Атрымаў партыю ў спадчыну ад бацькі, праславіўся дыкпікам і заявамі пра сэкс. Успамінаем біяграфію Алега Гайдукевіча
1 студзеня 2024 у 1704117360
«Зеркало»
Скандальны праўладны палітык Алег Гайдукевіч пастаянна трапляе ў цэнтр увагі медыя. То ў яго тэлеграм-канале з'яўляецца фота эрэгіяванага пеніса, то ён заяўляе, што на парламенцкіх выбарах перамог бы і яго полавы орган. Нават падзеі 2020-га, калі кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі быў прыхільнікам дыялогу з пратэстоўцамі і завядзення крымінальных справаў на сілавікоў, на яго кар'еры не адбіліся. ЛДПБ, у адрозненне ад усіх незалежных партый, прайшла перарэгістрацыю і збіраецца ўдзельнічаць у хуткіх выбарах у парламент. Але падобна, што абраная Гайдукевічам роля - гэта ўсяго толькі маска, якую ён свядома выкарыстоўвае і эксплуатуе ўжо шмат гадоў. Успамінаем яго незвычайную біяграфію.
Сын за бацьку
Сям'я Гайдукевічаў з'явілася на палітычнай сцэне Беларусі яшчэ ў пачатку дзевяностых. Алег у той час быў яшчэ малы (ён нарадзіўся ў Мінску ў 1977-м), таму гаворка ў першую чаргу пра яго бацьку Сяргея. Той зрабіў кар'еру ў савецкіх зенітна-ракетных войсках, пайшоў у запас у званні палкоўніка. Калі краіна стала незалежнай, мужчына ўладкаваўся на працу ва ўрад. Дакладней, ён узначальваў камітэт пры Саўміне, які займаўся сацыяльнай абаронай вайскоўцаў, супрацоўнікаў МУС і «афганцаў», звольненых у запас. Адначасова ў 1992 годзе стварыў «Народны рух Беларусі».
«Вакол яго аб'ядналіся праімперскія, шавіністычныя сілы. [Сяргей] Гайдукевіч выказваў уголас тое, што было некамільфо вымаўляць з парламенцкай трыбуны дэпутатам праўрадавай групы "Беларусь"», - пісаў пра яго дэпутат БНФ Сяргей Навумчык.
Паводле гэтага даследчыка, «Народны рух» аб'ядноўваў, здавалася, усе арганізацыі, якія выступалі супраць незалежнасці Беларусі: «ад адносна масавай партыі камуністаў да секцыі пісьменнікаў-марыністаў; уваходзілі туды Саюз афіцэраў і Славянскі сабор "Белая Русь" з ягонай выразнай праімперскай шавіністычнай праграмай. Вось гэтыя арганізацыі і асобы прасоўвалі ідэю АДКБ (Арганізацыі Дамовы пра калектыўную бяспеку, якая ў вайсковым плане намёртва прывязвала Беларусь да Расіі. - Заўв. рэд.) - праз Саўмін, праз Вярхоўны Савет і праз падкантрольную ўраду прэсу».
Вось яшчэ адна цытата з інтэрв'ю Гайдукевіча-старэйшага тых часоў (за 1993 год), якую прыводзіць Навумчык: «Я не заклікаю да вяртання ў колішні СССР. Не падабаецца слова Саюз - дай Божа, давайце заменім яго іншым. Але разбураны агульны дом трэба аднаўляць».
У 1994-м на старце прэзідэнцкай выбарчай кампаніі прэм'ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч падпісаў у Маскве разам са сваім расійскім калегам Віктарам Чарнамырдзіным дамову пра аб'яднанне грашовых сістэм дзвюх краін. Згодна з дакументам, дзяржавы мусілі мець агульны бюджэт, а Нацбанк Беларусі зрабіўся б філіялам Цэнтрабанка РФ. На шчасце, дамова так і не была рэалізаваная, бо гэта фактычна ставіла крыж на незалежнасці нашай краіны. А вось Гайдукевіч-старэйшы заяўляў, што калі дамова не будзе ратыфікаваная, то яго арганізацыя пачне збор подпісаў за тое, каб вынесці гэтае пытанне на рэферэндум.
