У Мінску АМАП са стралянінай затрымліваў падазраванага ў забойстве, які хаваўся тры гады. Мужчына загінуў
13 жнiўня 2024 у 1723568100
«Зеркало»
Сілавікі затрымалі ў Мінску падазраванага ў забойстве, учыненым у лістападзе 2021 года на сталічным праспекце Ракасоўскага, паведамілі ў МУС. Гаворка пра 33-гадовага Аляксандра Ліпскага, якога шукалі разам з маці. Мужчына загінуў у выніку перастрэлкі.
Затрымлівалі падазраванага супрацоўнікі сталічнага крымінальнага вышуку з сілавой падтрымкай АМАП.
«Падчас затрымання мужчына аказаў супраціў і адкрыў агонь па супрацоўніках міліцыі. У адказ была выкарыстаная зброя, з раненнем ён дастаўлены ў медустанову», - паведамілі ў МУС.
Пасля там праінфармавалі, што мужчына загінуў.
«У момант затрымання зламыснік аказаў супраціў і адкрыў агонь па супрацоўніках міліцыі. Для яго абясшкоджання выкарысталі табельную зброю. Мужчына ліквідаваны. Супрацоўнікі міліцыі не пацярпелі», - паведаміў намеснік начальніка ГУУС Мінска Максім Гамола.
Як запэўнілі ў МУС, «дзякуючы прафесіяналізму байцоў АМАПа больш ніхто не пацярпеў».
Удакладняецца, што гаворка пра 33-гадовага Аляксандра Ліпскага. Паводле звестак следства, ён у лістападзе 2021 года ўвечары ўварваўся ў кватэру на праспекце Ракасоўскага і некалькі разоў стрэліў у 33-гадовую жанчыну - тая загінула. З гэтай жа зброі нападнік паспрабаваў забіць яе мужа, які таксама знаходзіўся ў кватэры, - той паспеў выскачыць з пятага паверха.
Шукалі Ліпскага разам з 63-гадовай маці: меркавалася, што тая хаваецца разам з сынам.
У ведамстве дадалі, што ў жніўні 2024-га атрымалі інфармацыю пра месцазнаходжанне бацькі Ліпскага, а пасля высветлілі і магчымы адрас яго самога.
На месца здарэння выязджаў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.