачалі яскрава праяўляцца. «Назву партыі меркавалася зрабіць без слова „рабочая“, бо толькі адзін [з усіх дзевяці] дэлегатаў [з'езда ў Мінску] мог лічыцца (ды і тое вельмі адносна) рабочым — майстар гадзіннікаў Шмуэл Кац. Але ўжо пасля з’езда чальцы ЦК паспелі рашэнне з’езда „падправіць“», — пісаў у сваёй кнізе «Популярная история КПСС. 1898 — 1991 годы. От расцвета до запрета» савецкі і расійскі журналіст Міхаіл Вострышаў.
Усіх абраных на тым з’ездзе чальцоў ЦК царскія ўлады неўзабаве арыштавалі, а ячэйкі партыі разграмілі. Аднак праз пяць гадоў — на другім з’ездзе ў Брусэлі і Лондане — РСДРП аформілася канчаткова. Тады ж партыя і раскалолася на два крылы: радыкальных, якія настойвалі на цвёрдым цэнтралізме і дысцыпліне бальшавікоў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Леніна, і больш ліберальных меншавікоў, лідарамі якіх сталі патрыярх марксісцкага руху Георгій Пляханаў і публіцыст Юлій Мартаў. Пасля гэтыя два крылы будуць жорстка супрацьстаяць адно аднаму, аж да поўнага знішчэння або выціскання меншавікоў з краіны пасля прыходу іх «аднадумцаў» да ўлады.
РСДРП актывізавалася падчас рэвалюцыі 1905−07 гадоў, але пасля яе падаўлення сутыкнулася з крызісам: колькасць чальцоў партыі скарацілася ў сем разоў, многіх арыштоўвалі. Да сярэдзіны наступнага дзесяцігоддзя РСДРП канчаткова раскалолася на дзве самастойныя партыі, але стагнацыя адбывалася як сярод бальшавікоў, так і сярод меншавікоў.
Акно магчымасцяў раптам адкрылася ў лютым 1917-га: у Петраградзе паўсталі мясцовыя рабочыя і салдаты гарнізона, у выніку чаго імператар Мікалай II адрокся ад трона, а манархія зрынулася. Да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, задачай якога было фактычна пабудаваць новую дзяржаву. Для гэтага планавалася сфармаваць Устаноўчы сход — выбарны часовы орган, які заклаў бы асновы новай Расіі. У Петраград рынулася мноства прадстаўнікоў розных партый і рухаў, якія раней былі выціснутыя з краіны або адпраўленыя ў высылкі царскімі ўладамі, у тым ліку і бальшавікі на чале з Леніным.
Аднак РСДРП (б) (літара ў дужках азначае «бальшавікоў») па-ранейшаму была далёка не самай папулярнай партыяй і на сур’ёзную прадстаўленасць у дэмакратычным парламенце разлічваць наўрад ці магла. У гэтай сітуацыі яны вырашылі зрабіць стаўку на Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў — органы кіравання страйкамі, якія зрынулі цара, былі створаныя працаўнікамі заводаў і вайскоўцамі, мелі вялікі ўплыў у грамадстве і фактычна з’яўляліся ценевым урадам, што супрацьстаяў «дачаснікам». Бальшавікі пачалі праводзіць масіраваную прапаганду сярод Саветаў і пашырылі сваю прадстаўленасць у іх. У «Красавіцкіх тэзісах» Ленін высунуў лозунг «Уся ўлада Саветам!», патрабуючы перадачы кантролю над краінай ад Часовага ўрада гэтым протапарламентам.
