Зяленскі і Трамп правялі кароткую, але «вельмі прадуктыўную» сустрэчу ў Ватыкане
26 красавiка 2025 у 1745656320
Вера Караўская / «Зеркало»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і яго амерыканскі калега Дональд Трамп правялі «вельмі прадуктыўную» сустрэчу перад пачаткам цырымоніі пахавання папы рымскага ў Ватыкане.
Пра сустрэчу лідараў абедзвюх краін 26 красавіка «Суспільне» паведаміў спікер Зяленскага Сяргей Нікіфараў. Паводле паведамленняў СМІ, яна доўжылася некалькі хвілін. Падрабязнасці гутаркі не ўдакладняюцца.
Паводле інфармацыі Sky News, палітыкі дамовіліся сустрэцца яшчэ раз пасля пахавання. Са словаў прадстаўніка Белага дома, гутарка атрымалася «вельмі прадуктыўнай».
Былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Расіі Тоні Брэнтан заявіў, што гэтая падзея адкрывае дыпламатычныя магчымасці, уключаючы «самую маштабную сустрэчу» паміж Трампам і Зяленскім.
Ён дапусціў, што гэта можа стаць «важным крокам» у пачатку мірнага працэсу паміж Расіяй і Украінай, і падкрэсліў, што гэта першая асабістая сустрэча Трампа і Зяленскага пасля скандалу ў Белым доме ў лютым.
Нагадаем, Трамп і Зяленскі, як і іншыя сусветныя лідары, 26 красавіка прыляцелі ў Рым на пахаванне папы рымскага Францыска.
«Добры дзень для перамоваў і сустрэч з Расіяй і Украінай. Яны вельмі блізкія да ўгоды, і два бакі цяпер мусяць сустрэцца, на вельмі высокіх узроўнях, каб "скончыць гэта". Большасць асноўных пунктаў узгодненая. Спыніце кровапраліцце, зараз жа. Мы прыедзем куды будзе неабходна, каб дапамагчы пакласці канец гэтай жорсткай і бессэнсоўнай вайне», - напісаў Трамп у сацсетках.
Напярэдадні, 25 красавіка, спецпасланнік Трампа Стыў Уіткаф правёў у Маскве сустрэчу з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, яна доўжылася тры гадзіны. Паводле паведамлення Крамля, абмяркоўваліся непасрэдныя перамовы паміж Расіяй і Украінай. Ніякіх заяваў з амерыканскага боку наконт вынікаў сустрэчы пакуль не было.