Таксама «Народны рух Беларусі» выступаў за тое, каб руская мова атрымала статус другой дзяржаўнай (у першыя гады незалежнасьці яго мела толькі беларуская). Рэалізацыя гэтай ідэі на практыцы праз некалькі гадоў прывяла да таго, што родная мова тытульнай нацыі аказалася ў сітуацыі абсалютнага заняпаду.
Мы расказваем пра гэта так падрабязна, бо Алегу Гайдукевічу ў 1992-м было 15 гадоў. Усе гэтыя падзеі адбываліся на яго вачах. Бацька быў яго аднадумцам і, пазней, начальнікам. Так што менавіта ў той час была закладзеная сістэма каштоўнасцяў Гайдукевіча-малодшага.
У 1994-м Сяргей Гайдукевіч зрабіў няправільную стаўку і падчас прэзідэнцкіх выбараў арыентаваўся на Кебіча. Пра гатоўнасць падтрымаць Аляксандра Лукашэнку палітык заявіў толькі праз месяц пасля яго абрання, але хутка ўбудаваўся ў новую сістэму. Яго «Народны рух» тады разваліўся, і ён уступіў у нядаўна створаную Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі (ЛДПБ), стаўшы намеснікам яе старшыні.
Тады ЛДПБ ўзначальваў заатэхнік Васіль Крывенка, які сябраваў з адыёзным расійскім шавіністам Уладзімірам Жырыноўскім (праз шмат гадоў Алег возьме яго стыль паводзін як аснову для пераймання). Фактычна беларуская арганізацыя тады была філіялам расійскай. Але на парламенцкіх выбарах 1995 года ЛДПБ правалілася, большасць яе кандыдатаў займала апошнія месцы. На караблі наспеў бунт - і новым кіраўніком партыі стаў Сяргей Гайдукевіч.
За ім арганізацыя стала класічным прыкладам «канструктыўнай апазіцыі». Гайдукевіч-старэйшы вылучаў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары 2001, 2006, 2010 (тады сам зняў сваю кандыдатуру) і 2015 гадоў. Паводле афіцыйных звестак, ён набраў, адпаведна 2,48%, 3,48% і 3,3% галасоў выбаршчыкаў. Пры гэтым палітык заўсёды згаджаўся з канчатковымі вынікамі, у той час як іншыя кандыдаты пратэставалі супраць фальсіфікацый.
«Мне скажуць: Сяргей Васільевіч, вы кандыдатам у прэзідэнты хадзілі… Так, хадзіў! І правільна рабіў, што хадзіў. Бо мусіць быць усюды альтэрнатыва. Але электарат у нас з Аляксандрам Рыгоравічам [Лукашэнкам], я адчуваў, быў аднолькавы. Бо нічога мы рознага не казалі», - тлумачыў Гайдукевіч-старэйшы.
У 2016-м на тры гады стаў чальцом Савета Рэспублікі (верхняй палаты парламента).
Служба ў міліцыі і крытыка МУС
А цяпер вернемся да Алега Гайдукевіча. У інтэрв'ю ён расказваў, што яго бацькі развяліся, пасля чаго маці з братам з'ехалі жыць у Германію. Сам ён застаўся з бацькам, які ажаніўся другі раз.
Алег атрымаў юрыдычную адукацыю - з адзнакай скончыў Акадэмію МУС па спецыяльнасці «Правазнаўства» (а пазней прайшоў перападрыхтоўку ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання па спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны»).
Праўда, яго выбару бацькі былі не радыя: «Мой бацька як вайсковец, які прайшоў вайну ў Іраку (служыў там у 1980-я, калі краіна ваявала з Іранам. - Заўв. рэд.), хацеў, каб я працягнуў яго справу. Дзед - супрацоўнік КДБ. Бабуля - вядомы ў краіне банкір. А маці раіла, каб я падаўся ў бізнесоўцы. Каго ў сям'і не было, дык гэта міліцыянераў. Таму я туды пайшоў. А гэта былі часы, калі дзяўчаты ганарыліся, што пазнаёміліся на дыскатэцы з крымінальнымі аўтарытэтамі. Прэзідэнта толькі абралі, злачыннасць высокая. І чорт яго ведае, куды б мяне магло занесці, калі б не акадэмія. Там я даведаўся сапраўдныя каштоўнасці: што такое справядлівасць, закон, афіцэрскі гонар, пагоны і сапраўднае мужчынскае сяброўства», - успамінаў Алег у інтэрв'ю.
