Паэма «Песня пра зубра» — знакаміты твор, напісаны на лацінскай мове ўраджэнцам Вялікага княства Літоўскага Міколам Гусоўскім. Упершыню яна была надрукавана ў 1523 годзе ў Кракаве, але дзе менавіта, заставалася для беларусаў таямніцай. Перакладчыцкая ініцыятыва «BelRead» вывучыла навуковыя публікацыі, абмяркоўвала пытанне са спецыялістамі і пераканалася, што пра гэта беларускія даследчыкі дагэтуль не пісалі. Тады «BelRead» вырашылі самі запоўніць гэтую белую пляму. Яны звярнуліся да польскіх крыніц — і аказалася, што загадка не такая і складаная. Пра вынікі свайго міні-«расследавання» прадстаўнікі ініцыятывы расказалі «Люстэрку».

Упершыню паэма была апублікавана ў зборніку, які ўключаў таксама 11 вершаў і празаічнае прысвячэнне каралеве Боне Сфорцы. Імя друкара і горад не былі таямніцай. На адной з апошніх старонак выдання значыцца: Impressum Cracoviae per Hieronymum Vietorem. Anno Domini M.D.XXIII. Mense Octob. У перакладзе гэта азначае: «Надрукавана ў Кракаве Іеранімам Віеторам. У годзе Гасподнем 1523, у месяцы кастрычніку». То бок кніга была выпушчана ў друкарні Іераніма Віетора — вядомага тыпаграфа з Вены, які заснаваў друкарню ў Кракаве ў 1518-м.
Яна вылучалася высокім тэхналагічным узроўнем для свайго часу. Сам Віетор апублікаваў шмат гуманістычных тэкстаў, якія адлюстроўвалі яго ўласныя погляды і ідэі навуковых і літаратурных колаў Кракава. Таксама ён спрыяў распаўсюджванню польскай літаратуры, выдаючы шмат твораў на польскай мове. За яго працу Жыгімонт I Стары надаў Віетору тытул «друкара каралеўскай канцылярыі».
Адпаведна, у гэтай тыпаграфіі мусіла быць надрукавана і «Песня пра зубра». Але дзе менавіта гэтая ўстанова размяшчалася, доўгі час заставалася невядомым сучасным навукоўцам.
Як высветлілася, справа ў тым, што будынак, дзе месцілася друкарня, даўно разбураны. Гэта была Скавінская вежа, пабудаваная ў раёне Казімеж на колішняй вуліцы Святога Якуба (сёння гэтая вуліца носіць назву Скавінская).
Тое, што друкарня знаходзілася менавіта тут, даволі даўно высветлілі польскія навукоўцы: гэты факт паведамляўся ў артыкуле Алодыі Кавецкай-Грычавай і Ганны Манькоўскай (Alodia Kawecka-Gryczowa, Anna Mańkowska), які публікаваліся ў калектыўнай працы, прысвечанай польскаму кнігавыданню. Пра гэта таксама адзначалася ў «Малой энцыклапедыі Кракава» Яна Адамчэўскага (Jan Adamczewski), якая выйшла ў 2003-м. Аднак беларускія даследчыкі ў працах пра паэму Гусоўскага дагэтуль не закраналі гэты факт.
Скавінскую вежу яшчэ ў XVII стагоддзі вежу разабралі на будаўнічыя матэрыялы. Сёння на яе месцы толькі памятная шыльда, якая паведамляе пра яе існаванне. А пра тое, што менавіта тут была надрукавана «Песня пра зубра», пакуль што нічога не нагадвае. Але дзякуючы «BelRead» месца можна лічыць нанесеным на карту беларускай літаратуры.
«Песня пра зубра» — гэта першая значная паэма, якая вылучаецца эпічным апісаннем Беларусі, яе культуры, традыцый, прыроды і народа. Яна была напісаная на лацінскай мове і адрасаваная заходняму чытачу. У 1522 годзе, знаходзячыся ў Рыме ў складзе дыпламатычнай місіі Вялікага Княства Літоўскага, Мікола Гусоўскі стварыў гэтую паэму па замове Папы Рымскага Льва X Медычы. Папа выказаў жаданне даведацца больш пра ВКЛ і зубра — унікальную жывёлу, якая насяляла мясцовыя лясы. Як сын лесніка, Гусоўскі дэталёва апісаў знешні выгляд, паводзіны зубра і паляванне на яго. Аднак паэма выходзіць за межы простага апісання, становячыся гімнам роднаму краю, роздумам пра лёс радзімы і яе гістарычную ролю.