Усё лета працягвалася бальшавізацыя Саветаў, а кіраўніцтва РСДРП (б) заклікала да ўзброенага паўстання і рыхтавалася да яго — у ліпені нават адбылася няўдалая спроба захопу ўлады. Другая спроба 7 лістапада (25 кастрычніка па старым стылі) аказалася нашмат больш паспяховай. Звычайна кажуць, што Кастрычніцкую рэвалюцыю, якая зрынула Часовы ўрад, здзейснілі бальшавікі, але фармальна гэта зрабіў якраз Петраградскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў (Петрасавет), у які акрамя паслядоўнікаў Леніна ўваходзілі таксама левыя эсэры. Для гэтага пры Петрасавеце быў створаны ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК)
Менавіта Петрасавет сфармаваў і першы ўрад цяпер ужо Савецкай Расіі — Савет народных камісараў (Саўнаркам, або СНК), у які ўвайшлі ўжо выключна бальшавікі. Эсэры свядома адмовіліся займаць дзяржаўныя пасады, жадаючы стаць «мостам» паміж РСДРП (б) і іншымі партыямі, якія палічылі іх дзеянні незаконнымі.
Як бы ні было, рэальную ўладу ў Расіі атрымалі бальшавікі. Упэўненыя ў падтрымцы з боку жыхароў Расіі пасля рэвалюцыі, яны наважыліся на выбары ва Устаноўчы сход, якія так і не змог правесці Часовы ўрад. Аднак тут іх чакаў непрыемны сюрпрыз — пераважную большасць месцаў атрымалі не яны, а эсэры. У выніку сабраны ў Петраградзе Сход бальшавікі разагналі. Роўна гэтак жа разганяліся і тыя Саветы, у якіх бальшавікам не ўдалося атрымаць большасць. Ужо ў пачатку 1918 года РСДРП (б) пасварылася з усімі сваімі саюзнікамі і пачала забараняць іншыя партыі, што стала адной з прычын Грамадзянскай вайны.
Аднак, як вядома, пераможцамі з гэтай барацьбы выйшлі бальшавікі, якія ўсталявалі ў краіне аднапартыйную сістэму. Гэта прывяло да досыць дзіўнага ладу Савецкай Расіі. Фармальна ўся ўлада ў дзяржаве належала Саветам — выбарным органам, якія выконвалі функцыю парламента. Менавіта Саветы прымалі законы, прызначалі ўрад і прымалі ключавыя для лёсу дзяржавы рашэнні. Прыкладна гэтак жа ўладкаваная большасць сучасных дэмакратычных дзяржаваў. Але ва ўмовах забароны ўсіх партый у Саветы маглі выбрацца толькі бальшавікі і лаяльныя ім беспартыйныя.
Гэта дапамагала вырашыць ключавую ідэалагічную праблему. Маркс сцвярджаў, што ўладу ў выніку рэвалюцыі павінныя захапіць прадстаўнікі пралетарыяту. Але РСДРП (б) не была рабочай партыяй, большасць яе лідараў не мела ніякага дачынення да працоўнага класа. Рашэннем стала тое, што фармальна ўлада перайшла не наўпрост да бальшавікоў, а да Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў — то-бок прадстаўнікоў пралетарыяў. А Камуністычная партыя, якая цалкам кантралявала Саветы, была названая Леніным «авангардам рабочага класа».
Па сутнасці гэта выглядала так: забараніўшы ўсе іншыя партыі, акрамя сваёй, бальшавікі пачалі кіраваць Расіяй праз свой «проксі» ў выглядзе Саветаў. Апошнія ў хуткім часе страцілі якую-кольвек самастойнасць і да канца савецкай эпохі заставаліся толькі дэкарацыяй у палітычнай сістэме, рэальная ж улада непадзельна належала партыі. Сітуацыю таго перыяду добра ілюструе ўжо згаданая «Папулярная гісторыя КПСС»: «Ленін з паплечнікамі па партыі бальшавікоў узначаліў новую дзяржаву, якой кіраваць, паводле задумы, мусілі працоўныя.
— Ну, і доўга мы пратрымаемся? — пыталі адно аднаго ўзброеныя рабочыя.
— Ленін кажа: назаўжды зацвердзіліся.
— Чаго ты мне Леніным тыкаеш? Сам што думаеш?
