Чаму ўлады забралі ў беларусаў магчымасць атрымліваць пашпарты за мяжой? «Люстэрка» спытала дэпутатаў парламента
6 верасня 2023 у 1694002860
«Зеркало»
Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога беларусы больш не змогуць атрымаць пашпарты або падоўжыць тэрміны іх дзеяння за мяжой. Паўнамоцтвы на гэтыя працэдуры ў беларускіх дыпмісій забіраюць. Чаму ўлады вырашылі абавязаць людзей вяртацца на радзіму, каб зрабіць дакумент, «Люстэрка» вырашыла спытаць у дэпутатаў парламента.
«Пашпарты, калі ёсць беларускія, павінныя цаніць, скарыстацца імі і вярнуцца на радзіму»
Першаму журналістка «Люстэрка» патэлефанавала экс-старшыні «Белтэлерадыёкампаніі» і грамадскага аб'яднання «Белая Русь», дэпутату Генадзю Давыдзьку. Ён узначальвае Пастаянную камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. Журналістка папрасіла дэпутата пракаментаваць сітуацыю як супрацоўніцы «Люстэрка» ці як звычайнай грамадзянцы Беларусі.
- Вы працуеце не на нас, таму я адказваць ні на што не буду, - адразу адмовіўся той размаўляць.
- Мы працуем для беларусаў. Людзі цяпер вельмі ўсхваляваныя, многія не могуць проста патэлефанаваць вам і задаць гэтыя пытанні. Можа, дзеля іх вы з намі пагаворыце?
- Я не магу вам каментаваць, бо я не ўпэўнены, што вы будзеце адкрытыя і аб'ектыўныя. Вы абавязкова ўсё гэта будзеце выкарыстоўваць у рамках той ідэалогіі, ад якой вы фінансуецеся. Вы працуеце на чужую ідэалогію. І тыя людзі, якія хочуць вярнуцца, яны заўсёды могуць вярнуцца. Для гэтага ў нас ёсць інструменты. Калі ніхто не здзяйсняў ніякіх злачынстваў, правапарушэнняў, дзверы для іх заўсёды адчыненыя. І пашпарты ў іх, калі ёсць беларускія, - яны павінныя іх цаніць, скарыстацца імі і вярнуцца на радзіму. Калі трэба - адбыць пакаранне і нармальна працаваць у свабоднай, справядлівай і чыстай, мірнай краіне.
- Я магу паказаць вам перад публікацыяй вашыя адказы.
- Я не буду з вамі супрацоўнічаць. Вы працуеце не на радзіму, і не на людзей, і не на патрыётаў! Вы працуеце на развал краіны! Няўжо вы не адчуваеце, якое заданне ў вашай рэдакцыі?
- У нас няма задачы развальваць краіну.
- І мы чытаем ваш рэсурс. На жаль, - перабіў Давыдзька і працягнуў свой маналог. - Я ж медыйны чалавек, бачу, як вы ўсе падаяце матэрыялы! Пад выглядам аб'ектыўнасці спрабуеце выконваць адну задачу: пасеяць разлад унутры краіны. Пасеяць сумневы ў правільнасці рашэнняў. [Калі дам вам каментар], усё роўна гэта будзе працаваць на папулярнасць рэсурсу! Гэта ілюзія вашай аб'ектыўнасці, плюралізму меркаванняў і гэтак далей!
Перастаньце мне тэлефанаваць! Я [вас] не паважаю! Больш за тое, я асуджаю вашае супрацоўніцтва з гэтым сродкам масавай інфармацыі або дэзінфармацыі. Таму да пабачэння. Забудзьце мой нумар, калі ласка, - эмацыйна адказаў дэпутат і паклаў трубку.
«Нельга вам інтэрв'ю! Вы ж усе - у турму вас»
Спытаць, чаму нават тыя беларусы, хто з'ехаў з краіны даўно і не ўдзельнічаў у пратэстах, не выказваўся супраць улады, цяпер будуць вымушаныя марнаваць час і грошы на паездку, каб зрабіць дакументы менавіта ў Беларусі, журналістка спрабавала і ў «Міс Беларусь - 2018», дэпутаткі парламента Марыі Васілевіч. Як і Давыдзька, яна таксама сябра Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ і параіла звярнуцца да дэпутата па прапісцы альбо звязацца падчас жывой лініі, прыйсці на прыём асабіста.
- Цяпер, на жаль, няма магчымасці вам даць каментар па тэлефоне. Час прыёму, калі вас цікавіць мой асабісты, - кожная другая серада з 16 да 18 вечара.
- Чаму вы адгароджваецеся ад непасрэднай камунікацыі? Я вам ужо патэлефанавала, вы можаце проста адказаць на пытанні. Ці абавязкова патрэбная гэтая бюракратычная сістэма?
- Спадзяюся, вы мяне пачулі. Калі ў вас ёсць такі запыт - радая буду вам дапамагчы ў тых фарматах, якія ўстаноўленыя, - паўтарыла Васілевіч.
Алег Гайдукевіч, чалец Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, спачатку пагадзіўся пагаварыць з журналісткай, але з агаворкай: «Я вам адкажу, але як грамадзяніну! Нельга вам інтэрв'ю! Вы ж усе [журналісты «Люстэрка"] - у турму вас», - у звыклай манеры адказаў па тэлефоне дэпутат. Яшчэ ў аўторак днём ён паабяцаў адказаць на пытанні пасля нарады, а пасля зноў адкладаў размову, спаслаўшыся на тое, што вывучае нарматыўную базу.
У сераду мы яшчэ некалькі разоў папрасілі ў Гайдукевіча каментар, але ўсярэдзіне дня ягоная памочніца паведаміла, што ён выкладзе яго ў сваім тэлеграм-канале, «можа, цягам сутак-двух».
Чытайце таксама