Сваю кар'еру ён пачаў у 1998-м з пасады оперупаўнаважанага аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Фрунзенскага РУУС Мінска. «Гэта быў наймацнейшы калектыў. Старшыя оперупаўнаважаныя затрымлівалі сур'ёзных службовых асобаў, мне было з каго браць прыклад. Я бачыў іх зарад на працу, яны суткамі сядзелі ў РУУС. Да прыкладу, калі працавалі па гучнай справе, маглі тры дні не выходзіць з кабінета. І як ты пойдзеш дадому, гледзячы на іх? Адразу пранікаешся павагай і таксама застаешся на працы», - успамінаў Гайдукевіч-малодшы.
З АБЭЗ яго перавялі ў ГУУС Мінгарвыканкама, дзе ён служыў у аддзеле па раскрыцці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Потым быў намеснікам начальніка АБЭЗ Партызанскага РУУС, начальнікам АБЭЗ Фрунзенскага РУУС Мінска. Пасля гэтага Гайдукевічу дасталася пасада першага намесніка, а з 2007-га - паўнапраўнага начальніка РУУС Партызанскага раёна сталіцы. У той момант яму было 29 гадоў, ён стаў самым маладым начальнікам раённага аддзела міліцыі за ўсю гісторыю гарадскога ўпраўлення. Праз два гады ўзначаліў Фрунзенскае РУУС і даслужыўся да звання падпалкоўніка.
Ужо пакінуўшы службу ў органах, Гайдукевіч дазваляў сабе асцярожную крытыку сістэмы. Паводле яго словаў, «палачная сістэма» (то-бок сістэмы ацэнкі работы праваахоўных органаў выключна па аб'ёме раскрытых справаў) дасталася Беларусі з савецкіх часоў, калі раскрывальнасць злачынстваў была амаль 100%.
«Гэта былі вар'яцкія лічбы, якіх не магло быць у рэальным жыцці. Мы, маладыя супрацоўнікі, не разумелі, што адбываецца. Калі міністрам стаў Уладзімір Навумаў (кіраўнік МУС у 2000−2009 гадах. - Заўв. рэд.), ён пачаў жорстка з гэтым змагацца, аж да завядзення крымінальных справаў у дачыненні да міліцыянераў, якія падтасоўвалі статыстыку», - казаў ён. Пасля гэтага, паводле яго, ад супрацоўнікаў патрабавалі не паказчыкаў, а канкрэтных вынікаў. У тым інтэрв'ю TUT.BY Гайдукевіч таксама прапаноўваў на заканадаўчым узроўні замацаваць права міліцыянераў узломваць дзверы, калі правапарушальнік («шумны сусед, алкаголік-дэбашыр, наркаман») двойчы іх не адчыняе.
Сярод іншых праблем МУС Гайдукевіч называў «загрузку вельмі многімі задачамі і напрамкамі, якія бязбольна можна перавесці ў іншыя ведамствы». «Асноўнай задачай органаў унутраных справаў мусіць быць непасрэдная праца па папярэджанні і раскрыцці злачынстваў і абарона грамадзян», - дадаваў ён. Адзначым, што ў нашыя дні адбываецца роўна наадварот: праваахоўныя органы масава пераследуюць удзельнікаў мірных пратэстаў, але Гайдукевіч не кажа пра гэта ні слова.
Са сваёй жонкай ён пазнаёміўся на дыскатэцы. «Ніякага ў мяне жадання ажаніцца не было наогул. Мне было 22−23−24. Жыў і жыў. Радаваўся жыццю, сустракаўся з дзяўчатамі. Але жадання ажаніцца ў мяне не было. <…> Працаваў, кар'еру рабіў. Я думаў крыху пра іншае. І пазнаёміўся з жонкай на дыскатэцы. Выпадкова. У "Мэдысан клуб" <…>. Яна прыехала з Амерыкі <…> на месяц. Аформіць дакументы і назаўжды з'ехаць туды. У яе ўжо ўсё там склалася ў Амерыцы. Яна ўжо працу там мела. Яна аформіла дакументы маме, каб маці паехала разам з ёй працаваць і там застацца жыць. І ўяўляеце, чым усё скончылася? Мы пазнаёміліся. Маці яе з'ехала праз месяц, а мы ажаніліся», - успамінаў Гайдукевіч.
