Стрыжак: Мужа галоўнай гераіні новага прапагандысцкага фільма пра беларускіх мігрантаў знайшлі мёртвым у Літве
19 сакавiка 2025 у 1742373780
Ігнат Пекарэвіч / «Зеркало»
Муж гераіні новага прапагандысцкага фільма Белтэлерадыёкампаніі «Чужое неба» Юліі Брыкінай быў знойдзены мёртвым у літоўскім Цэнтры рэгістрацыі бежанцаў у Пабрадэ, паведаміў кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак.
«Адна з гераіняў "кіно" - Юлія Брыкіна, якая вярнулася з ЕС у Беларусь. А яе муж - Станіслаў Брыкін - 4 сакавіка быў знойдзены мёртвым у лагеры для бежанцаў у Пабрадэ. Асноўная версія следства - самагубства. Ці ведаў Станіслаў, што яго жонка знялася ў прапагандысцкім кіно? Невядома. Ці магла б навіна пра гэта стаць кропкай у яго рашэнні? Магла б», - напісаў Стрыжак.
З ягоных словаў, Станіслаў Брыкін актыўна ўдзельнічаў у пратэстах, быў у стачцы на «Белтэлекаме», праз ціск уладаў быў эвакуяваны. Сям'я Брыкіных паспрабавала ўладкавацца ў Германіі, але ў выніку, паводле Дублінскага пагаднення, Станіслаў апынуўся ў літоўскім лагеры для ўцекачоў, а вось Юлія з дзецьмі - у Беларусі.
«Памылкай было спрабаваць атрымаць прытулак у Германіі, бо сям'я заязджала праз Літву, і гэта першая бяспечная краіна, куды паводле правілаў цябе высылаюць, калі ты падаешся на прытулак у іншай краіне. Вядома, што ў Літвы свой погляд на людзей, што выйшлі з сістэмы, але нават пры прызнанні пагрозай нацбяспецы ёсць судовая працэдура і прыклады паспяховага аспрэчвання рашэнняў. Літва - дэмакратычная краіна, дзе чыноўнік не цар і бог і дзе працуе суд. Калі няма грошай на адваката, мы адкрываем зборы на BYSOL», - адзначыў Стрыжак.
Сама Юлія на прэм'еры фільма расказвала, што муж хацеў, каб сям'я пераехала ў Вялікабрытанію, аднак у выніку яны апынуліся ў лагеры для бежанцаў у Германіі. Паводле жанчыны, у снежні 2023 года ў мужа пачаліся праблемы з алкаголем і яна падазравала яго ў адносінах на баку. Пазней яна вярнулася ў Беларусь праз Літву.
Нагадаем, Белтэлерадыёкампанія 18 сакавіка прэзентавала прапагандысцкі фільм «Чужое неба» аўтарства Аляксея Марцінёнка. У паўтарагадзінным відэа расказваецца пра цяжкі лёс беларусаў у Польшчы і краінах Балтыі, дзе яны, маўляў, ледзь зводзяць канцы з канцамі.
Як высветліла «Наша Ніва», у герояў відэа, якія знаходзяцца за мяжой, узялі інтэрв'ю падманам - яны не ведалі, што каментуюць сваё жыццё для беларускіх прапагандыстаў.