— А навошта мне разумнічаць. <…> Ну, разваж: які з мяне або цябе кіраўнік? Нас і слухаць ніхто не стане. Цар чаму ўсіх трымаў у цуглях? Яму, бачыш ты, міністры падказвалі. Нездарма ж яны за вучонамі кнігамі штаны працёрлі. А мы, бач ты, усіх міністраў паганым венікам…
— А мне таварыш Ленін падкажа.
— Не, таварыша Леніна на ўсіх не хопіць».
Ці стала сама партыя з прыходам да ўлады больш пралетарскай? Адказ можна знайсці ў той жа кнізе Міхаіла Вострышава: «У будынку УЦВК, у круглай зале <…> з 18 па 23 сакавіка 1919 года праходзіў VIII з’езд РКП (б) (так пасля рэвалюцыі стала называцца РСДРП (б). — Заўв. рэд.). Прынялі новую, другую Праграму партыі, пазначылі курс на сусветную рэвалюцыю і скасаванне таварна-грашовых адносін. Было створанае Палітбюро <…>, Аргбюро ЦК РКП (б). Гэтыя новыя ўстановы фактычна засяродзілі ў сваіх руках усю вярхоўную ўладу ў краіне. Сярод партыйных абраннікаў хіба што [Міхаіла] Калініна можна было з нацяжкай аднесці да „перадавога пласта пралетарыяту“, астатнія ніколі нават не спрабавалі авалодаць якой-небудзь з рабочых прафесій».
Цікава, што першапачаткова ключавую ролю ў дзяржаве ўсё ж гралі людзі, якія займалі дзяржаўныя, а не партыйныя пасады. Да прыкладу, першым кіраўніком Савецкай Расіі (а затым і СССР) быў Уладзімір Ленін. Яго пасада — старшыня Саўнаркама (па сутнасці, прэм’ер-міністр). На гэтую пасаду яго прызначылі Саветы, якія, у сваю чаргу, кантраляваліся партыяй бальшавікоў.
Аднак пасля смерці Леніна сітуацыя змянілася люстрана. Ключавую ролю ў дзяржаве гралі ўжо не дзяржаўныя пасады, а партыйныя. Так, Іосіф Сталін, які змяніў Леніна, доўгія гады (з 1922 па 1941) дзяржаўных пасадаў увогуле не займаў — ён быў усяго толькі генеральным сакратаром ЦК ВКП (б) (пасля чарговага перайменавання — КПСС). Дарэчы, такой пасады нават не было ў Статуце партыі — першапачаткова меркавалася, што ўсе яе органы будуць калегіяльнымі, а рашэнні будуць прымацца кансэнсусам, а не адным чалавекам. Пазней супярэчнасць выправяць і пасаду ў Статуце замацуюць.
Гісторыя Сталіна добра ілюструе і іншую асаблівасць дзяржаўнага ладу СССР. У большасці дэмакратычных дзяржаваў палітычная барацьба паміж прыхільнікамі розных шляхоў развіцця праходзіць адкрыта, шляхам выбараў. Аднак у Саюзе Саветы былі самым палітычна ціхамірным органам, які выконваў толькі ўказанні партыі. Рэальная ж барацьба разгаралася ўнутры самой ВКП (б) шляхам паддыванных гульняў. Так, Сталіну спачатку ўдалося перамагчы левую ўнутрыпартыйную апазіцыю (Леў Троцкі, Карл Радэк, Рыгор Зіноўеў, Леў Каменеў), затым — правую (Мікалай Бухарын, Аляксей Рыкаў, Міхаіл Томскі). Дзіўна, але сакратару ЦК, які не валодаў рэальнай сілай, удалося разграміць наркама па ваенных і марскіх справах Троцкага — па сутнасці, міністра абароны, які кантраляваў сілавікоў.