Тады, паводле яго словаў, ён не ведаў, хто бацька жонкі. Ім быў Валянцін Шухно - старшыня Камітэта па каштоўных паперах пры Савеце Міністраў.
«Я зрабіў памылку. Я [жонцы] сказаў не працаваць. Нарадзілася першае дзіця, потым нарадзілася другое дзіця - і я ўбачыў, што жанчына мусіць працаваць і развівацца. Бачу, што ёй цяжка. Маральна цяжка. Што яна хоча нешта яшчэ», - расказваў Гайдукевіч. Тады ён прапанаваў жонцы заняцца тым, што ёй цікавае, - так яна стала трэнеркай ёгі.
Але гэта была не адзіная складанасць у сям'і. «У міліцыянера ніколі не было фіксаванага выходнага, ён не можа ведаць загадзя, зможа адпачыць у найбліжэйшую суботу ці не. Бо можа здарыцца што заўгодна. Ці гатовыя ўсе да гэтага псіхалагічна? Напрыклад, ты толькі сабраўся дадому ў 8 вечара, але раптам раздаецца званок з дзяжурнай часткі: кагосьці забілі або збілі. Адпаведна, усе застаюцца на працы. Калі ў мяне нарадзілася першае дзіця, я яго не бачыў, дачка вырасла без мяне. Сыходзіў, яна яшчэ спала, прыходзіў - ужо спала. Часам бачыліся ў нядзелі», - успамінаў экс-сілавік.
Сыход у палітыку
У 2012-м Гайдукевіч-малодшы нечакана падаў рапарт на звальненне і заняўся палітыкай: стаў намеснікам свайго бацькі ў ЛДПБ. Паводле яго словаў, да выслугі гадоў, якая дазваляе атрымліваць пенсію, яму заставалася два з паловай гады. Але ў сваім рашэнні Алег не сумняваўся: «Чаму ж прыняў такое рашэнне? Таму што заўсёды хацеў займацца палітыкай. Заўсёды».
«У праграмных дакументах вашай партыі ёсць шмат чаго супраць цяперашняга рэжыму. Напрыклад, ЛДПБ выступае супраць "тэндэнцыі ператварэння прэзідэнта ў манарха з неабмежаванай уладай"», - спыталі ў яго тады журналісты. «Я цалкам падзяляю ўсе праграмныя палажэнні партыі. Падпісваюся пад кожным словам, якое сказалі лідар партыі і Найвышэйшы савет. У нас - каманда, па-іншаму і быць не можа», - адказаў Гайдукевіч-малодшы.
Але гэта былі толькі прыгожыя словы - як мы ўжо адзначалі, ЛДПБ была абсалютна праўладнай арганізацыяй. У дзясятыя гады бацька з сынам выразна раздзялілі свае абавязкі. Гайдукевіч-старэйшы ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва і паступова ўводзіў у курс справы сына, які, нібы капіюючы Жырыноўскага, быў гатовы выступаць у медыя па любых пытаннях.
Зрэдку яго выказванні гучалі як апазіцыйныя. Напрыклад, у 2016-м палітык прапаноўваў спыніць фінансаванне БРСМ і «Белай Русі» («усіх разагнаць і забраць грошы»), а пасады намеснікаў па ідэалогіі расфармаваць. Але гэта быў класічны папулізм, бо ў астатнім ЛДПБ цалкам падтрымлівала дзейную ўладу.
