Лепельская суддзя, якая судзіла за «экстрэмізм» дактароў, пастара і ратавальніка, заявіла, што «ўсё рабіла правільна»
12 сакавiка 2025 у 1741770660
"Витебск, я гуляю"⠀
Лепельская суддзя Ірына Кручыніна, якая разглядала палітычна матываваныя адміністрацыйныя справы, у інтэрв'ю мясцовай раённай дзяржгазеце сказала, што «ўсё рабіла правільна» і ніколі не сумнявалася ў слушнасці сваіх судовых рашэнняў. Увагу на публікацыю звярнуў тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».
У ім яна расказала пра сваю працоўную кар'еру - яна пачынала з педагога, а пасля перакваліфікавалася ў юрыста і суддзю. Да Лепельскага раёна яна працавала суддзёй у Чашніцкім.
Вядома, што Кручыніна нярэдка займалася палітычна матываванымі справамі - так, яна адправіла на «суткі» новалукомльскага пастара, штрафавала доктара Новалукомльскай ЦРБ, ратавальніка, вайсковага фельчара. Паводле інфармацыі «Віцебск, я гуляю!», з пачатку года яна разгледзела не менш за тры палітычныя «адміністратыўкі».
У інтэрв'ю дзяржгазеце Кручыніна расказала, як ставіцца да рашэнняў, якія выносіць.
- Ці быў выпадак, можа, нейкае незвычайнае судовае паседжанне, калі вы ледзь не сышлі з прафесіі?
- Не, ніколі так не было. Хутчэй былі судовыя працэсы, у якіх я была перакананая, што знаходжуся на сваім месцы і ўсё раблю правільна.
- Ці даводзілася вам калі-небудзь сумнявацца ў тым, ці слушнае вашае рашэнне па справе?
- Сумнявацца трэба да вынясення пастановы. Нельга выносіць рашэнні, у якіх ты сумняваешся. Не схаваю, што многія рашэнні даюцца няпроста.
Таксама Кручыніна прызналася, што любіць раманы Івана Шамякіна - чытае яго толькі на беларускай мове.