Пасля перамогі Сталіна ўнутры партыі ў СССР усталявалася звыклая нам сістэма, якая па сутнасці ўяўляла сабой уладную вертыкаль. Партыя бес пярэчанняў падпарадкоўвалася яе лідару, самой партыі — Саветы, а тым — урад. Адзіным выключэннем з гэтага стала зняцце ў 1964 годзе з пасады першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова — гэта зрабілі чальцы Прэзідыума ЦК, то-бок вярхушка партыі скінула свайго лідара. Праз некалькі дзён Вярхоўны Савет краіны (відавочна, па ўказцы партыі) вызваліў Хрушчова і ад пасады кіраўніка савецкага ўрада. Але ў цэлым рэальная палітычная барацьба ў СССР фактычна згасла. На з’ездах партыі зачытвалі доўгія даклады пра дасягненні і планы падступных капіталістаў, агучвалі даўно нарыхтаваныя лозунгі, сфармуляваныя вярхушкай партыі, і абяцалі светлую будучыню.
Дзіўна, але выбудаваная камуністамі сістэма аказалася жыццяздольнай і захоўвалася да канца 1980-х. Аднак першае ж сур’ёзнае змяненне — скасаванне манаполіі кампартыі і далейшае правядзенне адносна свабодных выбараў — прывялі дзяржаву да краху ў лічаныя гады. У Вярхоўныя Саветы рэспублік, якія ўваходзілі ў СССР, выбраліся не стаўленікі КПСС, а людзі, што рэальна рэпрэзентавалі інтарэсы грамадства. Яны ж неўзабаве абвясцілі пра суверэнітэт рэспублік, а потым і забілі апошні цвік у вечка труны дзяржавы, пабудаванай бальшавікамі.
З аднаго боку, адказ можа падацца відавочным. Савецкай кампартыі ўдалося стварыць сістэму, якая больш за 70 гадоў забяспечвала яе ўласную ўладу. Рэальна ў краіне кіравала камуністычная наменклатура, якая сцвярджала, што прадстаўляе інтарэсы рабочага класа, хоць сама мела з ім мала агульнага. Гэта давала ёй права выступаць ад імені народа (у выпадку з камуністычнай ідэалогіяй паміж паняццямі «народ» і «пралетарыят» можна ставіць знак роўнасці) і даваць распараджэнні ўсім галінам дзяржаўнай улады: парламенту (Саветам) і прызначанаму ім ураду, а таксама судам.
Можна меркаваць, што Аляксандр Лукашэнка захацеў пабудаваць нешта падобнае, каб здзейніць аналагічны бальшавіцкаму фокус: падмяніць «заглушкай» у выглядзе УНС беларускі народ. Дакладна так, як КПСС выступала ад імені пралетарыяту, Усебеларускі народны сход будзе выступаць ад імені народа, хоць мае з ім вельмі мала агульнага. Савецкія органы ўлады, тлумачачы свае рашэнні, спасылаліся на пастановы з’ездаў партыі, якая нібыта сфармулявала ў іх народныя патрабаванні. Дакладна так напэўна будуць рабіць і беларускія ўлады, якія стануць адштурхоўвацца ад пастановаў сходу.
У гэтай тэорыі, напэўна, ёсць доля праўды. І ўсё ж паміж з’ездамі КПСС і УНС ёсць адно кардынальнае адрозненне. Камуністам у СССР з’езды былі патрэбныя для ідэалагічнага апраўдання ўласнага знаходжання ва ўладзе. Бо гэтая велізарная і разнастайная краіна была змацаваная адной агульнай ідэяй — пабудовай камуністычнага грамадства. Проста ўзяць і ўзурпаваць уладу, прыбраўшы нават фармальную дэмакратыю, у такой сітуацыі было небяспечна — мільёны людзей задумаліся б, па якім праве іх інтарэсы прадстаўляюць менавіта гэтыя людзі. Партыя як галоўны інструмент прасоўвання інтарэсаў пралетарыяту фігуравала ў працах Маркса і Энгельса, а затым і Леніна. Прыбраць яе з гэтай сістэмы (што тэарэтычна мог зрабіць, напрыклад, Сталін з яго рэпрэсіўнай машынай) азначала абрынуць усю ідэю пабудовы камунізму.