Ягоныя выказванні пра палітычных апанентаў Лукашэнкі нярэдка былі дыскрэдытавальнымі і нічым не пацверджанымі. Напрыклад, у 2013-м Гайдукевіч-малодшы заявіў, што арганізатары Дня волі нібыта атрымалі ад Захаду 15 тысяч еўра на правядзенне вулічнай акцыі. «Дзесяць тысяч еўра яны падзялілі, а пяць тысяч пайшло на арганізацыю акцыі. Адпаведна, цяпер таму будзе рыхтавацца і "Чарнобыльскі шлях", каб атрымаць 15 тысяч: 10 забраць і тым самым даць справаздачу ў Еўропе пра правядзенне масавага мерапрыемства», - адзначыў ён. Ніякіх доказаў гэтага ён не прывёў.
У аргкамітэце Дня Волі гэтую заяву назвалі «відавочным трызненнем». «Калі ты прыйшоў у палітыку, то мусіш не блазна граць або папугая, а несці адказнасць за сказанае», - пракаментаваў гэтае выказванне палітык Анатоль Лябедзька (цяпер у камандзе Святланы Ціханоўскай).
У 2019 годзе бацька Алега пайшоў на пенсію і перадаў партыю сыну. Той пайшоў на выбары ў Палату прадстаўнікоў і адразу стаў дэпутатам, намеснікам старшыні камісіі па міжнародных справах. Нікога з дэмакратаў у той склад парламента не пусцілі.
Бацькаву традыцыю новы кіраўнік ЛДПБ вырашыў працягнуць і ў 2020-м: ён зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу на прэзідэнцкіх выбарах. Але патрэба ў яго паслугах спарынг-партнёра з нейкай прычыны адпала. 26 траўня ён заявіў, што здымаецца з выбараў: «Я лічу, што нельга дапусціць злому краіны. Я заклікаю ўсіх пайсці на выбары і прагаласаваць за дзейнага прэзідэнта. Гэта не 2010 год, калі ЛДПБ знялася з выбараў, назваўшы іх цыркам. Я не магу быць прастытуткай, я буду адстойваць свае перакананні. Я лічу, што мы мусім адстаяць сваю краіну і пасля выбараў пачаць рэформы. Усе кандыдаты, якія засталіся, акрамя дзейнага прэзідэнта, яны ўсе выступаюць за злом краіны. Нам не патрэбны Парашэнка, нам не патрэбны былы чыноўнік, нам не патрэбныя тыя, хто бегае па вуліцах і прапануе адабраць і падзяліць. Мы не падтрымліваем рэвалюцыю, рэвалюцыя - заўсёды кроў. Дзейны прэзідэнт - адзіны гарант адзінства краіны».
Адданасць ацанілі. 14 ліпеня былы патэнцыйны канкурэнт стаў даверанай асобай Лукашэнкі і ў гэтым статусе актыўна ўдзельнічаў у яго перадвыбарнай кампаніі. Напрыклад, 30 ліпеня прадстаўляў яго на дэбатах па тэлебачанні.
На іх кандыдат Сяргей Чэрачань папрасіў Гайдукевіча расказаць, калі ў Беларусі ЦВК і ўрад зробяць так, каб выбары былі «сумленнымі і адкрытымі». «Калі хтосьці на прэзідэнцкіх выбарах атрымае электаральную большасць, сфальсіфікаваць гэта немагчыма. Падабаецца каму ці не, але заўсёды раней выбары выйграваў Аляксандр Лукашэнка. Калі ў 2020 годзе хтосьці з кандыдатаў атрымае электаральную большасць, ён стане прэзідэнтам. Большасць [галасоў] сфальсіфікаваць немагчыма», - заявіў Гайдукевіч, хоць ніводныя прэзідэнцкія выбары (акрамя 1994 года, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады) не былі прызнаныя сусветнай супольнасцю дэмакратычнымі.
2020 год і «падпал» дома
А потым надышоў 2020 год: сур'ёзныя прыкметы фальсіфікацыі выбараў, масавыя мірныя пратэсты - і адказ у выглядзе жорсткага гвалту з боку ўладаў.
Гайдукевіч маўчаў увесь жнівень, але ўсё ж выказаўся 2 верасня. На сустрэчы з выбаршчыкамі ён прызнаўся, што яго жонка праплакала тры дні пасля таго, як убачыла, што рабілася ў краіне пасля дня выбараў, а некаторыя сябры выйшлі на першы нядзельны марш пратэсту: не за апазіцыю, а супраць гвалту. «І што, гэта ўсё ворагі? Але я супраць таго, каб лёс краіны вырашаўся на вуліцы», - падкрэсліў Гайдукевіч.
Ён заявіў, што не пакінуў без разгляду ні адзін зварот грамадзян па фактах гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў і звярнуўся з адпаведнымі запытамі ў МУС і Следчы камітэт. Палітык выказаў упэўненасць, што трэба рабіць больш: «Мы мусім стварыць камісію ў парламенце і разбірацца ў гэтым пытанні з удзелам зацікаўленых асобаў».
Дэпутат таксама пракаментаваў факт адсутнасці крымінальных справаў па факце збіцця ўдзельнікаў акцый пратэсту, у тым ліку тых, што прывялі да смерці. «Лічу, што цяпер мы мусім дачакацца вынікаў праверкі, якую вядзе міжведамасная камісія», - асцярожна адзначыў Гайдукевіч, пагадзіўшыся, што па факце крымінальную справу ўсё ж трэба заводзіць і ў яе рамках разбірацца.
Што да інфармацыі пра фальсіфікацыі, то Гайдукевіч, паводле яго ўласных словаў, адправіў усе атрыманыя ім паведамленні пра парушэнні ў ЦВК. Пры гэтым дэпутат быў перакананы, што Святлана Ціханоўская выбараў не выйграла.
Але ніводнай крымінальнай справы супраць сілавікоў так і не завялі, а Гайдукевіч не стаў гэтым абурацца. Можна дапусціць, што як мінімум часткова тыя падзеі маглі быць прычынай разводу з жонкай. Бо палітык пачаў верай і праўдай служыць рэжыму, які арганізаваў гвалт. Хоць сам Алег тлумачыў развод па-іншаму: «Жыў кар'ерай, быў недастаткова уважлівы да жонкі». Пры гэтым ён з гонарам дадаваў: «Сам як мужчына заўсёды стараўся даць сваёй сям'і матэрыяльны дабрабыт. У свой час бацька, калі разводзіўся, сышоў, захапіўшы мяне, шкарпэткі і фуражку. І я, калі развёўся са сваёй жонкай, узяў толькі сабаку».
Другую палову 2020 года ён знаходзіўся ў цені. Але пратэсты былі жорстка задушаныя. Варта было вызначацца, як жыць далей. Гайдукевіч зрабіў адназначную стаўку на максімальную падтрымку дзейнага рэжыму.
У канцы 2020 года ён разам са сваім начальнікам, кіраўніком камісіі па міжнародных справах Андрэем Савіных стаў ініцыятарам законапраекта пра замежных агентаў (своеасаблівай копіі аналагічнага расійскага закона), да якіх прапаноўвалі прыраўноўваць прыватныя асобы і арганізацыі, якія атрымлівалі фінансаванне з-за мяжы. Потым ад гэтай ідэі адмовіліся, але Гайдукевіч сваёй ініцыятывай па сутнасці апярэдзіў разгром недзяржаўнага сектара, які здарыўся ў наступным годзе.
У ліпені 2021-га палітык трапіў у цэнтр увагі з іншай прычыны. Гайдукевіч паведаміў, што ў яго дом кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю. «Ноччу ў мой дом, дзе жывуць мае дзеці, кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю! Першая бутэлька выбухнула! Дзякуючы шчаслівай выпадковасці ніхто не пацярпеў! Перакананы, мы знойдзем вінаватых. Вось такую дэмакратыю нам рыхтуюць», - напісаў ён у сацыяльных сетках і дадаў, што пацярпеў толькі кот - у яго нібыта абгарэў нос.
У рэальнасць гэтага эпізоду паверылі не ўсе. «Ён падабаецца Лукашэнку як чалавек, які даносіць да медыя правільныя тэзісы, фармулюе правільныя ідэі, можа падтрымаць сумнеўныя ініцыятывы, як у інцыдэнце з запальнай сумессю», - іранічна каментаваў асобу Гайдукевіча палітолаг Андрэй Казакевіч.