У Беларусі ж УНС не нясе ў сабе якой-кольвек палітычнай ідэалогіі і не з’яўляецца партыяй (хоць па сутнасці і паўтарае ролю КПСС у Савецкім Саюзе), сход не мае якой-кольвек аб’яднаўчай функцыі. Мадэль, выбудаваная Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ ў 1990-я дзякуючы масавым рэпрэсіям цалкам можа існаваць і ў яе цяперашнім выглядзе — без усялякіх сходаў наменклатуры. Адзіная рэальная ідэя, якую можа прасоўваць УНС, — як мага больш працяглае ўтрыманне ўлады самім Лукашэнкам і яго атачэннем (пра тое, што нацыянальная ідэя Беларусі ўвасобленая ў персоне Лукашэнкі, ужо не саромеючыся гаворыць і дзяржпрапаганда).
Разгадкай можа быць тое, што рашэнне Лукашэнкі было вымушаным. Вядома, што яшчэ да пратэстаў 2020 года ўлады абяцалі нейкія змены ў дзяржаўным ладзе шляхам канстытуцыйнай рэформы, якія падразумявалі пераразмеркаванне паўнамоцтваў (то-бок палітык планаваў перадаць частку сваёй улады чыноўнікам, якія стаяць на ўзровень ніжэй). У момант жа саміх пратэстаў Лукашэнка, спрабуючы супакоіць грамадзян краіны, зноў загаварыў пра рэформу Канстытуцыі, абяцаючы такім чынам перадаць уладу «цывілізавана». Выступаючы на Мінскім заводзе колавых цягачоў у жніўні 2020-га, ён заявіў пра магчымасць складання ім сваіх паўнамоцтваў праз год ці два, але толькі пасля прыняцця новай Канстытуцыі.
«Я чвэрць стагоддзя ва ўладзе. Колькі можна, вядома, я калісьці сыду. Можа, праз год ці праз два — гэта залежыць ад вас, — сказаў ён тады. — <…> [Але] нельга гэтую Канстытуцыю аддаваць незразумела каму, таму што будзе бяда, я гэтага больш за ўсё баюся. Так, я не святы. Вы ведаеце маю жорсткасць, вы ведаеце, што, калі б не было жорсткасці, не было б краіны. Але вы ведаеце, на што я пайду, на што не. Вы ведаеце, што вашых дзяцей не пакрыўджу і краіну нікому не аддам. <…> Выносім на рэферэндум, прымаем Канстытуцыю, і я вам па Канстытуцыі свае функцыі перадам. Але не пад ціскам і не праз вуліцу».
Зменаў у Канстытуцыю ад Лукашэнкі патрабаваў і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. На сустрэчы палітыкаў у верасні 2020-га ён сказаў: «Мы ведаем пра вашую прапанову пачаць працу па Канстытуцыі. Лічым, што гэта лагічна, своечасова, мэтазгодна». Некаторыя аналітыкі тады былі ўпэўненыя, што такім чынам Крэмль хоча атрымаць больш кантролю над Беларуссю — да прыкладу, праз стварэнне прарасійскай партыі ў парламенце або перамогу на выбарах прэзідэнта прарасійскага кандыдата.
Аднак пратэсты Лукашэнку ў выніку ўдалося здушыць з дапамогай беспрэцэдэнтных рэпрэсій у дачыненні да канкрэтных людзей і грамадзянскай супольнасці ў цэлым. Абяцанні ж засталіся. У выніку ўлады спачатку зацягвалі распрацоўку праекта новай Канстытуцыі, затым, прапісаўшы ў ёй УНС, нічога не сказалі пра спосаб яго фармавання. І толькі цяпер стала відавочна, што канчатковая мадэль абраная на аснове савецкага мінулага.
Распечатано с портала ZERKALO.IO