Але КДБ у выніку распачаў крымінальную справу па артыкуле 289 пра акт тэрарызму. У падрыхтоўцы і спробе падпалу дома дэпутата абвінавацілі сям'ю з Барысава: 54-гадовага Віталя Вайцяховіча, яго 47-гадовую жонку Вольгу, іх 26-гадовага сына Уладзіслава і 23-гадовую нявестку Анастасію. Барысаўчан назвалі выканаўцамі, якія працавалі на «замежных заказчыкаў за добрыя грошы».
З сюжэту, паказанага на дзяржТБ, высветлілася, што спецслужбы загадзя не паведамілі сям'і палітыка гэтую інфармацыю «з прычын канспірацыі». Аднак яны прынялі «вычарпальны пералік мераў, скіраваных на недапушчэнне знішчэння маёмасці Гайдукевіча, нанясення шкоды яго жыццю і здароўю». Да гэтага ж абвінавачання прывязалі і рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева - нібыта ён быў адным з заказчыкаў. Урэшце суд па справе «падпалу дома Гайдукевіча» прайшоў летам 2023 года. 18 абвінавачаным вынеслі суровыя прысуды - да 25 гадоў пазбаўлення волі. Усяго ж яны атрымалі амаль 240 гадоў калоніі на ўсіх (праўда, трое - завочна).
Падтрымка вайны і дыкпік
У 2022 годзе Расія напала на Украіну. Уварванне ажыццяўлялася ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. У першы ж дзень вайны Алег Гайдукевіч падтрымаў агрэсара.
«Беларусь і Расія хочуць міру, і Расія хоча міру. Усё, што робіцца, - для міру. Беларусь заўсёды гаварыла толькі пра мір. Уся інфармацыя пра ўварванне з боку Беларусі - гэта фэйкі, гэта ўсё хлусня. Беларусь усё робіць для міру. Рабіла, робіць і будзе рабіць», - заявіў палітык. Віну за расійскую агрэсію ён наогул усклаў на Украіну.
Праўда, пазней, у чэрвені 2022-га, ён прызнаўся, што ракетныя абстрэлы з боку Беларусі ўсё ж мелі месца. Але яго трактоўка шакавала: «Ляцелі [ракеты з Беларусі па тэрыторыі Украіны]. І добра, што ляцелі, - цынічна заявіў Гайдукевіч. - Чаму яны ляцелі? Мы што, бамбілі мірных жыхароў? Прэзідэнт не адзін раз на гэта адказаў. Не трэба баяцца адказваць на гэтае пытанне. Мы павінныя забяспечыць нацыянальную бяспеку нашай краіны. Была выразная інфармацыя, пра гэта прэзідэнт казаў на паседжанні Савета бяспекі, што ракеты ляцелі туды, адкуль ішла патэнцыйная пагроза нанясення ўдару па Беларусі. Мы гэтую пагрозу перадухілілі і паказалі, што калі будзе хоць найменшы намер на Беларусь, будзе адказ. Цяпер, бачыце, абстаноўка спакойная. Менавіта таму».
У чэрвені 2022 года ў складзе дэлегацыі сваёй партыі Гайдукевіч наведваў акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны нібыта з «гуманітарнай місіяй».
А мінулым летам падчас паседжання «Штаба патрыятычных сіл Рэспублікі Беларусь» ён прапанаваў зрабіць так, каб не ўхваленыя «зверху» людзі нават тэарэтычна не маглі балатавацца ў дэпутаты і прэзідэнты. «Для таго каб выбары праходзілі добра, не былі стрэсам для краіны і канкурэнцыя была лепшая, самае галоўнае - каб удзельнічалі сістэмныя палітычныя сілы», - сказаў тады парламентарый у каментары «Люстэрку».
Паступова Гайдукевіч ператварыўся ў аднаго з самых запатрабаваных спікераў дзяржСМІ. Рэсурс Media IQ вывучыў частату, з якой той ці іншы чалавек з'яўляўся на дзяржТБ у верасні 2023 года. На трэцім месцы аказаўся менавіта кіраўнік ЛДПБ. У вераснёўскіх выступах на тэлебачанні Гайдукевіч тройчы ўсхваляў народнае адзінства Беларусі і прысвечанае яму новае свята. У астатніх выпадках ён ухваляў палітыку Лукашэнкі, а таксама дыскрэдытаваў як дзяржавы Польшчу, Украіну, Еўрасаюз, ЗША, крытыкаваў беларускіх палітэмігрантаў.
Адно з пытанняў, якое ўвесь час хвалюе Гайдукевіча, - гэта сэкс. «Ну якая Прыбалтыка Еўропа? Я Вільнюс аб'ехаў увесь. Тры гей-клубы і "Акропаліс" з царквой. А выходзіш за цэнтр горада - там уся старая савецкая забудова, якую яны так ненавідзяць. А дзе новыя будынкі? Не хачу пакрыўдзіць літоўскі народ, я да яго вельмі добра стаўлюся, я сам вырас у Клайпедзе. У мяне там частка дзяцінства прайшла. Бацька быў вайсковец, і там была вайсковая частка», - нечакана заявіў ён у чэрвені 2022 года. Адкуль у дэпутата веды пра колькасць гей-клубаў, сам ён не ўдакладніў.
А ўжо ў верасні 2023-га ў тэлеграм-канале палітыка з'явілася фота эрэгіяванага мужчынскага пеніса. Тады дэпутат, каментуючы інцыдэнт, заявіў «Люстэрку», што яго рэсурс ўзламалі «нядобразычліўцы». Кіраўнік ЛДПБ таксама заяўляў, што інтымнае фота ў сваім канале выклаў не ён, «полавыя органы» на здымку - не ягоныя і што такая публікацыя з яго боку «ніколі не магла быць праўдай». Дэпутат называў тое, што адбылося, правакацыяй, падманам і хлуснёй, але не ўдакладніў, каму гэтыя дзеянні былі выгадныя. Зрэшты, паабяцаў даведацца, «хто ўзломваў, адкуль фатаграфіі якія браў і куды размяшчаў», звярнуўшыся ў міліцыю.
Неўзабаве «Люстэрка» зноў звярнулася да палітыка з просьбай пракаментаваць інцыдэнт. «Вось пра пісюны мне гаварыць нецікава. Калі трэба будзе, калі палічым патрэбным, усё скажам. Калі гэта будзе дарэчы і калі будзе трэба гэта казаць», - сказаў Гайдукевіч.
Але тэма сэксу не адпускала - і зусім хутка дэпутату зноў стала цікава размаўляць пра «пісюны». 23 снежня 2023-га Гайдукевіч заявіў на з'ездзе партыі наступнае: «Столькі бруду [на мяне] вылілі - яшчэ выбары не пачаліся. Адзін бруд, хлусня. Пра мяне за гэтыя чатыры гады напісалі ўжо не ведаю пра што. Нават полавыя органы мае абмяркоўваюць. Але я ім адказаў: нават мой полавы орган выйграе ў вас выбары! Нават ён! На любых выбарах».
Найбліжэйшая будучыня Гайдукевіча зразумелая. Ён ужо зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу і відавочна збіраецца трапіць у парламент новага склікання. У краіне засталося ўсяго чатыры партыі (у тым ліку і ЛДПБ). Будзе вельмі дзіўна, калі Гайдукевіч-малодшы застанецца за бортам.
Але ён ужо зазірае за гарызонт. У лістападзе 2023 года кіраўнік ЛДПБ адзначыў, што блізкія выбары будуць для Беларусі не самымі небяспечнымі. «Значна больш небяспечныя выбары для нашай краіны і Расіі - гэта 2030−2035 гады, 2040 год. Я палітык, я мушу глядзець наперад. Будзе змена элітаў па ўсіх напрамках. Будуць прыходзіць маладыя кіраўнікі. І вельмі важна, хто прыйдзе», - заявіў ён.
Нагадаем, у Беларусі ў 2030, 2035 і 2040 гадах мусіць будуць прайсці прэзідэнцкія выбары. У 2030-м Аляксандру Лукашэнку будзе 76 гадоў. Мяркуючы з усяго, пад «маладымі кіраўнікамі», якія выставяць сваю кандыдатуру ў тыя гады, Алег Гайдукевіч, што не хавае сваіх палітычных амбіцый, мае на ўвазе і сябе.
Чытайце таксама